Малітва мае распачацца 12 красавіка, у праваслаўны Вялікдзень і сьвята Божай Міласэрнасьці паводле каталіцкага календара. Ініцыявалі яе, аднак, прадстаўнікі трох канфэсіяў: каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай. Гэта сталася сымбалічным, але выпадковым: прыналежнасьць да пэўнай канфэсіі ў справе малітвы за Беларусь ня мае значэньня, сказала Свабодзе Вольга — адна з арганізатарак акцыі:
«Гэтую ідэю выказала Юлія Фралова — каталічка, да яе далучыўся Аляксей Шэін — пратэстант, і атрымалася, што людзі трох канфэсіяў. Гэтак мы вырашылі актывізаваць і пашырыць малітву за Беларусь, якая існуе з 2006 году. Яна адбываецца ўвечары, як прыватна, так і падчас сходу а 20.00 каля Чырвонага касьцёла ў Менску, а таксама людзі зьбіраюцца ў некаторых іншых гарадах.
Малітву за Беларусь ад 12 красавіка мы маем праводзіць бесьперапынна ўсе 24 гадзіны на суткі — кожны чалавек павінен будзе маліцца цягам адной гадзіны адзін раз на тыдзень. Каб такая малітва трывала ўвесь тыдзень, неабходна, каб у ёй прымалі ўдзел 168 чалавек, на сёньня запісаныя 136 чалавек. Пакуль застаюцца вольнымі вельмі ахвярныя гадзіны: глыбокая ноч — тры-чатыры гадзіны, а таксама адзінаццаць, дванаццаць гадзінаў дня — час вучобы альбо працы. Спадзяёмся, што будзе запоўнены ўвесь гэты час, бо людзі тэлефануюць, нехта кажа, што далучае сваіх сяброў ці родных, хтосьці гатовы ўзяць дзьве гадзіны. Будзем спрабаваць пратрымацца месяц і нават паўгода. Тое, што людзі будуць маліцца, мы не сумняваемся, бо яны ставяцца да акцыі вельмі адказна — гэта адказнасьць перад сабою, перад радзімаю і перад Богам. Вельмі многія вельмі сур’ёзна ўзважваюць свае магчымасьці і сілы, і некаторыя адмаўляюцца — кажуць, што ня змогуць аддана маліцца цягам гадзіны. А тыя, што застаюцца, то тыя будуць маліцца дакладна».
Карэспандэнтка: «У чым ідэя гэтай малітвы і зь якой мэтай яна праводзіцца?»
«Беларусь цяпер у вельмі небясьпечнай і пагрозьлівай для краіны сытуацыі. Мы бачым, што з усходу падціскае Расея, на Ўкраіне ідзе вайна, а Беларусь знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад гэтых краін і падзей. І ў асяродку маіх знаёмых, сярод бацькоў і сваякоў, сярод людзей старэйшых нарастае трывога, і яны пагаджаюцца, што трэба маліцца, каб Бог зьберагаў нашу краіну. Малітва — гэта тое, што мы можам і павінны рабіць — мы мусім маліцца. Да прыкладу, ва Ўкраіне і цяпер доўжыцца такі малітоўны „Майдан“ — людзі бачаць небясьпеку і моляцца за сваю краіну. Мы хочам папярэдзіць небясьпеку і пачаць маліцца раней, чым тут нешта кепскае здарыцца».