Дырэктар кішынёўскага бюро Радыё Свабода Васіле Батнару канстатуе, што на фоне курсу Малдовы на эўрапейскую інтэграцыю сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам — гэта ня вельмі добра ў палітычным сэнсе. Але ва ўмовах эканамічнага ціску на Кішынёў з боку Крамля ў малдоўскіх уладаў няма іншага выбару.
«Безумоўна, многіх людзей бянтэжыць, што прэзыдэнт зь неэўрапейскай рэпутацыяй прыяжджае ў Кішынёў, які цяпер цалкам арыентаваны на Эўропу. Як бы вадзіцца з гэтым прэзыдэнтам непрыстойна. Але, зь іншага боку, тыя ж людзі разумеюць, што пры расейскім эмбарга на віно, садавіну, гародніну сяброўства непераборлівае. То бок тут выбару вялікага няма. Але ўсё роўна кішынёўскі філіял Amnesty International пратэставаў супраць гэтага візыту і спрабаваў чарговы раз нагадаць прэзыдэнту Лукашэнку, што пра ягоныя грахі памятаюць. Афіцыйныя асобы, вядома, робяць добрую міну пры дрэннай гульні, таму што ёсьць прэзыдэнт значна горшы, чым Лукашэнка (маецца на ўвазе Ўладзімер Пуцін. — РС). Зь Менскам эканамічна прадуктыўна супрацоўнічаць, хоць палітычна гэта прыносіць кепскія дывідэнды. Зь іншага боку, трэба меркаваць, што і эўрапейцы лёгка даруюць Кішынёву гэтае сяброўства, бо ў іншым выпадку яны б мусілі ўзваліць гэты цяжар на свае плечы», — адзначыў Батнару ў размове са Свабодай.
Дырэктар праграмаў кішынёўскага Інстытуту грамадзкай палітыкі Оазу Нантой вельмі станоўча ацэньвае вынікі візыту Лукашэнкі ў Малдову, асабліва ў кантэксьце сёньняшніх адносінаў паміж Кішынёвам і Масквой.
«Учорашні візыт спадара Лукашэнкі і беларускай дэлегацыі прадэманстраваў, што Беларусь шукае выгады ў тым, што Малдова падпісала і ратыфікавала Дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам, і не разглядае гэты крок, прадпрыняты малдоўскім грамадзтвам і кіраўніцтвам, як нешта варожае ў адносінах да сябе», — падкрэсьліў Нантой у інтэрвію Радыё Свабода.
Такія паводзіны Беларусі рэзка кантрастуюць з паводзінамі Расеі, якая, на думку экспэрта, проста дробязна помсьціць Малдове за тое, што Кішынёў не захацеў падпарадкавацца ўказаньням з Крамля і пайшоў на падпісаньне Дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ.
У сытуацыі, калі Расея выкідае Малдову з свабоднай эканамічнай зоны і ўводзіць мыта, Беларусь дэманструе зусім іншы, канструктыўны падыход
«У сытуацыі, калі Расея выкідае Малдову з свабоднай эканамічнай зоны і ўводзіць мыта, Беларусь дэманструе зусім іншы, канструктыўны падыход. Таму для нас гэты візыт вельмі важны — ён дэманструе, што могуць быць зусім іншыя адносіны, чым тыя, якія мы маем з Расейскай Фэдэрацыяй. І мы спадзяёмся, што гэты пазытыўны прэцэдэнт сыграе сваю ролю ў нармалізацыі нашых адносін», — кажа палітоляг.
Гэта, аднак, не азначае, што Лукашэнка можа стаць пасярэднікам або «міратворцам» у адносінах Кішынёва і Масквы, адзначае Нантой:
«Нашы ўзаемаадносіны з Расеяй утрымліваюць вельмі шмат праблемаў, але, дзякуй Богу, градус супрацьстаяньня далёка ня той. На мой асабісты погляд, сытуацыя дастаткова простая, таму пасярэдніцтва або міратворчасьць у дадзеным выпадку ня можа быць актуальным. Я ня думаю, што праз пасярэдніцтва можна прыйсьці да таго, што Расейская Фэдэрацыя адмовіцца ад агрэсіўнай рыторыкі ў адносінах да Рэспублікі Малдова, ня кажучы ўжо пра тое, як Расея ставіцца да тэрытарыяльнай цэласнасьці, падтрымлівае ксэнафобскі аўтарытарны рэжым на левым беразе Днястра. Таму паўтараю: для нас вельмі важна стварыць пазытыўны прэцэдэнт. Да нас у Малдову ад імя Расеі прыяжджае Рагозін, які не прапускае магчымасьці зьняважыць нас у нас дома і прыяжджае ў Кішынёў толькі дзеля таго, каб паехаць потым у Ціраспаль. А прэзыдэнт Лукашэнка дэманструе зусім іншае стаўленьне да Рэспублікі Малдовы і яе грамадзян».