Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кісялі. Радавое гняздо Сержука Вітушкі


Са здымку, датаванага 19-м жніўня 1979 году, на нас глядзяць пажылая кабета з усьмешлівым позіркам і сьветлы прыгожы юнак. Бабуля і ўнук. Вольга Кулаковіч і Сяргей Вітушка. Яшчэ не Сяржук, яшчэ ня лідэр «Талакі», яшчэ не пісьменьнік і не грамадзкі дзеяч. Але ўжо беларус. Тысячы беларускіх дзяцей праводзілі свае летнія вакацыі ў вёсках. Дзе яшчэ жыла чысьцюткая мова, дзе яшчэ памяталіся старадаўнія песьні. Але чаму далёка ня ўсе маглі ацаніць каштоўнасьць тых словаў?

Кісялі. Лета. Збан малака.
Ліецца ўспамінаў маіх рака.
Той час такі дарагі —
Малочныя рэкі, кісельныя берагі.

Успамінае Сержукова сястра Ларыса Вітушка.

— Мы ня езьдзілі ні ў якія піянэрскія лягеры. Мы езьдзілі ў вёску. Там жыла бабуля, маміна сястра Марыя. Побач бацькава вёска. Яе спалілі ў 43-м годзе. Там ужо нікога не было. Усе ў Менск пераехалі. Мы ўсё лета былі ў Кісялях. Была чыстая мова. Дапамагалі ўсім, што ўмелі. Хадзілі ў грыбы, у ягады. На рыбу Сяргей хадзіў з хлопцамі. Цяпер вёска вымірае. Гэта было жыцьцё. Гэта было вельмі важна. І бабуля наша была... Сяргей у талакоўскія часы спрабаваў запісваць на магнітафон «Вясна». Яна столькі песень ведала, столькі прыказак, прымавак. Гэта ўплывала вельмі. Калі ты жыў у гэтай стыхіі, гэта ўсё тваё.

Я сяджу ў той хаце, каля якой быў зроблены той здымак. Разам з маці Сержука — Тамарай Вітушкай і цёцяй Марыяй. Для цёці Марыі Сяргей быў найперш спраўным памочнікам.

— Што гаварылі, тое і рабіў. І сена дапамагаў. Шэсьць чалавек іх было.

Пані Тамара паказвае мне сямейную рэліквію, клубок нітак, якія прала яе маці Вольга. Ані вузельчыка.

У сялянскім побыце Сяргея цікавіла літаральна ўсё. Кожнае слова і паняцьце.

— Усё яго цікавіла. Ідзем на работу. І як называліся ўсе прадметы. І ўсе дзеяньні. І як тая печ, і дзе што як называлася.

Ужо малыя былі павінны
Умець каня запрэгчы ў драбіны.
Аброць, хамут, падпінак, набераткі...
І не марудзіць. Зь сябрамі навыперадкі.
І што за чым, трэба добра знаць,
Каб жа сябе не захамутаць.
Аглоблі, гужы, дугу прыстроіць.
Ага, не забыцца ж засупоніць
І не забыцца закілзаць.
Тады, як дарослы, на возе стаць,
Узяць у рукі даўгія лейцы —
Грыміце капыты,
Грымі, маё сэрца.

— А вы зь дзецьмі ў садку гаварылі па-беларуску?

— Не ламаўся ў мяне язык. Сказаць па-расейску чыста я не магу. А гаварыць як «дзярэўня», каб рэзала табе вушы, я таксама не скажу.

Для таго каб адчуць сябе беларусам, мова не павінна быць ні таямнічым скарбам, які нельга паказваць чужынцам, ні адзнакай сялянскасьці, якую трэба схаваць у горадзе. Мова павінна быць натуральная, як паветра. Слова пані Ларысе.

— Беларусамі мы былі заўсёды ў нашай сям’і. Бо па-беларуску гаварылі і маці, і бацька. І гэта не была трасянка. Гэта была беларуская мова. Адна наша цёця была настаўніцай, другая працавала ў музэі Янкі Купалы ў Вязынцы. Сяржук быў у дзяцінстве спакойны, ціхі і вельмі многа чытаў. Захапіўся Караткевічам. І, як ён мне сам расказваў, паваротным момантам стаў для яго дзень, калі Караткевіча ня стала. У галаве ў яго ўжо ўсё было складзена, але тады ён вырашыў — буду гаварыць па-беларуску паўсюль. І вось тады ён загаварыў. А ў хаце мы як гаварылі, так і гаварылі. Можа, гледзячы на яго, сталі гаварыць лепш? Чысьцей. Гледзячы на яго.

— Гэта яму было 19 гадоў.

— Ён ужо скончыў школу. Ён вучыўся ў вучэльні электронікі. Ён захварэў на цукрыцу ў 15 гадоў. А пасьля школы яму не дазволілі паступіць у ВНУ. Не далі даведкі. Маўляў, вучыцца цяжка. А працаваць можна.

Кісялі
Кісялі

Дадае маці.

— Маўляў, ты скончыш унівэрсытэт і, можа, будзеш начальнікам. І можа быць кома.

— Лепей на заводзе стаяць. Яму не далі даведкі. І ён паступіў у вучэльню ад «Інтэграла». Працаваў наладчыкам. А потым усё роўна ж паступіў. А ў вучэльні быў выкладчык Пятро Жаўняровіч. Таксама захоплены Караткевічам. І суполка свая была.

Начытаўшыся кніжак па гісторыі,
Мы пра замкі, пра рыцараў мроілі.
Начытаўшыся падручнікаў па геаграфіі,
Мы усе ваколіцы аблазілі.

— Я на філфак пайшла, бо дома ўсё было беларускае. І была мара працаваць у музэі Купалы. Там цёця працавала. Там жа такое месца! Там так цікава! Прычым вучылася на завочным. Паралельна была «Майстроўня». А мы, завочнікі, пра гэта нічога ня ведалі. Як цяпер памятаю. Еду і чытаю: «Беларуская Майстроўня ладзіць сьвята». І такое дзіва! Слова «майстроўня» ў вочы кідаецца. Бо мы ведаем слова «майстэрня».

Начытаўшыся падручнікаў па астраноміі,
Мы зь дзяўчатамі да зорак прастойвалі.
Начытаўшыся падручнікаў роднай мовы,
Говорили правильно, по-городскому.

— Калі ў транспарце едзеш і пачуеш голас беларускі, дык будзе нехта свой. Так нас было мала. Але цяпер і ня помніцца тая агрэсія. «Па-чалавечаскі гаварыце». Было. Але ж мы тады былі маладыя. Мы ведалі тады, што маем рацыю. Мы навучаліся ўсяму. Столькі ў «Талацэ» цікавых лекцый было. Да нас прыходзілі людзі старэйшыя, разумнейшыя і расказвалі тое, чаго нам у школе не расказалі. Спазнавалі гэты сьвет і ведалі, што праўда на нашым баку.

У 83-м годзе загінуў бацька Сяргея, Уладзімір. Падчас будаўніцтва гаража на яго зваліўся пад’ёмны кран. І Сяргей стаў адзіным мужчынам у сям’і.

— Калі мы сталі талакоўцамі. Сяргей мой малодшы брат, але для мяне ён быў як старэйшы. Бацькі на той час ня стала. Ён трагічна загінуў у 83-м годзе. Усё лягло на маміны плечы. А для мяне, так атрымалася, Сяржук усё ведаў. Як рабіць, што рабіць. Я ішла за ім. Мяне ў «Талацэ» так і ўспрымалі. Як малодшую сястру Сержукову.

Бацька мяне навучаў —
Вазьмі там, дзе паклаў.
Як я гэта успамінаў,
Калі потым шчасьце шукаў.
А ня трэба было шукаць,
Тое шчасьце.
Трэба было зрабіць
І на месца пакласьці.

Вёска Кісялі — апошняе паселішча на савецкім баку перад старой польскай мяжой.

— Тут недалёка была мяжа. А гэтая вёска ў 30-я гады не пацярпела?

— Было. Многа людзей забралі.

— А ваша сям’я?

— Выслалі дзедавага брата. Бо ён служыцель быў у царкве. Бацькаву сястру выслалі. Яна там і засталася жыць. У Архангельску.

Бываючы ў Вільні і часам заходзячы да Вітушкі, ужо глыбока хворага, сьляпога чалавека, кожнага разу дзівіўся. Наколькі не дае ніякай нагоды сябе пашкадаваць гэты цікаўны, жывы, гумарны чалавек.

— Канечне, гаварылі, што дыябэт — гэта не хвароба. Гэта лад жыцьця. Што трэба вучыцца з гэтым жыць. Ён успрымаў гэта аднабакова. Што гэта не хвароба, і ўсё. І пайшоў і ў вандроўку, і туды... А тое, што трэба было больш займацца здароўем — трэніроўкі нейкія, загартоўкі... Усьведамленьня небясьпекі не было. Ён пасьля шкадаваў, што трэба было больш надаваць увагі здароўю. А так ён казаў — «я ж доўга жыву».

А каб цябе на Рагаву́ занесьлі! —
Калісьць праклён, а мне — як песьня...

Рагава́ — гэта вёска, дзе могілкі, на якіх хаваюць людзей з навакольля. Магілу Сержука шукаць ня прыйдзецца. Высачэзны драўляны крыж з вышываным ручніком узвышаецца над стандартнымі помнікамі. Пад такім крыжам павінен спачываць нейкі волат, не іначай. Ён прыцягвае да сябе, нібы магніт.

І чым бліжэй падыходзіш да таго крыжа, тым мацней ён прыцягвае. Сваім паганскім арнамэнтам, у які ўпісаная «Пагоня». Гэты крыж — сапраўдны помнік мастацтва. Годны таго, хто пад ім спачывае.

Сырадой налівала ў кубачкі,
Такі цёплы быў той сырадой.
А у кубачках — сьпелыя бубачкі,
Пахлі так — захлынесься сьліной.
Ах, маліны, такія чырвоныя,
Зь беласьнежным такім малаком.
Усмакталіся рэчы галоўныя
Ў белых душах чырвоным радком.
Бел-чырвона-бел сьцяг нясплямлены
Мы заўсёды высока нясём.
Пачастункі даўнейшыя, маміны
Мы заўсёды са смакам ядзём.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG