Найперш дзяўчына хоча выдаць такім чынам зборнік казак свайго бацькі «Дзінь-дзілінь».
У інтэрвію Свабодзе Паўліна Вітушчанка распавядае, якія літаратары далучыліся да праекту і чаму кнігі для невідушчых — гэта толькі маленькі складнік інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ў грамадзтва.
— Паўліна, распавядзіце пра сваю ініцыятыву, якую вы прымеркавалі да 50-годзьдзя свайго таты.
— Сэнс праекту ў тым, каб выдаць некалькі дзіцячых кніг шрыфтам Брайля, выдаць некалькі аўдыёкніг, зладзіць імпрэзы ў дзіцячых дамах-інтэрнатах. Ёсьць спадзяваньне, што пакрысе гэта стане традыцыяй: выдаў кнігу — і адразу начытаў яе ў аўдыёфармаце. Гэта вельмі патрэбна. Вельмі радуе, што літаральна за пару дзён пасьля анансаваньня праекту ўжо далучыліся дызайнэры, ілюстратары, людзі з прыемнымі галасамі, гатовыя начытваць аўдыёкнігі. Пакрысе далучаюцца беларускія літаратары — на чытаньне сваіх вершаў пагадзіліся Андрэй Хадановіч і Тацяна Скарынкіна. Такім чынам, праект ужо выйшаў за рамкі праекту толькі для дзетак, што таксама вялікая радасьць.
— Якія кнігі выйдуць для невідушчых?
— Справа ў тым, што выдаваць кнігі шрыфтам Брайля — вельмі небюджэтная справа. Таму пакуль ня маю канкрэтыкі па колькасьці і па назвах. Вядома, вельмі б хацелася выдаць кнігу казачак, якую напісаў бацька — «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». Але пакуль толькі зьбіраем ідэі, як гэта можна зрабіць. Таму аўдыёкнігі зьявяцца значна хутчэй, чым кнігі на шрыфце Брайля, — ужо цягам месяца-двух.
— Чаму вам цікава займацца праектам, зьвязаным з праблемай абмежаваньняў, зь якімі сутыкаюцца невідушчыя людзі?
— Відаць, таму, што сама мела досьвед назіраць за жыцьцём у цемры, за тымі праблемамі, зь якімі сутыкаўся мой тата Сяржук Вітушка пасьля страты зроку. Я ўяўляю, зь якімі складанасьцямі сутыкаюцца такія людзі, і ведаю, як можна дапамагчы пераадолець такія гэтыя складанасьці. Я спадзяюся, што ідэя з кнігамі — гэта толькі пачатак. Вельмі хочацца не абмежавацца толькі гэтым. Спадзяюся, што будуць іншыя праекты падобнай тэматыкі.
— Чаму гэта важна?
— Праблема ж ня ў тым, што, напрыклад, няма кніжак на Брайлі. Праблема ў тым, што людзі з абмежаванымі магчымасьцямі абсалютна не інтэграваныя ў соцыюм у Беларусі. І гэта насамрэч страшна. Мы вельмі рэдка бачым невідушчых на вуліцы. Чаму? Хіба Менск толькі для здаровых і маладых? А людзей з абмежаваньнямі шмат. На жаль, найбольш камфортна ім у сваіх кватэрах. Наша галоўная задача — гэта інтэграцыя. І тут патрэбныя, вядома, ня толькі кніжкі, але і адмысловыя сьвятлафоры з гукавым сыгналам, патрэбныя прыстасаваныя згладжаныя бардзюры і шмат чаго іншага.