Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава зацікаўленая, каб пэнсіянэры хутчэй паміралі, — Раманчук


Ярасалаў Раманчук
Ярасалаў Раманчук

Урад рыхтуе нарматыўны акт, у якім прадугледжаны шэраг захадаў, каб як мага паўней прыцягнуць да працоўнай дзейнасьці «грамадзянаў, якія ўхіляюцца ад працы».

У прыватнасьці, прапануецца павялічыць мінімальны працоўны стаж з выплатай абавязковых страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для прызначэньня працоўных пэнсіяў з 10 да 15 гадоў. Пры разьліку пэнсіяў прапануецца браць за аснову апошнія 20 гадоў стажу. Пры адсутнасьці патрабаванага агульнага і страхавога стажу працы — павысіць узрост для звароту па сацыяльную пэнсію на пяць гадоў: да 60 гадоў для жанчын і 65 гадоў для мужчын, а магчыма, і ўсталяваць аднолькавы парог ўзросту ў 65 гадоў.

Робіцца гэта для таго, каб у краіне максымальна зьменшылася колькасьць пэнсіянэраў, лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Беларускія ўлады шукаюць спосаб, як ашукаць людзей. Таму што, па-першае, грошай у дзяржавы не хапае, каб падымаць пэнсіі, а па-другое, палітычна вельмі складана ўзьняць пытаньне пра павышэньне пэнсійнага ўзросту. Атрымліваецца, што выйсьце — гэта зрабіць больш жорсткімі патрабаваньні да тых, хто атрымлівае пэнсіі. Прапаноўваецца павялічыць мінімальны працоўны стаж з 10 да 15 гадоў для прызначэньня працоўных пэнсіяў. Калі чалавек не набраў гэтага стажу, то будзе вымушаны працаваць да 60 ці нават 65 гадоў. Але ўсё гэта ніяк не паўплывае ні на эканамічную эфэктыўнасьць, ні на сацыяльную бясьпеку. Тое, што прапануе Анатоль Тозік, — спосаб даваць людзяме менш грошай, захоўваючы велізарныя мільярдныя праекты для дзяржаўных прадпрыемстваў і для сяброў палітычнага бізнэсу. А людзі будуць плаціць за гэтыя экспэрымэнты».

Беларускія ўлады шукаюць спосаб, як ашукаць людзей

На думку экспэрта, улады хвалюе не праблема дармаедзтва, а тое, што каля паўмільёна беларусаў працуюць за мяжой Беларусі і ня плацяць падаткаў:

«Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, якая сутыкаецца з праблемай дармаедзтва і недахопу працы ў людзей. Гэта адбываецца таму, што дзяржава ня можа прапанаваць рынкавыя ўмовы аплаты працы. Па сутнасьці, тыя 400–500 тысяч дармаедаў — гэта лічба, высмактаная з пальца. Улады ня ведаюць, дзе гэтыя людзі, але хацелі б абкласьці падаткам за дармаедзтва тых, хто працуе за мяжой — у Расеі, Украіне, у краінах Эўропы. Таму цяпер Тозік, а раней іншыя выказваюць занепакоенасьць, што нехта зарабляе грошы і зь іх ня плаціць падаткаў, карыстаючыся дармовымі сацыяльнымі паслугамі. А трэба рабіць па-іншаму: каб была мэдычная і пэнсійная страхоўкі, каб грошы, налічаныя на пэнсію, не прападалі. А так атрымліваецца, што ўлады хочуць захаваць асноўныя парамэтры савецкай сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня і аховы здароўя, прымусіўшы людзей не заўважаць сусьветнага працоўнага рынку і ўмоваў працы на ім. А гэта немагчыма».

Эканаміст лічыць, што новыя стандарты, агучаныя намесьнікам прэм’ер-міністра Анатолем Тозікам, прывядуць да таго, што людзі ў пажылым веку будуць працаваць даўжэй на пяць гадоў і, падарваўшы здароўе, хутчэй паміраць:

«Савецкая сыстэма ніколі не была справядлівай і ніколі ня будзе справядлівай, як бы яе ні рэфармавалі. Яна ня носіць страхавога характару, яна не прадугледжвае высокіх пэнсіяў для тых, хто атрымліваў высокія заробкі. Калі чалавек памірае, то грошы ягонай пэнсіі прападаюць, а фактычна застаюцца дзяржаве. У гэтай сыстэме дзяржава зацікаўленая ў тым, каб людзі пасьля выхаду на пэнсію хутчэй паміралі. Альбо працавалі больш, падрываючы здароўе ў пажылым узросьце, і пасьля таксама паміралі пасьля 2–3 гадоў на пэнсіі. Фактычна, дзяржава зацікаўленая, каб не плаціць пэнсіянэрам, а значыць, у тым, каб пэнсіянэраў было як мага менш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG