У ходзе разьвіцьця крызісу ва Ўкраіне склалася новая сытуацыя. Апошнія дзесяць дзён украінскае войска ў Данецкай і Луганскай абласьцях адступае пад ударамі перавышаючых сілаў праціўніка. Гэта ня проста тактычная перамена, лякальнае зьмяненьне лініі фронту. Гэта перамена стратэгічная.
Што адбылося? Дасюль стратэгія афіцыйнага Кіева палягала ў ваенным падаўленьні мяцяжу на ўсходзе краіны. Украінскае кіраўніцтва спадзявалася, што рана ці позна ўдасца задушыць сэпаратыстаў, расейскіх наёмнікаў, перакрыць мяжу з Расеяй і зрабіць немагчымым вайсковае ўмяшаньне з боку РФ. Яно кіравалася той лёгікай, што ўкраінская армія, якая б яна ні была слабая, усё ж здольная перамагчы нерэгулярнае войска сэпаратыстаў і засланых расейскіх вайскоўцаў. Усё ж сілавыя структуры Ўкраіны абапіраюцца на падтрымку 40-мільённага насельніцтва і на ўсю моц дзяржавы.
Але тыя падзеі, якія адбываюцца апошнія дзесяць дзён, паказваюць, што такія разьлікі былі марныя. Кіеў недаацаніў рашучасьць і нахабства Расеі і пераацаніў рашучасьць Захаду. Калі стала бачна, што ўкраінскія войскі перамагаюць, што яны атачылі Луганск і Данецк і вызваленьне гэтых двух гарадоў — пытаньне часу, РФ увяла туды свае рэгулярныя вайсковыя часьці. Гэта не было поўнамаштабнае ўварваньне. Ня ставіцца задача захапіць Кіеў, у чым цяпер абвінавачваюць Пуціна. Расея ўвяла роўна столькі вайскоўцаў, каб ня даць Украіне здабыць перамогу. Экспэрты кажуць пра 3-5 тысяч расейскіх вайскоўцаў плюс шмат бранятэхнікі. Калі спатрэбіцца, Масква ўвядзе больш. Расея прадэманстравала, што не дазволіць Кіеву здабыць ваенную перамогу на ўсходзе Ўкраіны. Перамагчы расейскія Ўзброеныя сілы ўкраінскае войска няздольнае.
Такім чынам, гэта азначае, што ваеннага рашэньня ўкраінскага крызісу не існуе. Зразумела, можна працягваць баявыя дзеяньні гадамі, але які ў гэтым сэнс? Украінскае грамадзтва ўжо стамілася ад вайны і падштурхоўвае кіраўніцтва да палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту. У чым яно б магло палягаць?
Найперш, трэба зразумець мэты ўсіх удзельнікаў канфлікту. Да чаго імкнецца Ўкраіна — відавочна: здушыць мяцеж і ўсталяваць поўны кантроль украінскай дзяржавы над сваёй тэрыторыяй.
Менш зразумела, чаго хоча Расея. Ад дакладнага фармуляваньня сваіх мэтаў яна ўхіляецца. З асобных выказваньняў расейскіх афіцыйных асобаў вынікае, што Масква імкнецца атрымаць гарантыі пазаблёкавага статусу Ўкраіны. То бок хоча не дапусьціць, каб яе заходні сусед уступіў у НАТО.
Але, падаецца, гэтая праблема цалкам вырашальная. Пэрспэктывы ўступленьня Ўкраіны ў НАТО блізкія да нуля. Паводле статуту Паўночнаатлянтычнага альянсу краіна, якая далучаецца да яго, не павінна мець тэрытарыяльных спрэчак з суседзямі. А тут мы маем ня проста спрэчку, а ваенны канфлікт. Плюс неўрэгуляваная праблема Крыму. Асабліва з улікам таго, што сусед — ядзерная дзяржава.
Ужо цяпер відавочна, што Захад ваяваць за Ўкраіну ня будзе. Нават фінансавая падтрымка з боку ЗША і ЭЗ мінімальная. Так што ў гэтым сэнсе Расеі асьцерагацца няма чаго.
Другое патрабаваньне Масквы палягае ў тым, каб Кіеў уступіў у перамовы з сэпаратыстамі і дамовіўся зь імі пра статус гэтых рэгіёнаў. Калі раней і былі нейкія ілюзіі наконт самастойнасьці лідэраў ДНР і ЛНР, то пасьля таго, як проста і хутка памяняліся ключавыя фігуры ў кіраўніцтве гэтых структураў, усё стала на свае месцы. Відавочна, што гэта поўныя расейскія марыянэткі. І іх вуснамі прамаўляюцца пляны Масквы.
Што ж кажуць лідэры сэпаратыстаў? Паводле агенцтва Інтэрфакс і РІА «Новости», прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» патрабуюць «прызнаньня Ўкраінай адмысловага статусу тэрыторыяў, якія кантралююцца народнымі рэспублікамі, стварэньня ўмоваў... для свабодных выбараў кіраўнікоў і дэпутатаў усіх узроўняў народных рэспублік на прынцыпах незалежнага народнага кіраваньня... Народныя рэспублікі са свайго боку гарантуюць... захаваньне адзінай эканамічнай, культурнай і палітычнай прасторы Ўкраіны і ўсёй прасторы Расейска-Ўкраінскай цывілізацыі».
То бок, калі перакласьці гэтыя заявы на звычайную мову, то выглядае, што Масква не патрабуе далучэньня ДНР і ЛНР да Расеі. Ня ставіцца задача стварэньня незалежных дзяржаў, кшталту Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыі, або нават Прыднястроўя. Як можна зразумець, Масква хоча, каб Данецкая і Луганская вобласьці мелі асаблівы статус у межах Украіны.
Але і Парашэнка кажа, што гатовы пашырыць аўтаномію рэгіёнаў. Здавалася б, калі праблема ўпіраецца ўсяго толькі ў паўнамоцтвы ўладаў абласьцей, то можна знайсьці кампраміс. Але тут узьнікаюць дзьве праблемы.
Па-першае, з кім Кіеў павінен весьці дыялёг па гэтым пытаньні? Гледзячы па ўсім, Парашэнка ня супраць абмяркоўваць згаданую праблему з Масквой. Але Крэмль адмаўляецца гаварыць на гэтую тэму — кажа, што ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы Ўкраіны. Маўляў, дамаўляйцеся з сэпаратыстамі.
Але Кіеў з прынцыповых меркаваньняў ня хоча дыскутаваць наконт праблемаў дзяржаўнага будаўніцтва з расейскімі марыянэткамі. Зь імі можна размаўляць пра спыненьне агню, абмен палоннымі, гуманітарныя пытаньні. Але толькі не пра юрыдычны статус гэтых рэгіёнаў.
Другая праблема. Кіеў быў бы і гатовы даць больш паўнамоцтваў рэгіёнам. Але ўсё ўпіраецца ў пытаньне: хто будзе кіраваць гэтымі абласьцямі? Здавалася б, адказ просты: трэба правесьці свабодныя выбары, абраць дэпутатаў, кіраўніцтва і весьці дыялёг зь імі. Дарэчы, пра гэта і гавораць лідэры сэпаратыстаў.
Але хто будзе ўдзельнічаць у гэтых выбарах? Насельніцтва Данецкай і Луганскай абласьцей разьбеглася ад вайны. Паводле некаторых ацэнак, у гарадах засталося каля траціны жыхароў.
І яшчэ больш важная праблема. Калі выбары пройдуць пад кантролем сэпаратыстаў (а менавіта гэта і падразумявае Масква), то вынікі іх вядомыя загадзя. Яны будуць прыкладна такія, як вынікі «рэфэрэндуму» ў Крыме. І выйдзе, што Данецкая і Луганская вобласьці будуць фармальна ўкраінскімі, а фактычна — расейскімі. Кіеў будзе іх фінансаваць, адказваць за сацыяльнае забесьпячэньне, а ў палітычным пляне яны будуць кіравацца Масквою. Відавочна, Кіеў на гэта пайсьці ня можа.
І атрымліваецца патавая сытуацыя.