Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Зубаў: Грамадзянская вайна ідзе ва Ўкраіне, Расеі і Беларусі


Андрэй Зубаў
Андрэй Зубаў

Госьць Свабоды – прафэсар, доктар гістарычных навук Андрэй Зубаў, які быў звольнены з працы ў Дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін у Маскве за выказанае 24 сакавіка параўнаньне анэксіі Крыму зь дзеяньнямі гітлераўскай Нямеччыны ў 1938 годзе.

Ганна Соўсь: Нядаўна вы назвалі ваеннае ўварваньне Расеі ў некаторай ступені посьпехам Украіны...

Андрэй Зубаў: Канечне. Пуцін імкнуўся абысьціся малымі сродкамі, як ён гэта рабіў у Крыме, і вырашыць праблему ўсёй Наваросіі – мабілізаваць сваіх прыхільнікаў, выкарыстаць малую колькасьць дывэрсійных групаў, каб ня выклікаць абурэньня ва ўсім сьвеце і, як вынік, – адарваньня. Гэтага не атрымалася. Украінскія войскі аказаліся баяздольнымі, яны пачалі змагацца, прычым змагаюцца ўсё лепей і лепей. Тады Пуцін адказаў на просьбу паўстанцаў і даў ім цяжкую тэхніку, танкі, устаноўкі «Град», артылерыю. У нейкай ступені гэта дапамагло, але потым усё ж прывяло да таго, што нічога яны зрабіць ня могуць, Ілавайск амаль узяты, Данецк і Луганск акружаныя. Паўстанцы папрасілі аб уводзе рэгулярнага расейскага войска на тэрыторыю Ўкраіны, таму што сваімі сіламі яны нічога зрабіць ня могуць. Гэта, праўдападобна, тлумачыцца, чаму ўсе кіраўнікі сэпаратысцкіх рэспублік былі адхіленыя. У іх былі свае ідэалы, яны імкнуліся да сваіх мэтаў, а прыйшлі расейскія войскі, і на іх месца былі пасаджаныя простыя выканаўцы волі Пуціна без фантазіі. І таму ўвод гэтых войскаў азначае, што ўкраінскае войска ўмела ваюе і перамагае. І ўжо інакш, чым уводзіць лепшыя часткі, элітныя, дэсантныя войскі, нічога не атрымаецца... Але я думаю, што і тут нічога не атрымаецца.

Соўсь: Калі праводзіць гістарычныя паралелі, то зь якім гістарычным пэрыядам можна параўнаць цяперашні стан расейска-ўкраінскага канфлікту? Тое, што зараз адбываецца ва ўсходняй Украіне, называюць расейскім уварваньнем. Якое ваша вызначэньне сёньняшняй сытуацыі?

Зубаў: Тут напрошваецца шэраг вельмі важных паралеляў. Я не кажу ўжо пра паралелі з Другой сусьветнай вайной, таму што ўкраінскае войска ўжо паказала, што ваюе нядрэнна, мужна, як ваявала Чырвоная Армія, калі ўварваліся нямецкія войскі. Яна адступала, цярпела паразы, але не была зламаная. І ў выніку перамагла. Быў свой Сталінград, і Чырвоная Армія перамагла. Мне падаецца, што сытуацыя падобная не на Польшчу, тым больш не на Чэхаславаччыну 1938 году, а падобная на барацьбу ў Савецкім Саюзе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая ў выніку стала пасьпяховай.

Але і аналёгіі больш блізкія мне цяпер бачацца. Гэта тое, што адбывалася ў Югаславіі напачатку 90-х гадоў. Тады камуністычна думаючыя сэрбы на чале зь Мілошавічам, якія імкнуліся абараніць сваю, як бы мы сказалі, малую імпэрыю Югаславію. Яны пачалі вайну супраць усіх рэспублік, якія аддзяліліся, каб ізноў аднавіць уладу і стварыць вялікую сэрбскую дзяржаву. У выніку нічога не атрымалася і Мілошавіч апынуўся ў Гааскім трыбунале. Гэтая аналёгія цяпер вельмі блізкая.

Трэці момант, не аналёгія, а проста важны факт. Да нядаўняга часу тое, што адбываецца ва Ўкраіне, называлі грамадзянскай вайной ва Ўкраіне, калі нібыта расейскамоўны, саветоідны Ўсход змагаецца супраць украінскамоўнага цэнтру і Захаду. Насамрэч цяпер зразумела, што размова ідзе не пра грамадзянскую вайну ва Ўкраіне, у якую ўмешваецца Расея, а пра грамадзянскую вайну на ўсёй пасьлясавецкай прасторы. Гэта грамадзянская вайна старога, савецкага паводле мэнталітэту таталітарнага грамадзтва з новым, вэстэрнізаваным, жадаючым ісьці ў Эўропу і будаваць дэмакратычную дзяржаўнасьць грамадзтвам. Паўсюль. І таму людзі ў Расеі, якія падтрымліваюць Украіну, якая імкнецца на Захад, яны на баку не Ўкраіны, яны на баку новага накірунку ў грамадзянскай вайне. Гэта выразна бачна ў зносе ці аднаўленьні помнікаў Леніну, Сталіну і гэтак далей. А тыя, хто наадварот падтрымліваюць савецкае, ці ў Данбасе, ці ў Цэнтральнай Украіне, у Крыме, у Расеі, у Беларусі – яны на другім баку ў грамадзянскай вайне. Цяпер на палях паўднёвага ўсходу Ўкраіны праходзіць фронт грамадзянскай вайны ўсёй постсавецкай прасторы. Гэта вельмі важна зразумець.

Соўсь: Як вы лічыце, ці мае сэнс далей выкарыстоўваць перамоўную пляцоўку ў Менску?

Зубаў: Я думаю, што перамовы заўсёды трэба выкарыстоўваць. Увогуле мець адкрытую пляцоўку для перамоваў – гэта заўсёды дора. Іншая справа, што гэта не заўсёды прыводзіць да жаданага выніку, але перамовы весьці трэба, нягледзячы ні на што. Трэба пакідаць адкрытай магчымасьць ад ваеннага супрацьстаяньня перайсьці да мірных перамоваў. Але спадзявацца, што гэтыя перамовы прывядуць да капітуляцыі цяперашняй Украіны перад Расеяй наіўна. Я перакананы, што Ўкраіна не капітулюе, у канечным рахунку Ўкраіна, ці калі казаць па-іншаму, дэмакратычны заходні трэнд, заходняя дэмакратычная сіла ўсёй постсавецкай прасторы пераможа косную, кадэбісцкую камуністычную сілу, якая таксама вельмі моцная на постсавецкай прасторы.

Соўсь: Як вы сябе адчуваеце ў Расеі? Ці спазнаеце ганеньні, прэсінг?

Зубаў: Я сябе адчуваю так, як цяпер сябе адчуваюць усе людзі на постсавецкай прасторы. Цяпер цяжкі момант. Я ўжо не прафэсар МГІМО, 30 чэрвеня я быў звольнены з інстытуту.

Соўсь: Ці ёсьць у вас магчымасьць працы ў Расеі?

Зубаў: Пакуль ёсьць. Асобныя прыватныя прапановы, лекцыі, кнігі пішу. Пакуль на кавалак хлеба хапае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG