1. «Беларускасьць як стратэгічны выбар». З пункту гледжаньня Мілінкевіча, Беларусь трэба зрабіць навуковым і адукацыйным прыярытэтам унівэрсытэту, ЭГУ павінен стаць цэнтрам дасьледаваньняў пра Беларусь і для Беларусі.
2. «Эўропа — не прытулак, а месца дзеяньня». На думку Мілінкевіча, «рэальны эўрапейскі статус унівэрсытэту прынясуць актыўнае ўключэньне ў міжнародныя адукацыйныя праграмы і дасьледчыя праекты, інтэнсіўныя студэнцкія абмены, рост публікацый, павышэньне індэксу цытаваньня і кампэтэнтная прысутнасьць у публічным полі».
3. «Актыўна зарабляць, разумна выдаткоўваць». Мілінкевіч прапаноўвае тры асноўныя вэктары пазытыўнай пэрспэктывы: пошук новых партнэраў (у тым ліку дзеля падтрымкі асобных курсаў і праграмаў), пашырэньне сьпісу платных паслуг (для замежных студэнтаў, завочнага навучаньня і пасьлядыплёмнай адукацыі) — і жыцьцё па сродках, што азначае скарачэньне неэфэктыўных выдаткаў і разьдзьмутага адміністрацыйнага штату.
4. «Уладай трэба дзяліцца». Мілінкевіч лічыць, што ЭГУ патрэбная рэформа кіраваньня. Павінен адбыцца пераход ад адміністрацыйнай мадэлі да партнэрскай працы з акадэмічным самакіраваньнем, прафсаюзамі і студэнтамі.
5. «ЭГУ — не прыватнае прадпрыемства, а акадэмічны праект грамадзянскай супольнасьці». ЭГУ павінен ператварыцца ў «цэнтар, які акумулюе крэатыўны патэнцыял нацыі і скарыстоўвае яго на карысьць краіны». Мілінкевіч так фармулюе сацыяльную місію ВНУ: «грамадзтва будуе ЭГУ, ЭГУ працуе на грамадзтва». «Галоўная задача Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту — стаць школай эўрапейскіх каштоўнасьцяў, грамадзянскай актыўнасьці і сацыяльнай адказнасьці», — падкрэсьлівае ён.
Пасьля таго як у кастрычніку 2014 году рэктар ЭГУ і адзін зь яго заснавальнікаў прафэсар Анатоль Міхайлаў заняў пасаду прэзыдэнта ЭГУ, быў абвешчаны конкурс на пасаду рэктара. Кіроўная рада ўнівэрсытэту прызначыла адмысловы камітэт па адборы кандыдатаў, і цяпер шорт-ліст складаецца зь сямі імёнаў.
Сярод кандыдатаў — тры беларусы (Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова), тры амэрыканцы (цяперашнія правост ЭГУ Дэвід Полік ды прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс, а таксама Эдвард Рослаф), сёмы — літовец Сарунас Ліекіс.