Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэвальвацыя спустошвае рублёвыя дэпазыты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі рубель страчвае пазыцыі на фоне аслабленьня расейскіх грошай, да якіх у валютным кошыку ён прывязаны ў найбольшай ступені.

Напярэдадні беларуская разьліковая адзінка скарыла чарговую псыхалягічную адзінку ў 16 000 за даляр і працягвае губляць пазыцыі. Сёньня некаторыя камэрцыйныя банкі прымаюць амэрыканскі даляр за 16 450 рублёў, эўра — за 18 200.

Істотнае абясцэньваньне зьберажэньняў прымушае навучаных папярэднімі дэвальвацыямі беларусаў рабіць высновы і тэрмінова канвэртаваць уклады. Не спакушаюць нават досыць высокія стаўкі па рублёвых дэпазытах — 25% па кароткатэрміновых укладах і 30% пры ўмове захаваньня грошай у банку даўжэй за год. Людзі гатовыя ахвяраваць дывідэндамі, пераводзячы ўклады ў валюту пад максымальныя 4,3% на тэрмін да году.

У адным з аддзяленьняў «Беларусбанку» у спальным раёне Менску мужчына сталага веку пераафармляе свой рублёвы «капітал» у валютны. Кажа, што спраўна папаўняе рахунак з пэнсіі, каб мець «падушку бясьпекі» на «чорны дзень». Але пасьля таго, як за паўгода рубель ад 10 000 абваліўся больш чым напалову, ён зрабіў адпаведныя высновы:

«Калі ўжо пераваліла за 16 000, то лепш перастрахавацца, чым потым кусаць локці. У мяне сума невялікая, пасьля канвэртацыі атрымалася дзесьці крыху больш за 1 500 даляраў. Але за гэтыя грошы я, прынамсі, спакойны, хай сабе і менш працэнтаў будзе зьверху „капаць“. Дый ня думаю, што на гэтым усё спыніцца — у Расеі рубель валіцца, нафта таньнее, з чаго раптам нашаму ўмацоўвацца? А даляр — правераны, што зь ім станецца? Толькі здаравее!».

Зрэшты, ёсьць і іншы, куды больш даступны варыянт забесьпячэньня фінансавых гарантыяў: малады чалавек у іншым акенцы рублі, толькі што зьнятыя з дэпазыту, тут жа канвэртаваў у наяўныя даляры.

Як кажуць экспэрты, у міждэвальвацыйны пэрыяд тэрміновыя рублёвыя дэпазыты зьяўляюцца для насельніцтва самым прыбытковым фінансавым інструмэнтам. Так, паводле дадзеных за ліпень, на банкаўскіх укладах разьмяшчалася рублёў больш чым на 2 мільярды 200 мільёнаў у даляравым эквіваленце. Аднак ва ўмовах, калі хуткасьць аслабленьня рубля ў адносінах да стратэгічнай валюты перавышае працэнтны прырост сумы ўкладу, прывабнасьць падобных спэкуляцый зьнікае.

Адсюль і новая тэндэнцыя: паводле падлікаў эканамістаў, ад трохразовай дэвальвацыі 2011 году намінальны аб’ём тэрміновых укладаў насельніцтва ў замежнай валюце вырас больш чым удвая: ад 3 мільярдаў 600 мільёнаў даляраў да рэкордных 7 мільярдаў 700 мільёнаў на канец ліпеня 2015-га. І працэс будзе толькі набіраць абароты.

Па выніках жніўня фінансавыя аналітыкі прагназуюць датэрміновае зьняцьце сродкаў з рублёвых укладаў, якое можа стацца самым значным ад пачатку году. Прычым адмоўныя тэндэнцыі для фінансавай сыстэмы тычацца як паскарэньня тэмпаў спустошваньня рахункаў, так і скарачэньня прытоку новых кліентаў.

Эканаміст Сяргей Балыкін ня бачыць перадумоваў, якія б маглі парушыць падобны расклад. Найперш гэта выклікана татальнай залежнасьцю беларускай эканомікі ад расейскай, якая ўсё больш заглыбляецца ў крызыс. Адпаведна, слабы расейскі рубель будзе цягнуць за сабой і беларускі:

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

«Расея — наш асноўны гандлёвы партнэр: мы набываем там сыравіну і туды ж імкнемся прадаваць нашыя тавары. Вось каб было наадварот — набывалі б у Расеі сыравіну, а тавары прадавалі б за цьвёрдую валюту — тады нам было б выгаднае падзеньне расейскага рубля. Таму што ў такім разе мы атрымлівалі б больш валюты. І нават каб у Беларусі быў расейскі рубель, але мы гандлявалі з Захадам, то мелі б пэўную маржу ад таго, што расейская сыравіна таньнее. А з-за таго, што мы прадаём свой тавар у Расеі, і з-за таго, што расейскі рубель таньнее, нашая прадукцыя губляе ў канкурэнтаздольнасьці, паколькі расейскія тавары таксама таньнеюць. З гэтай прычыны беларускі рубель таксама змушана дэвальвуе сьледам за расейскім. Будзе гэтая дэвальвацыя плаўнай, ці будзе яна адначасовай — гэта ўжо пытаньне насамрэч тэхнічнае. Але беларускі рубель будзе вымушаны падаць».

Пераваліўшы на пачатку тыдня за адзнаку ў 16 000, рубель два дні запар істотна страчвае пазыцыі: 18 жніўня па выніках біржавых таргоў ён абваліўся адразу на 235 пунктаў да папярэдняга паказьніку, сёньня — яшчэ на 164. Агулам да 16 423 рублёў за 1 даляр. Эўра скарыў плянку ў 18 000 і зафіксаваўся на лічбе ў 18 198 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG