Сёньня ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце адбыліся сустрэчы першых кандыдатаў у рэктары са студэнтамі і выкладчыкамі.
Адразу заслухалі іншаземцаў — амэрыканцаў Дэвіда Поліка і Дарыюса Удрыса, а таксама літоўца Шарунаса Ліекіса.
Яшчэ адзін амэрыканец Эдвард Рослаф і тры кандыдаты-беларусы — Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова — выступяць перад аўдыторыяй заўтра, 17 сьнежня. Па выніках 30-хвілінных сустрэч з кожным кандыдатам навучэнцы і выкладчыкі прагаласуюць за асобу, якую захочуць бачыць рэктарам. Аднак, удакладняе выкладчыца паліталёгіі Тацяна Чуліцкая, выніку выбараў будуць насіць выключна рэкамэндацыйны характар:
«Сёньня быў першы дзень, заўтра — другая частка. Пакуль паслухалі Удрыса, Лекіса і Поліка, які зараз дзейнічае як рэктар. У мяне ў раскладзе стаялі заняткі, таму змагла пабыць толькі на сустрэчах з Полікам і Ліекісам. Мабыць, са студэнтамі гутарка праходзіла ў больш жорсткай форме, але ў нас усё прайшло цывілізавана. Ім задавалі пытаньні, яны расказвалі пра бачаньне сваёй ролі ў жыцьці ЭГУ. Напярэдадні мы атрымалі іх матывацыі, таму была дыскусія і па гэтых матывацыйных лістах, і па пытаньнях, якія ўзьнікалі ў аўдыторыі».
Карэспандэнт: «То бок, кожны зь іх гатовы ўзначаліць установу і кіраваць».
«Падаецца, што так, бо я ня думаю, што яны вылучалі свае кандыдатуры на гэтую пасаду, каб ня ўдзельнічаць у конкурсе. Зрэшты, цяжка сказаць, ці гэта конкурс, але тым ня меней. Адзінае, што магу сказаць, заўтра мы будзем галасаваць за ўсіх кандыдатаў, зь якімі сустрэнемся, а таксама будуць камэнтары па кожным з прэтэндэнтаў асобна. Гэтыя дадзеныя мы перададзім у Кіроўную Раду ўнівэрсытэта і камітэт, які займаўся пошукам аплікантаў на гэтую пазыцыю, улічыць наш рэкамэндацыйны голас».
Сустрэчы з патэнцыйнымі рэктарамі ЭГУ — вынік настойлівасьці студэнтаў. Як адзначыў старшыня студэнцкага прадстаўніцтва ўнівэрсытэта Дзяніс Кучынскі, менавіта студэнты сталі ініцыятарамі такога кантактаваньня, паколькі хочуць ня толькі пазнаёміцца з кандыдатамі, але і даведацца пра іх бачаньне будучыні ўнівэрсытэту.