Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: Беларускаму рублю яшчэ ляцець і ляцець. Уніз


Беларускі рубель яшчэ не дасягнуў дна, і немагчыма прадказаць, калі падзеньне спыніцца. Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты.

У жніўні пачалася новая хваля дэвальвацыі беларускага рубля. За апошнія 15 дзён даляр дасягнуў дзевяці гістарычных максымумаў і вырас на 1 077 рублёў, эўра дасягнуў чатырох гістарычных максымумаў і вырас на 1 334 рублі. Такім чынам, з 4 жніўня рубель дэвальваваў на 7% адносна даляра і амаль на 8% адносна эўра.

Агулам са сьнежня 2014 году беларускі рубель абясцэніўся амаль на 50%.

Кіраўнік Аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук упэўнены, што дэвальвацыя беларускага рубля будзе працягвацца, і калі падзеньне спыніцца прадказаць немагчыма.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Калі спыніцца падзеньне рубля? Не пры жыцьці гэтай улады, якая дагэтуль не разумее, ад чаго залежыць курс і інфляцыя (нагадаю, што Беларусь зьяўляецца сусьветным лідэрам па ўзроўні інфляцыі). Безумоўна, ёсьць чыньнікі, якія ўплываюць на рубель — гэта і дэвальвацыя расейскага рубля, і тое, што ў нас валютная выручка ўпала на 5 мільярдаў даляраў. Але прафэсіяналы для таго і існуюць, каб адаптаваць грашовую палітыку да гэтых зьнешніх і ўнутраных чыньнікаў. Але гэтага прафэсіяналізму нашым уладам не хапае, таму ляцець яшчэ беларускаму рублю уніз і ляцець», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода экспэрт.

Раманчук канстатуе, што новая хваля дэвальвацыі пачалася ўжо падчас выбарчай кампаніі, калі звычайна ўлады стараюцца стварыць у насельніцтва як мага больш пазытыўныя ўражаньні ад сацыяльна-эканамічнага становішча краіны. Але чаму сёньня ўлада не стрымлівае курсы валют штучна?

На думку кіраўніка Аналітычнага цэнтру Мізэса, з аднаго боку справа ў тым, што ў кіраўніцтва Беларусі няма рэсурсаў для гэтага. Зь іншага боку, наступствы штучнага стрымліваньня курса могуць быць яшчэ больш цяжкімі для краіны:

«Стрымліваць штучнымі мэтадамі вельмі дрэнна, хаця я думаю, што і так ідзе пэўны ціск, каб курс даляра не павышаўся яшчэ больш. Справа ў тым, што калі сёньня заціскаць, то пасьля 11 кастрычніка будзе зусім дрэнна — будзе дэжавю 2011 году».

Пры гэтым, як адзначае Раманчук, у рыторыцы ўладаў цяпер заўсёды гучаць дзьве асноўныя тэзы:

«Па-першае, міністэрства эканомікі і савет міністраў кажуць, што халява скончылася, і гэта перш за ўсё адрасавана звычайным людзям. Па-другое, Лукашэнка вельмі моцна ўбівае ў галаву беларусаў, што ўсё, што дрэннага адбываецца ў Беларусі, — гэта толькі выключна зьнешнія чыньнікі, вайна, сусьветны крызіс і г.д. А беларусы і вераць у тое, што гэта ня ўлада так дрэнна працуе, а гэта зьнешнія сілы ў гэтым вінаватыя».

Паводле прагнозаў Раманчука, празь месяц курс даляра будзе на ўзроўні 17-17,5 тысяч рублёў.

Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі лічыць, што жнівеньскую хвалю дэвальвацыі выклікала падзеньне расейскага рубля.

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі

«У апошні час, асабліва ў апошнія два месяцы, дастаткова інтэнсіўна занепадаў расейскі рубель, і таму адбывалася нават пэўнае ўмацаваньне беларускай валюты супраць расейскай, аднак у дадзены момант гэта наўрад ці можна назваць пазытыўнай тэндэнцыяй для нашай эканомікі. Таму паслабленьне рубля напрошвалася, асабліва калі стала зразумела, што паслабленьне расейскай валюты — гэта ня нейкая валацільнасьць, а даволі ўстойлівая дынаміка. Таму Нацбанк, напэўна, для таго, каб не паўтараць памылкі 2014 году, прыняў рашэньне аб некаторым паслабленьні нацыянальнай валюты. Колькі гэтае паслабленьне будзе працягвацца? Думаю, гэта будзе залежаць ад дынамікі расейскага рубля, а ён у сваю чаргу цяпер вельмі моцна прывязаны да коштаў на нафту, якія пакуль працягваюць падаць — яны знаходзяцца ва ўстойлівым сыходным трэндзе. Такім чынам, як доўга гэта падзеньне працягнецца, спрагназаваць вельмі складана, але думаю, што пакуль будуць падаць цэны на нафту, пакуль будзе слабець расейскі рубель, то і беларускаму рублю адчуваць сябе дастаткова ўпэўнена не давядзецца», — заявіў ён Радыё Свабода.

Пры гэтым Палхоўскі не прагназуе маштабнай хвалі ажыятажу на пакупку валюты сярод насельніцтва:

«Мне здаецца, што цяпер насельніцтва занятае іншымі праблемамі, ды й свабодных грошай у іх менш. Я думаю, што ажыятажу, накшталт таго, які мы бачылі ў сьнежні, мы наўрад ці зараз убачым, калі толькі беларускі рубель зноў не ўмацуецца да 200 рублёў за расейскі рубель, што мы бачылі ў сьнежні. Пакуль гэтага ня будзе, пакуль, напрыклад, купля аўтамабіляў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ня будзе выглядаць надзвычай прывабнай ідэяй, то і такога ажыятажнага попыту на валюту ня будзе».

Палхоўскі прагназуе, што на працягу месяца падзеньне расейскага рубля прыпыніцца на ўзроўні 65-70 рублёў за даляр, таму і курс даляра адносна беларускага рубля будзе вагацца на ўзроўні 16-17 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG