Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі «Імёны Свабоды» Ўладзімера Арлова


У суботу, 11красавіка, у сталічнай Галерэі Ў вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Імёны Свабоды». Гэта ўжо трэцяе, дапоўненае выданьне.

У новай кнізе — 300 гістарычных партрэтаў выбітных беларусаў. 40 зь іх — новыя эсэ, партрэты нашых сучасьнікаў, што зусім нядаўна пакінулі гэты сьвет.

Сярод герояў кнігі — Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяржук Вітушка, Арына Вячорка, Генадзь Грушавы, Анатоль Грыцкевіч, Юры Гумянюк, Віктар Івашкевіч, Арлен Кашкурэвіч, Пётар Марцаў, Казімір Сьвёнтак, Віталь Сіліцкі, Галіна Сямдзянава, Міхась Чарняўскі, Міхал Шарамет...

Ёсьць у кнізе і «свабодаўцы» — мовазнаўца, журналіст Юрась Бушлякоў, паэтка, журналістка Тацяна Сапач, вэб-майстар Уладзімер Каткоўскі, прафэсар-эканаміст Уладзімер Кулажанка. Адзін з апошніх тэкстаў — пра беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, які загінуў на кіеўскім Майдане.

У залі шмат родных, сваякоў, сяброў герояў кнігі — маці Юрася Бушлякова спадарыня Элеанора, пляменьнік Максіма Гарэцкага Радзім Гарэцкі, маці Веранікі Чаркасавай спадарыня Дыяна, удава Міхася Чарняўскага Сьвятлана, бацькі Ўладзімера Каткоўскага... На прэзэнтацыю прыйшлі Аляксей Марачкін, Алег Трусаў, Міхаіл Пастухоў, Уладзімер Сіўчыкаў, Лявон Баршчэўскі, шмат моладзі — даволі прасторная заля Галерэі «Ў» не змагла ўмясьціць усіх жадаючых, людзі стаялі ў праходах.

Імпрэзу адкрыў Уладзімер Арлоў. 10 гадоў таму ён на Радыё Свабода распачаў цыкл расповедаў пра герояў, якія змагаліся за незалежнасьць Беларусі, паўплывалі на ягоны характар, сьветаўяўленьне, пачуцьці. І яшчэ адна ўмова — усе героі завяршылі свой жыцьцёвы шлях. Спадар Арлоў распавёў, як на адной з прэзэнтацый папярэдняга выданьня нейкая жанчына выказала прэтэнзію: чаму няма ў кнізе нарысаў пра Станіслава Шушкевіча і Зянона Пазьняка? «Дай Бог ім здароўя на доўгія гады», — адказаў ёй спадар Арлоў.

Аўтар пералічыў імёны ўсіх 40 чалавек, расповеды пра якіх зьявіліся ў трэцім выданьні.

Распавёў Арлоў аб працы над эсэ пра Максіма Гарэцкага, у якой вельмі дапамаглі яму архівы сям’і Гарэцкіх. Акадэмік Радзім Гарэцкі падзякаваў аўтару за працу, адзначыў незвычайны талент Арлова — як той коратка, ёміста, трапна піша, заўважае цікавыя дэталі, нюансы. Узгадаў і сваіх сяброў, зь якімі яшчэ на пачатку 2000-х зладзіў Кангрэс за Незалежнасьць. З чатырох сустаршыняў — Анатоля Грыцкевіча, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна — застаўся ён адзін. Радзім Гаўрылавіч узгадаў і Ўладзімера Конана, Віталя Скалабана, Генадзя Грушавога, зь якім сябраваў. Скончыў свой выступ воклічам «Жыве Беларусь!»

Уладзімер Арлоў узгадаў і містычныя рэчы, якія адбываліся з наборам, калі ён пісаў пра некаторых сваіх герояў, у прыватнасьці, філёзафа Ўладзімера Конана, іншых, паабяцаў напісаць і пра гэта. Даведаўся Арлоў і пра шмат іншых талентаў сваіх герояў — выбітны гісторык Міхась Чарняўскі пісаў цудоўныя вершы.

20 гадоў таму, 11 красавіка 1995 года дэпутаты Вярхоўнага Савета 12 скліканьня абвясьцілі галадоўку ў Авальнай залі супраць абвяшчэньня ганебнага рэфэрэндуму. Некаторых ужо няма на гэтым сьвеце — Ігара Герменчука, Барыса Гюнтэра, Галіны Сямдзянавай, якая была сувязной.

Алег Трусаў параіў ўсім прачытаць «Імёны Свабоды» і даць пачытаць сябрам, дзецям, унукам.

Лявон Баршэўскі падлічыў, што 83 героі гэтай кнігі ён ведаў асабіста, і 22 зь іх былі маладзейшыя за яго. Павіншаваў аўтара з новай кнігай, адзначыў і сэрыю «Бібліятэка Свабоды», у якой выйшла ўжо 52 кнігі. Баршчэўскі пажартаваў: «Жадаю ўсім прысутным у гэтай залі ня трапіць у чарговае выданьне гэтай кнігі».

З гумарам адказаў Уладзімер Арлоў і на запіску-пытаньне на расейскай мове: «Какие книги вы ещё написали и где их можно приобрести?»

Распавёў Арлоў і пра дасьціпны гумар аднаго са сваіх герояў — кампазытара Яўгена Глебава. Глебава прыйшоў віншаваць з чарговым юбілеем тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч: «Прэзыдэнт вельмі любіць вашы балеты». Глебаў іранічна адказаў: «Перадайце, што я таксама люблю яго балеты»...

На пытаньне, чаму ў кнізе няма эсэ пра зьніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку, Зьмітра Завадзкага, спадар Арлоў адказаў: «Надзея памірае апошняй».

Аўтар прачытаў фрагмэнты нарысаў пра Уладзімера Пузыню, Пятра Марцава, Тацяну Сапач, Уладзімера Каткоўскага

Бард Зьміцер Бартосік на імпрэзе выконваў песьні Булата Акуджавы, Уладзімера Высоцкага ў перакладзе Рыгора Барадуліна. Заля сьпявала разам з Бартосікам і творы з «рыцарскага цыклю» Зьмітра Сідаровіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG