Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапануе караць за дармаедзтва


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка мае намер вярнуць паняцьце «дармаедзтва».

Пра гэта ён заявіў 20 кастрычніка на нарадзе па пытаньнях занятасьці і міграцыі ў краіне.

Міністэрства ўнутраных спраў ініцыявала ўвесьці ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях норму, якая дазволіць прыцягваць да адказнасьці, у тым ліку і да прымусовага працаўладкаваньня, грамадзянаў, якія не працуюць і ў савецкія часы называліся дармаедамі. Лукашэнка падтрымаў гэтую прапанову:

«Хочаце вярнуць паняцьце „дармаедзтва“ — вяртайце. Гэта будзе больш зразумела для народа. Ня трэба нічога добрага, што было ў савецкія часы зроблена, адкідаць, у тым ліку і тэрміналёгію. Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць. Да 1 студзеня прыняць меры, каб усе працавалі, прымусіць усіх працаваць!»

Лукашэнка падтрымаў усе прапановы ўрада, якія будуць ажыцьцяўляцца з 1 студзеня, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

«Як мне дакладаюць, каля 500 тысяч нашых грамадзян не задзейнічаны ў эканоміцы краіны. Няхай 100 тысяч — гэта хатнія гаспадыні і тыя, хто працуе на ўласным падворку. А 400 тысяч чым займаюцца? За чый кошт жывуць? Час спыняць гэтае ўтрыманства, 400 тысяч павінны быць уцягнутыя імем рэвалюцыі ў працу. Лайдакоў не павінна быць у краіне. Трэба прымусіць гэтых людзей працаваць і спыніць раздаваць бясплатна даброты тым, хто не працуе», — сказаў Лукашэнка.

Трэба прымусіць гэтых людзей працаваць і спыніць раздаваць бясплатна даброты тым, хто не працуе

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч апавёў пра міграцыйную сытуацыю ў Беларусі і тэндэнцыі зьнешняй працоўнай міграцыі. Ён прапанаваў прааналізаваць патрэбы рэгіёнаў у працоўных рэсурсах, вызначыць прадпрыемствы, гатовыя забясьпечыць работнікаў жыльлём і заробкам, і акумуляваць гэтую інфармацыю ў тэрытарыяльных цэнтрах занятасьці насельніцтва. Паводле Шуневіча, варта перагледзець пляны мясцовых выканкамаў па расьсяленьні насельніцтва з улікам дэмаграфічнай і эканамічнай сытуацыі ў рэгіёнах.

У ліпені 2013 году прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што ў Беларусі больш за 450 тысяч чалавек не працуюць, а значыць, ня робяць ніякага ўнёску ў эканоміку краіны, і прапанаваў увесьці падатак на беспрацоўных. Увосень зьявіўся праект указу прэзыдэнта аб увядзеньні падатку на дармаедзтва.

Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, за мяжой зараз працуюць ад 800 тысяч да 1,2 мільёна грамадзян Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG