Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Медиазона» апублікавала імя беларуса, якога вінавацяць у арганізацыі нападу на расейскага апазыцыянэра Волкава


Леанід Волкаў
Леанід Волкаў

Выданьне «Медиазона» апублікавала прозьвішча грамадзяніна Беларусі, арыштаванага ў Польшчы за арганізацыю нападу на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава. 

Паводле выданьня, якое спасылаецца на дзьве крыніцы, «знаёмыя з ходам расьсьледаваньня», гэта раней судзімы за махлярства Віктар Павелка. Нацыянальная пракуратура Польшчы пацьвердзіла, што па справе затрымалі грамадзяніна Беларусі на імя Віктар П. і што яму прад’яўленыя тры абвінавачаньні, у тым ліку арганізацыя нападу паводле палітычных матываў, піша «Медиазона».

Напад на Волкава адбыўся сёлета 12 сакавіка каля ягонага дома ў Вільні. Усяго ў справе аб нападзе на Волкава, як паведаміла польская пракуратура, восем фігурантаў: шэсьць грамадзян Польшчы, адзін грамадзянін Расеі і адзін грамадзянін Беларусі. Да гэтага было вядома толькі імя аднаго затрыманага — расейскага юрыста Анатоля Блінава. Яго расейскі «Фонд барацьбы з карупцыяй» (ФБК) называе арганізатарам нападу.

Празь месяц пасля збіцьця Волкава ў Вільні прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў пра затрыманне беларуса, які наняў дваіх выканаўцаў-палякаў. Тады Туск не назваў імя беларуса.

ФБК заяўляе, што замах на Леаніда Волкава 12 сакавіка 2024 году быў замоўлены саўладальнікам кампаніі «ЮКОС» Леанідам Неўзьліным, які даручыў юрысту Блінову ўсё арганізаваць. Неўзьлін, у сваю чаргу, яшчэ 5 жніўня накіраваў у літоўскую паліцыю заяву, у якой сьцьвярджае, што Бліноў наўмысна стварае ўражаньне, што за нападам на Волкава стаіць ён (Неўзьлін).

Падчас нападу на Волкава злачынца разьбіў шкло ў машыне, распыліў сьлезацечны газ і зьбіў расейскага апазыцыянэра малатком, у выніку чаго ў мужчыны была зламаная рука.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG