Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьмічны карабель спрабуе наблізіцца да Сонца на найкарацейшую адлегласьць у гісторыі


Ілюстрацыйная выява Parker Solar Probe каля Сонца
Ілюстрацыйная выява Parker Solar Probe каля Сонца

Касьмічны карабель NASA спрабуе ўвайсці ў гісторыю. Сонечны зонд Parker пагружаецца ў зьнешнюю атмасфэру найбліжэйшай зоркі, вытрымліваючы жорсткія тэмпэратуры і экстрэмальную радыяцыю.

Зонд быў па-за сувязьзю на працягу некалькіх дзён, і навукоўцы будуць чакаць сыгналу каля 5:00 па Грынвічы 28 сьнежня, каб даведацца, ці выжыў ён. Зонд можа дапамагчы лепш зразумець, як працуе Сонца.

Доктар Нікола Фокс, кіраўнік навуковага аддзелу NASA, сказаў BBC News: «На працягу стагодзьдзяў людзі вывучалі Сонца, але вы не адчуваеце атмасфэры месца, пакуль не наведаеце яго.

І таму мы ня можам адчуць атмасфэру нашай зоркі, калі не праляцім празь яе».

Parker Solar Probe быў запушчаны ў 2018 годзе і накіроўваўся да цэнтру нашай Сонечнай сыстэмы. Ён ужо праляцеў міма Сонца 21 раз, набліжаючыся ўсё болей, але напярэдадні Каляд адлегласьць стала рэкордна блізкая.

Пры найбольшым збліжэньні зонд быў на адлегласьці 3,8 мільёна міляў (6,2 мільёна км) ад паверхні. Гэта можа здацца ня надта блізкім, але Нікола Фокс параўноўвае: «Мы знаходзімся за 93 мільёны міляў ад Сонца, так што калі я пастаўлю Сонца і Зямлю за адзін мэтар адно ад аднаго, то сонечны зонд Parker ужо за чатыры сантымэтры ад Сонца… так што гэта блізка».

Зонд павінен вытрымаць тэмпэратуру 1400 °C і радыяцыю, якая можа вывесьці з ладу бартавую электроніку. Ён абаронены вугляродна-кампазытным шчытом таўшчынёй 11,5 см, але найперш ягоная тактыка палягае на тым, каб хутка залятаць і вылятаць.

Фактычна ён будзе рухацца хутчэй, чым любы створаны чалавекам аб’ект. Хуткасьць 430 000 міляў на гадзіну — гэта як пераляцець зь Лёндана ў Нью-Ёрк менш чым за 30 сэкундаў.

Хуткасьць «Паркера» абумоўленая велізарнай гравітацыйнай сілай, якая на яго ўзьдзейнічае пры падзеньні на Сонца.

Навукоўцы спадзяюцца, што праходзячы скрозь зьнешнюю атмасфэру зоркі — яе карону — касьмічны карабель раскрые даўнюю таямніцу.

«Карона вельмі, вельмі гарачая, і мы ўяўленьня ня маем чаму», — тлумачыць доктар Джэніфэр Мілард, астраном з Fifth Star Labs ва Ўэльсе.

«Тэмпэратура паверхні Сонца — каля 6000 °C ці блізка таго, але карона, гэтая разрэджаная зьнешняя атмасфэра, якую вы бачыце падчас сонечных зацьменьняў, дасягае мільёнаў градусаў — а яна далей ад Сонца. Але як гэтая атмасфэра становіцца больш гарачай?“

Місія таксама павінна дапамагчы навукоўцам лепш зразумець сонечны вецер — пастаянны паток зараджаных часьцінак, якія вырываюцца з кароны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG