Пры гэтым, як сказаў Пяскоў у эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква», ён не разумее, чаму менавіта прэзыдэнту музыкант адрасуе заклік спыніць ягонае цкаваньне. Паводле прэсавага сакратара Пуціна, тое, што Макарэвіч трактуе як цкаваньне, можна назваць рэакцыяй грамадзкай думкі.
У апублікаваным на сайце «Камсамольскай праўды» лісьце Макарэвіч заклікае прэзыдэнта спыніць «шабаш, што ганьбуе яго імя» ў газэтах і на тэлебачаньні.
Лідэр «Машыны часу» распавёў, што на дабрачынным канцэрце для бежанцаў з Данецкай вобласьці ва ўкраінскім горадзе Сьвятагорску прасьпяваў тры песьні для дзяцей і ніякай віны за сабой не адчувае. Макарэвіч нагадаў, што «Машына часу» існуе 45 гадоў, здабыла мільёны прыхільнікаў у Расеі і сьвеце, і яе ніяк нельга абвінаваціць у нелюбові да радзімы.
СМІ, шэраг дзеячаў культуры і палітыкаў абвінавачваюць Макарэвіча ў тым, што ён выступаў перад «украінскімі фашыстамі», паводзіў сябе непатрыятычна. Некаторыя дэпутаты Дзярждумы і журналісты назвалі яго здраднікам і прапанавалі пазбавіць усіх званьняў і дзяржаўных узнагарод.
Прыхільнікі музыканта, апазыцыянэры і грамадзянскія актывісты заклікаюць спыніць перасьлед людзей, якія маюць адрознае ад афіцыйнага меркаваньне па сытуацыі ва Ўкраіне.