СМІ паведамляюць пра гібель барысаўчанкі Натальля Красоўскай, якая паехала ва Ўкраіну, каб ваяваць на баку сэпаратыстаў Данецкай народнай рэспублікі.
Пасьля таго, як дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка даў справаздачу пра тое, што 24 жніўня байцы Нацгвардыі Ўкраіны ў раёне сяла Яленаўка зьнішчылі калёну баевікоў, карыстальнікі інтэрнэту пазналі на адным з фотаздымкаў загінулых беларускую наёмніцу. «Пазаўчора нядзельнай раніцай паўрота байцоў „Шахцёрска“ разам з узводам байцоў спэцбатальёна міліцыі „Днепр-1“ і пры падтрымцы некалькіх адзінак бронетэхнікі 51-й мэханізаванай брыгады, пад агульным кіраўніцтвам Руслана Анішчанкі, правялі разведвальна-дывэрсійную апэрацыю ў раёне блёкпаста на трасе Данецк-Марыюпаль у раёне сяла Яленаўка, што прыкладна ў 20 км ад Данецка», — напісаў прадстаўнік МУС Украіны.
«Мэтай апэрацыі было перашкодзіць прарыву групы баевікоў колькасьцю каля 50 чалавек на некалькіх КрАЗ, Урал, КамАЗ праз блёкпост Яленаўка. У выніку добра зладжаных і рашучых дзеяньняў спэцбатальёнаў міліцыі і армейцаў тэрарыстам быў нанесены сакрушальны ўдар», — распавёў Антон Герашчанка.
Сайт «Хартыя-97» паведаміў, што сярод фотаздымкаў забітых у выніку апэрацыі інтэрнэт-карыстальнікі выявілі і беларуску Натальлю Красоўскую, якая была снайпэршай у складзе груп баявікоў ДНР.
Натальля Красоўская з Барысава стала вядомая дзякуючы інтэрвію, у якіх распавядала, чаму прыехала ваяваць на баку сэпаратыстаў ДНР.