Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cнайпэрка з Барысава працягвае забіваць украінцаў


Натальля Красоўская
Натальля Красоўская

Ураджэнка Барысава Натальля Красоўская, якая ваюе на баку сэпаратыстаў на Данеччыне, паведаміла, што супраць яе КДБ завёў справу за наёмніцтва. У чарговым інтэрвію, якое зьявілася ў інтэрнэце, Натальля, усьміхаючыся, кажа, што яна забойца. Дзяўчына носіць камуфляжную форму і пасьля кантузіі стала снайпэрам.

«Аднойчы мне сказала мая маці, што прыходзілі людзі з КДБ. Учора я ёй тэлефанавала — зноў нехта прыходзіў, нешта хацелі, нумары на праслухоўваньні. Спачатку сказалі, што дадуць мне 10 гадоў, потым супакоіліся і сказалі — да сямі. Як патлумачылі мне тут, за наёмніцтва. Я адразу кажу, што я не наёмнік, а добраахвотна сюды і бясплатна прыехала. Вось такія справы. У мяне быў аўтамат „Вася“, цяпер у мяне вінтоўка, яе завуць „Крысьціна“. Я забіваю ворагаў».

— Якіх ворагаў? Многія думаюць: ты забіваеш — значыць, ты забойца...

— Так і ёсьць... Я не баюся слова «забойца».

Таксама Натальля ўзгадала, як «калісьці прэзыдэнт Лукашэнка сказаў, што беларусаў на гэтым баку апалчэнцаў ня будзе, што беларусы захоўваюць нэўтралітэт і сядзяць дома».

«Праблема, відаць, у тым, што Аляксандар Рыгоравіч не апытаў усіх асабіста. Цяпер яму неяк трэба адказаць за свае словы, і ён усім беларускім апалчэнцам завочна дае тэрміны», — сказала снайпэрка зь Беларусі.

На пачатку чэрвеня снайпэрка з Барысава распавяла расейскім журналістам, як яна пачала ваяваць у Славянску Данецкай вобласьці.

«Я прыехала сюды 5 траўня. А 7 траўня я была ўжо ў Славянску. Я нарадзілася ў Беларусі. Вырасла ў Беларусі. І да прыезду ў Славянск я жыла ў Беларусі, у Менскай вобласьці, горадзе Барысаў, на вуліцы Трусава. Я не баюся паказваць свой твар і пашпарт, таму што ў бок беларускай мяжы я паеду толькі тады, калі ўсе памежныя заставы будуць занятыя апалчэнцамі», — сказала Натальля.

Таксама яна перадала прывітаньне «бацьку» Рыгоравічу на камэру журналістаў «Комсомольской правды»:

«„Бацька“, твае грамадзяне на гэтым баку. На ўсякі выпадак, каб ты ведаў, Рыгоравіч. Дзяўчаты, хлопцы — нас ніхто не адпраўляў, мы прыехалі сюды самі. Зь Беларусі тут ня я адна. Я проста хачу, каб ты, Рыгоравіч, гэта ведаў».

Раней зьяўлялася інфармацыя пра тое, што Натальлю кантузіла пад Славянскам. Пасьля некаторыя мэдыі памылкова паведамілі, што Натальлю затрымалі ўкраінскія сілавікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG