Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Вітушка – узор беларускага інтэлігента


Сяржук Вітушка выступае на мітынгу ў Курапатах
Сяржук Вітушка выступае на мітынгу ў Курапатах

Як бы я расказаў пра Талаку цяперашняй моладзі? Талака – гэта пасьпяховы адказ беларускае моладзі другой паловы 80-х гадоў на плян савецкай імпэрыі рашчыніць беларускі народ у катле пад назвай «новая гістарычная супольнасьць – савецкі народ». Па-сучаснаму кажучы, незваротна ператварыць усю нацыю ў расейскамоўных і савецкадумных «ватнікаў».

Тады была таталітарная камуністычная дыктатура, КГБ жорстка перасьледаваў усякі «нацыяналізм», акрамя дазволенага расейскага. Усялякая дзейнасьць ня зь ведама камуністычнае партыі разглядалася як патэнцыйна небясьпечная. Каб нешта рабіць публічна і мець вынік, даводзілася часам маскаваць сапраўдныя матывы, творачы цуды кансьпірацыі, пры гэтым мець цьвёрды хрыбет і не прыстасоўвацца. Але людзей, здольных самастойна думаць, натхняла кожная публічна выказаная незалежная ідэя і публічна зьдзейсьненая справа – будзь гэта адноўленыя на менскай вуліцы Каляды або талака дзеля ўратаваньня паўразбуранага касьцёла, дзе адпявалі паўстанцаў Каліноўскага. Гэта рабіла адукаваная гарадзкая моладзь, ствараючы (дакладней, аднаўляючы) сваім прыкладам беларускую сыстэму каштоўнасьцяў.

Да скону камуністычнай імпэрыі і аднаўленьня незалежнасьці Беларусі заставаліся лічаныя гады, але гэта ў 1985 годзе, калі пачалася Талака, яшчэ мала хто мог прагназаваць (і тым больш каштоўныя намаганьні тых, што гэты момант набліжалі як маглі). Верхавіна камуністычнае партыі, адчуваючы, што савецкая мадэль эканомікі правальваецца, менавіта ў 1985 годзе абвясьціла дзеля ратаваньня Савецкага саюзу «перастройку і гласнасьць», нізавыя структуры КПСС былі здэзарыентаваныя, і стала крыху вальней.

Але моладзевы рух пачынаўся ня дзякуючы гарбачоўскай «перастройцы», а задоўга да яе. У дзейнасьці Майстроўні (1980—1984) і высьпела ідэя Талакі. Поруч са зьберажэньнем і адраджэньнем духоўнае культуры мы прыходзілі да высновы, што трэба ратаваць і матэрыяльныя сьведчаньні беларускае культурна-цывілізацыйнае адметнасьці. Майстроўня ладзіла талокі на замку ў Міры, у Плябані на магіле паўстанцаў 1863 году і разбураным касьцёле, у Менску на раскопках і г.д. Пасьля пажару ў Мірскім замку разгарнулі кампанію ў яго абарону. І жыцьцяпіс Майстроўні закончыўся клічнікам. Першы публічны пратэст быў менавіта супраць зносу найкаштоўнейшага помніка нашае культуры – дому першай беларускай опэры ў Менску.

Мы ўважліва сачылі за прэцэдэнтамі ў іншых так званых «савецкіх рэспубліках», каб дамагацца, каб улады не перашкаджалі падобнай дзейнасьці ў нас. 27 сьнежня 1983 году «Чырвоная зьмена» выдрукавала зварот майстроўцаў – студэнтаў тагачаснага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Мастацкая акадэмія), дзе яны заклікалі на ўзор эстонскага руху Kodulinn («Родны горад») разгарнуць у Менску рух моладзі на аднаўленьне архітэктурных помнікаў. Да лета 1984 году чытачы слалі ў газэту лісты падтрымкі ідэі. Здаецца, сярод аўтараў допісаў быў і Сяржук Вітушка, які тады працаваў на «Інтэграле».

Пасьля пратэсту на пляцы Волі 13 чэрвеня 1984 году справа на нейкі час замерла, бо ўлады былі ў шоку і не давалі ніякім ініцыятывам (у тым ліку Клюбу імя Караткевіча, які адразу ж прыкрыла партыйнае начальства Савецкага раёну Менску) ходу. Але да 1985 году мы акрыялі, набраліся новага імпэту.

І вось тут зьявіўся Сяржук Вітушка.

У лютым 1985 году з ініцыятывы падпольнай «Групы Незалежнасьць» прайшла закрытая нарада нацыянальна сьведамых моладзевых лідэраў у Смольні (філія музэю Коласа ў Стаўпецкім раёне, дзе тады працаваў Сяржук Сокалаў-Воюш). Удзельнічалі: сам Сяржук Сокалаў-Воюш, які адначасова прадстаўляў Наваполацак; Алесь Бяляцкі, Алесь Сімакоў, Анатоль Сыс, Сяргей Сыс (Гомель); браты Анатоль і Васіль Дэбішы (Берасьце); зь Менску былі браты Віктар і Яўген Івашкевічы, Алесь Суша, аўтар, Генадзь Сагановіч і запрошаны ім Сяржук Вітушка – маладзейшы на некалькі гадоў за бальшыню ўдзельнікаў (у тым узросьце розьніца нават у пару гадоў мае значэньне, і так і замацавалася ў сьвядомасьці, што Сяржук малады).

Вырашылі зьмяніць тактыку: не канцэнтраваць усе намаганьні ў адной арганізацыі, а пачаць стварэньне ўсюды, дзе атрымаецца, беларускіх моладзевых клюбаў і суполак, якія б дзейнічалі адкрыта, але мелі ў якасьці лідэраў надзейных людзей: гуртоў сьпеўных, творчых, турыстычных, пазнаўчых, экалягічных, рэстаўрацыйных. Каб у выніку мець сетку для пашырэньня ідэяў.

Так паўстала Талака, якая зрабілася каардынацыйным цэнтрам твораных суполак, дала пачатак агульнабеларускаму нацыянальнаму моладзеваму руху (Канфэдэрацыя Беларускіх Суполак), што паслужыў арганізацыйным апірышчам для Беларускага Народнага Фронту.

Талака была ўжо пляцоўкаю для крыху маладзейшага пакаленьня, чым майстроўскае. (Хаця ў 1988 годзе, калі ў залю паседжаньняў (дзе цяпер Тэатар эстрады) неяк набіваліся сотні чалавек і яшчэ на вуліцы стаялі, то сярод іх былі людзі ўсіх узростаў.) Вось жа Сяржук Вітушка зь ягонымі шчырасьцю, энэргіяй і неверагоднай адказнасьцю стаў лідэрам для пакаленьня талакоўцаў. Ягоны рамантычны запал перадаваўся новым і новым людзям – хлопцам і дзяўчатам, студэнтам і ня толькі. Таму Сяржук быў самым адпаведным лідэрам: скажам, правесьці мітынг у абарону Высокага Места ад разбуральнага ўзьдзеяньня 2-й лініі мэтро ў 1987 годзе і натхніць людзей яму ўдалося так, што ўлады адчулі няўпэўненасьць, але мала што маглі выставіць вядоўцу ў віну.

Што да адказнасьці, то яна ішла ад усьведамленьня місіі (а яшчэ, магчыма, ад жыцьцёвага выкліку, які паставіла перад ім цяжкая хвароба – пасьпець зрабіць што магчыма). Сержука нельга было ўявіць у кантэксьце нейкай «халявы», паказухі, пустога самапіяру. Ён ня ўмеў, дый не хацеў, загадваць – толькі ўласным прыкладам.

Сержукова беларускасьць, натуральная і пераканаўчая, грунтавалася і на ўласным радзінным досьведзе (заўсёды ўспамінаў, як казалі ці рабілі ў бабулі ў Рагаве), і на глыбокіх ведах, якія здабываў і з кніг, і з выездаў у Вільню да Лявона Луцкевіча, і з вандровак па Беларусі. Набытыя веды адразу ж ператвараў у асьветніцкія ідэі.

Натуральна, у Талацэ было другое дно – палітычнае. Ад самага пачатку былі непублічныя размовы, хадзіла самвыдавецкая прадукцыя («Бурачок», «Вітажэнец», фота- і машынапісныя перадрукі міжваенных віленскіх і эміграцыйных выданьняў). Ці палітыкам быў Сяржук? Калі пад гэтым разумець здольнасьць гуртаваць вакол сябе людзей, канцэнтраваць супольную энэргію і гэтым уплываць на ўсё грамадзтва і на ўладу – так, несумненна. Умеў гаварыць з уладнымі структурамі так, каб яны чулі знаёмую тэрміналягічную парадыгму.

Але ўсё ж чыста палітычныя мэтодыкі яму былі ў цяжар, ён верыў у абсалютную моц культурных каштоўнасьцяў. Верыў у моц і слушнасьць беларускай ідэі нагэтулькі, што лічыў: дастаткова яе шчыра выкласьці нават апанэнту, каб той пагадзіўся і зьмяніўся. Дарэчы, гэтая шчырасьць сапраўды раззбройвала штатных камуністычных прапагандыстаў і спэцслужбаўскіх правакатараў.

А перакананьні ён меў і дакладна іх выказваў.

«Мы ...цьвёрда перакананыя, што ніякае культурнае і нацыянальнае адраджэньне (а гэта асноўная мэта нашага руху) немагчымае без сапраўднай дэмакратызацыі і эканамічнага росквіту». Гэта лістапад 1988 году, круглы стол у БДУ, спрэчка з камуністычнымі ідэолягамі. Тамсама Сяржук трапна азначае талакоўскі modus vivendi:

«Большасьць з талакоўцаў – максымалісты, якія балюча ідуць на кампрамісы, хоць часам і разумеюць, што трэба пачакаць». І там жа найважнейшае для яго: «Слухаў я аднойчы ўступныя прамовы на Дні ведаў [у БДУ]. Ніхто з выступоўцаў не падкрэсьліў, што ўнівэрсытэт рыхтуе ня проста фізыкаў-матэматыкаў, а беларускіх інтэлігентаў». Вось жа Сяржук Вітушка – узор беларускага інтэлігента, гэта значыць адказнага за свой народ, высокаадукаванага і ахвярнага чалавека. Узор на вякі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG