Кніга «Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты. Оборона Донбасса» зноў зьявілася на сайце інтэрнэт-крамы Oz.by.
Таксама на сайце можна знайсьці і іншыя антыўкраінскія кнігі: «Украина. Хаос и революция — оружие доллара», «Охота на Бандеру. Как боролись с `майданом` в СССР», «Бандера и бандеровщина» ды іншыя.
У адказ у сацыяльных сетках памнажаюцца заклікі адмовіцца ад паслуг гэтай крамы.
У фэйсбуку створаная адмысловая старонка, якая дала пачатак кампаніі “Байкатуем кнігарню oz.by”, дзе зьбіраюць правакацыйныя кнігі, разьмешчаныя на сайце гэтай інтэрнэт-крамы.
21 жніўня ў твітэры кнігарні зьявілася паведамленьне з выбачэньнямі за продаж кніг «Оборона Донбасса. Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты» і «Крым навеки с Россией. Историко-правовое обоснование воссоединения республики Крым и города Севастополь с Российской Федерацией»:
Друзья. На сайт вчера попала одна дрянная книга. Попала по глупости. Такой "литературы" у нас больше не будет. Приносим свои извинения.
— OZ.by (@OZ_by) August 21, 2014
25 жніўня дырэктар інтэрнэт-крамы Андрэй Грыневіч паведаміў tut.by, што гэта было «некарэктнае выказваньне ў сетцы аднаго з нашых супрацоўнікаў, які выказаў сваё асабістае меркаваньне, выдаўшы яго за меркаваньне кампаніі».
Ён таксама падкрэсьліў, што інтэрнэт-крама рэалізуе кнігі і іншую прадукцыю, дазволеную заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Пра тое, што можна ці нельга прадаваць на тэрыторыі краіны, прымаюць рашэньне спэцыяльныя дзяржаўныя органы.
«На думку OZ.by, ніякая кніга ня можа быць „кепскай“, і тым больш мы не прэтэндуем на ролю цэнзараў», — адзначыў Андрэй Грыневіч і паабяцаў, што ў кліентаў крамы будзе права выбару.
26 жніўня кніга «Оборона Донбасса. Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты» ды шматлікія іншыя адпаведнай тэматыкі зноў зьявіліся на сайце інтэрнэт-крамы і выклікалі новую хвалю абурэньня.