Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі, якія вучаць ненавідзець Украіну, ужо ў беларускіх кнігарнях


У адной з магілёўскіх кнігарняў. Выкладзеныя кніжкі Старыкава. Фота Аляксея Колчына
У адной з магілёўскіх кнігарняў. Выкладзеныя кніжкі Старыкава. Фота Аляксея Колчына

Кнігі антыўкраінскай накіраванасьці зьявіліся ў магілёўскіх кнігарнях.

Наведнікам «раяць пачытаць» творы расейскага пісьменьніка Мікалая Старыкава. У адной зь іх аўтар ставіць пад сумнеў дзяржаўнасьць Украіны ды зьневажае ўкраінцаў, вінавацячы ў тамтэйшых непарадках Злучаныя Штаты Амэрыкі. Магілёўскія праваабаронцы лічаць кнігі Старыкава экстрэмісцкімі. У аб’яднаньні ж «Магілёўсаюздрук», якому падпарадкоўваюцца кнігарні, заяўляюць, што Старыкаў выказвае свой уласны погляд на ўкраінскія падзеі.

На кнігі Старыкава зьвярнуў увагу магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын у адной з кнігарняў. Фатаздымак зь імі выклаў у сацыяльныя сеткі. На думку праваабаронцы, зьяўленьне такіх кніг і падобных яму аўтараў у кнігарнях беларускіх гарадоў носіць характар мэтанакіраванай, прадуманай кампаніі.

«Кампанія па распаўсюду такога кшталту кніг накіраваная на падтрымку таго, што робіць суседняя дзяржава ва Ўкраіне, — лічыць Аляксей Колчын. — Накіраваная менавіта на ідэалягічнае абгрунтаваньне ўсіх гэтых падзеяў і фармаваньне грамадзкай думкі ў Беларусі адпаведным чынам. Дужа не хацелася б, каб тая вакханалія, якая творыцца на расейскім тэлебачаньні, распаўсюджвалася і на кнігарні».

Аляксей Колчын заяўляе, што ён і ягоныя калегі разглядаюць магчымасьць звароту ў беларускія кампэтэнтныя органы: «Каб далі ацэнку гэтым выданьням, бо яны, як на мой пагляд, носяць экстрэмісцкі характар, — кажа праваабаронца. — Калі ўрад сяброўскай нашай дзяржавы называецца няйначай як „хунта“ — гэта наўрад ці ўпісваецца ў межы прыстойнасьці».

У сваёй кнізе «Украина. Хаос и революция — оружие доллара» Мікалай Старыкаў ставіць пад сумнеў дзяржаўнасьць Украіны ды зьневажае ўкраінцаў. У лютым 2014 году, як напісана ў анатацыі да кнігі, ва Ўкраіне адбыўся дзяржаўны пераварот, які фінансавалі Злучаныя Штаты Амэрыкі.

У акцыянэрным таварыстве «Магілёўсаюздрук» не пагадзіліся з думкай, што зьяўленьне кніг Старыкава ў сьвятле апошніх падзеяў ва Ўкраіне выглядае прынамсі правакацыйна.

Гэта ж меркаваньне Старыкава, а не меркаваньне нашай дзяржавы і народу

«Гэта ж меркаваньне Старыкава, а не меркаваньне нашай дзяржавы і народу, — даводзіць сваю пазыцыю кіраўнік таварыства Аляксандар Чачора. — Яны ж падаюць сваё меркаваньне па цэнтральным тэлебачаньні, якое 80 працэнтаў беларусаў глядзяць. Ну дык бог зь ім, няхай падаюць. У нас сваё меркаваньне ёсьць».

На закід, што ў кнігарнях няма кніг у падтрымку дзяржаўнасьці Ўкраіны і амаль адсутнічаюць кнігі ўкраінскіх аўтараў, спадар Чачора адрэагаваў:

«Я падтрымліваю дзяржаўнасьць Украіны. Я ўзяў украінку на працу, і матэрыяльную дапамогу аказваем. І кіраўнік нашай дзяржавы ўказ выдаў пра матэрыяльную і сацыяльную падтрымку ўкраінскіх уцекачоў. Мы цалкам падтрымліваем украінскі народ і дзяржаўнасьць. Ну, напісаў Старыкаў — каму цікава, няхай чытае. Я ня бачу тут ніякай праблемы».

На кніжным рынку мае быць любая літаратура, акрамя той, якая з розных прычынаў забароненая законам, лічыць беларускі літаратар і палітык Уладзімер Някляеў. У Польшчы, напрыклад, дужа вострае пытаньне з праявамі побытавага антысэмітызму, але ў кнігарнях прац з альтэрнатыўнымі падыходамі і поглядамі на гэтую тэму мноства. Чытай, аналізуй і рабі высновы, даводзіць Уладзімер Някляеў, але тут жа заўважае:

«Але гэта калі існуе дэмакратыя, калі не існуе палітычнай і ідэалягічнай барацьбы, якая гатовая ператварыцца ў барацьбу са зброяй, у вайну. Цяпер гэта найперш тычыцца Ўкраіны, зь якой мы маем выступаць адзіным палітычным фронтам. Калі такога фронту ня ўтворыцца, то бліжэйшым часам, — лічыць Уладзімер Някляеў, — тое самае, што ва Ўкраіне, адбудзецца і ў нас.

На рынку цяпер накідана такой літаратуры, як у Старыкава, безьліч, — працягвае палітык. — Калі ты за тое, каб Беларусь заставалася незалежнай і вольнай дзяржавай, ты павінен ставіць заслон, як ставяць заслон любому варожаму памкненьню».

Высьветліць, наколькі папулярныя творы Мікалая Старыкава ў магілёўскіх кнігарнях, не ўдалося. Стосы з кнігамі Старыкава маюць суправаджальны расейскамоўны надпіс «Николай Стариков. Рекомендую почитать». У адной з кнігарняў пасьля пытаньня пра попыт і роспыты, што нясуць такія кнігі, падзякавалі за сыгнал і паабяцалі прыбраць іх з продажу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG