Фюрэр таксама хацеў Крым. Не бяз дай прычыны. А як зямлю продкаў. Готаў. Бо готы — гэты мы, немцы, любіў паўтараць правадыр германскага народу. (Пагатоў нямецкая меншасьць жыла там па-ранейшаму.) Ён любіў разгарнуць мапу паўвострава, які ў будучыні будзе называцца Готляндам або Готэнляндам, дакрануцца да большых гарадоў — Готэнбурга (Сімферопаль) і Тэадорыхсхафэна або Готэнсхафэна (Севастопаль), які сапраўды мае бухту, стоячы на марскім беразе.
Са здраўніцай атрымалася толькі напалову: для параненых лётчыкаў, танкістаў і пяхоты. «Мірным людзям» рэйху ў новым Готляндзе адпачываць не давялося. Выселіць татараў таксама ня выйшла, як плянаваў, гэта за яго зрабіў Сталін. Хуценька, ударнымі тэмпамі. У цяперашняга крамлёўскага кіраўніка адносіны з татарамі таксама ня склаліся, між іншым. Але перш фюрэр, паводле дырэктывы 1942 году, загадаў выселіць расейцаў: Расея такая вялікая, што месца для іх там хопіць, патлумачыў ён.
А ўсё ж цікава, каб падняць фюрэра (толькі ненадоўга, пад аховай) і ўдакладніць наконт Крыму. Што ён меў на ўвазе? Чаму ён яму так падабаўся, чаму лічыў яго «спрадвечна германскай тэрыторыяй»? Паспрабуем абысьціся безь яго. Напрыклад, пры канцы ІХ стагодзьдзя паявіўся хранаграфічны вопіс Эўропы пад назвай «Вопіс Германіі». Замоўцам быў Альфрэд Вялікі, кароль Англіі, заўважым, не ўладар зь Нямеччыны. Дык вось, у гэтым славутым і нічым ня горшым за летапісы хранографе Германіяй называецца вельмі вялікі абшар Эўропы — да цяперашняй ракі Дон. Дадзеныя храніста грунтаваліся на больш раньняй пісьмовай крыніцы — працы Паўла Арозія (390-423), які даў зьвесткі аб месцах расьсяленьня розных плямёнаў, у тым ліку германскіх.
Што да готаў, яны жылі ў Крыме з ІІІ стагодзьдзя, занялі ўвесь паўвостраў, апроч Херсанэсу. Мелі сваю крымска-гоцкую (дыялект гоцкай) мову, што праіснавала да канца ХVІІІ стагодзьдзя, хутка сталі хрысьціянамі, а паўднёвая, субтрапічная частка паўвострава нават называлася Готыяй, аб чым ведалі, безумоўна, і ў рэйху. У вікіпэдыі даецца цытата са «Слова аб палку Ігаравым» аб крымскіх готах зь берага Сіняга мора. Пры канцы ХІV стагодзьдзя Крым быў падзелены, готам дасталася зямля ад Балаклавы да Алушты, атрымаўшы назву «Капітанатус Готые» — Губэрнатарства Готыя. Заходняй часткай берага валодалі генуэзцы, якія называлі яго Прыморскай Готыяй. У 1458 годзе гоцкі князь быў афіцыйна прызнаны адным з чатырох чарнаморскіх уладароў. Але пазьней узьбярэжжа заваявалі туркі, а готы працягвалі жыць у вясковай мясцовасьці ў гарах. Да канца ХVІІІ ст. у Крыме існавала Кафінска-Гоцкая япархія. У 1790 годзе ў Крыме пабываў магілёўскі архібіскуп Богуш-Сестранцэвіч, ён сустрэў сем’і, мова і выгляд якіх адрозьніваўся ад астатняга насельніцтва, лічыцца, што гэта былі нашчадкі готаў. Ён і напісаў гісторыю паўвострава.
Так што сёньняшнія прэтэнзіі на спрадвечныя правы расейцаў на Крым могуць выглядаць даволі недарэчнымі, ва ўсякім разе хліпкімі для адукаванага чалавека. А ўвогуле страшна, калі ў заваёўніцкай палітыцы карыстаюцца мітамі і паўлегендарнымі зьвесткамі… Але нічога ня зробіш: Расея анэксавала Крым і зацялася. Украінцам застаецца хіба толькі «сьмех скрозь сьлёзы». Што ж, інтэрнэт завалены відэа «Гітлер і Крым»: урыўкам зь вядомага кінафільма «Бункер», дзе мове фюрэра нададзены сучасны зьмест — пра Крым і Ўкраіну.
Крым павінен быў стаць Гібралтарам рэйху, але з цалкам нямецкім насельніцтвам, так мысьлілася ў Бэрліне. Розэнбэрг, які ствараў мапу будучых захопленых тэрыторыяў, спасылаўся на тое, што да рэвалюцыі ў Крыме была значная нямецкая грамада. Напачатку вайны з СССР Гітлер, разглядаючы на нарадзе мапу, адназначна падкрэсьліў, што Крым будзе неабходна «ачысьціць і засяліць немцамі». Вырашана было таксама пасьля перамогі ператварыць паўвостраў у суцэльны нямецкі курорт. Пры канцы 1941 году фюрэр у размове з Розэнбэргам зноў вярнуўся да крымскага пытаньня, нагадаўшы пра «гоцкую спадчыну», і менавіта тады выказаў пажаданьне перайменаваць паўвостраў у Готэнлянд. Розэнбэрг падтрымаў яго, сказаўшы, што ўжо прыдумаў новыя назвы для Сімферопаля і Севастопаля. Паўвостраў быў абвешчаны зямлёй, дзе ў раньнія вякі існавала дзяржаўнае ўтварэньне германскіх плямёнаў.
Заняўшы Крым, немцы правялі археалягічныя раскопкі. Яны таксама знайшлі тыповы ўзор старажытнанямецкай крэпасьці, выявілі гоцкае паходжаньне Алушты, Гурзуфа, Інкермана. (Прынята лічыць, што акупанты перабольшвалі, падтасоўвалі факты.) Гітлер падтрымаў пляны перасяліць сюды тырольцаў: ім дастаткова будзе спусьціцца па Дунаі да Чорнага мора! Ён назваў гэта выдатнай ідэяй, паколькі ў Крыме няма засьнежаных гор, як у Паўднёвым Тыролі, а наадварот, гэта зямля, дзе «цякуць рэкі з малаком і мёдам».