«Канчатковыя дамоўленасьці, мяркую, паміж уладамі Кіева і паўднёвым усходам Украіны маглі б быць дасягнутыя падчас прызначанай сустрэчы кантактнай групы 5 верасьня гэтага году», — заявіў Пуцін.
Гэтая сустрэча прадстаўніка Ўкраіны — экс-прэзыдэнта Леаніда Кучмы, пасла Расеі Міхаіла Зурабава, пасланца АБСЭ Гэйдзі Тальявіні і прадстаўнікоў сэпаратыстаў мае прайсьці пасьлязаўтра ў Менску.
Прэзыдэнт Расеі падчас візыту ў Манголію заклікаў выключыць ужываньне авіяцыі супраць мірнага насельніцтва на паўднёвым усходзе Ўкраіны.
Уладзімер Пуцін адзначыў, што ў тэлефоннай размове зь ягоным украінскім калегам Пятром Парашэнкам быў абгавораны плян урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне. Кіраўнік Расеі паведаміў журналістам, што гэты плян складаецца зь сямі пунктаў.