Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся вярнуць у Адміністрацыйны кодэкс панятак дармаедзтва і прыцягваць беспрацоўных да адказнасьці. Міліцыя і сацыяльныя службы таксама прапаноўваюць пазбавіць беспрацоўных бясплатных сацыяльных паслугаў і падвысіць пэнсійны ўзрост. Што думаюць пра гэта наведнікі менскага райаддзелу па працаўладкаваньні?
Менскі міжраённы аддзел па працаўладкаваньні абслугоўвае тры раёны Менску: Савецкі, Першамайскі і Цэнтральны. Каля дзясятка наведнікаў у калідорах так званай біржы працы пераглядаюць вакансіі ў кампутарах і газэтах. У асноўным — мужчыны сярэдняга і старэйшага ўзросту. Размаўляю зь людзьмі:
Карэспандэнтка: «Ці лёгка знайсьці працу?»
Беспрацоўны: «Не, нялёгка. Каб знайсьці годную працу з добрым заробкам — вельмі нялёгка, папраўдзе. Калі нешта знаходзіш, то абавязкова штосьці і не задавальняе. Бо ўжо і ўзрост — 50 гадоў, ня надта можаш дазволіць сабе дадатковыя нагрузкі, таму і перабіраеш вакансіі падоўгу».
Карэспандэнтка: «Ці лічыце вы сябе дармаедам? Як паставіліся б да таго, што вас пазбавілі б сацыяльных гарантыяў з-за таго, што доўга не працуеце?»
Беспрацоўны: «Я сябе дармаедам не лічу, і я думаю, што не павінна быць аднолькавага падыходу да ўсіх. Пры цяперашнім росьце цэнаў і так працаваць прыйдзецца ў кожным разе. Але адзін чалавек можа працаваць, а іншы ня можа паводле стану здароўя. Я, да прыкладу, пачынаю працаваць — і аднаўляецца артроз суставаў, даводзіцца з кіёчкам хадзіць. На працы дамаўляесься з кіраўніцтвам, і там цябе церпяць пэўны час. Таму ўсё ня так проста».
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі зарэгістравана 22 тысячы беспрацоўных, а вакантных працоўных месцаў — 48 тысяч. На практыцы ж выяўляецца, што жыхары нават буйных гарадоў мусяць шукаць працы ў Менску. Пра гэта мне распавёў віцяблянін, які адмыслова прыехаў на менскую біржу працы:
Карэспандэнтка: «Як даўно шукаеце працу і якую?»
Праца ёсьць, але не даюць жыльля, і гэта праблема, бо я не мянчук
Беспрацоўны: «Больш за месяц, электрамантажніка. Праца ёсьць, але не даюць жыльля, і гэта праблема, бо я не мянчук».
Карэспандэнтка: «Адкуль прыехалі і чаму там, дзе жывяце, не ўладкоўваліся на працу?»
Беспрацоўны: «Я зь Віцебску. Там працы няма. Прапаноўваюць працу на паўтара мільёна. Тут прапанавалі, але таксама ня вельмі задавальняе, бо яна разьязнога характару, а ў мяне ўжо ўзрост. Але ў Віцебску і гэткай няма».
Іншы беспрацоўны: «А для мяне працы хапае — я грузчык. Але шукаю такую працу, каб мне пратрымацца, каб разьлічваліся штодня ці хаця б кожны тыдзень. Бо зараз вось выканаў працу — заплацілі 600 тысяч. Лядоўню напоўніў, а на праезд, на цыгаркі ўжо няма — шукаю яшчэ адну. А як прыцягваць людзей да адказнасьці? Садзіць? Ужо і так палова краіны сядзіць. А ўтрымліваць іх нам даводзіцца».
Афіцыйная статыстыка таксама кажа, што заробкі на вакантных месцах сягаюць 9 мільёнаў беларускіх рублёў. На практыцы ж галоўнае, у чым не супадаюць інтарэсы працадаўцаў і найманых работнікаў, — узровень аплаты. Менавіта нізкія заробкі — прычына беспрацоўя, і таму доўгія пошукі працоўных месцаў у многіх людзей цалкам абгрунтаваныя, кажа супрацоўніца аддзелу Ірына Карніцкая:
Вакансіяў значна больш, чым беспрацоўных, якія стаяць на ўліку. Але ў асноўным гэта нізкакваліфікаваныя працы
«Вакансіяў значна больш, чым беспрацоўных, якія стаяць на ўліку. Але ў асноўным гэта нізкакваліфікаваныя працы. Натуральна, што людзі адмаўляюцца з-за нізкай аплаты гэтай працы. Цяпер кошт жыцьця вельмі высокі, і таму ўсе патрабуюць высокай аплаты, і я лічу, што гэта абгрунтавана».
Карэспандэнтка: «Што думаеце адносна апошняй ініцыятывы — прыцягваць да адказнасьці беспрацоўных людзей?»
«Літаральна сёньня абмяркоўвалі гэтую тэму, я ня ведаю... У нас шмат хатніх гаспадынь, шмат таксама багатых, забясьпечаных людзей. Калі яны не ў патрэбе, то ня ведаю, якім чынам іх прыцягваць».
Карэспандэнтка: «Ці варта падвышаць пэнсійны ўзрост?»
«Таксама не магу адназначна сказаць, але да нас сапраўды зьвяртаецца шмат пэнсіянэраў, якія гатовыя працаваць: і мужчын, і жанчын. Але калі гэтыя ж людзі ў гэтым сваім веку будуць вымушаныя працаваць, бо ім ня будзе выплочвацца пэнсія, як гэта будзе ўспрынята — цяжка сказаць. Ня маю адназначнага адказу на гэтае пытаньне».
Паводле афіцыйных зьвестак, рынак працы ў Беларусі ў пераважнай бальшыні прапаноўвае вакансіі працоўных спэцыяльнасьцяў: прыбіральшчыц, прадавачак, трактарыстаў, электраманцёраў. Заробкі ў гэтых спэцыяльнасьцях пачынаюцца ад 1,5 мільёна беларускіх рублёў.