Пецярбурскі актор Алег Басілашвілі заклікае расейскае грамадзтва спыніць ідэалягічны перасьлед дзеячаў культуры і адмовіцца ад выкарыстаньня тэрміна «пятая калёна» ў дачыненьні да тых, хто мае адрознае ад расейскіх уладаў меркаваньне аб сытуацыі ва Ўкраіне.
Аб’ектам ідэалягічных нападаў у апошнія тыдні стаў сьпявак Андрэй Макарэвіч пасьля выступу з дабрачынным канцэртам перад дзецьмі-уцекачамі на ўсходзе Ўкраіны. Дэпутаты Дзяржаўнай Думы і патрыёты-журналісты заклікаюць пазбавіць Макарэвіча ганаровых званьняў і ўрадавых узнагародаў. Алег Басілашвілі адказвае на пытаньні Радыё Свабода:
— Мной рухае не карпаратыўны інтарэс, хоць Андрэй Макарэвіч, як і я — «работнік культуры», груба кажучы. У расейскай Канстытуцыі ёсьць радок, у якім гаворыцца: наша краіна — свабодная. Значыць, грамадзянін, артыст мае права рабіць усё, што не забаронена законам. За што асуджаюць Макарэвіча? За тое, што ён даў канцэрт у краіне, зь якой Расія фармальна не знаходзіцца ў недружалюбных адносінах. Вайна не абвешчаная, яна афіцыйна ня ідзе. Чаму Макарэвіч ня можа сьпяваць у гэтай краіне, дзе ў яго заплянаваны канцэрт?
Зразумела, што ён выступаў ва Ўкраіне, зь якой у нас, у Расеі, цяпер напружаныя адносіны. Але для каго ён сьпяваў? Ён сьпяваў для дзяцей, якія знаходзяцца ў страшным становішчы. Ідзе вайна, рвуцца снарады. І голас сьпевака Макарэвіча — вялікая радасьць для тых людзей, якія адчуваюць страты і гора. Яго голас — гэта суцяшэньне. Па-мойму, гэта — высакародны ўчынак. Тым больш, што гэта — бясплатны канцэрт, дабрачынны. Нічога дрэннага тут няма.
Мне кажуць: «Ах! Ён сьпяваў для дзяцей, для гледачоў, якія знаходзяцца на баку кіеўскіх уладаў!» Ну, і што? Ён жа сьпяваў для простых людзей. А любыя ваенныя дзеяньні — страшнае выпрабаваньне, гора для ўсіх. Нават для германскага насельніцтва ў часе Вялікай Айчыннай вайны, як і для савецкага насельніцтва. Калі б Макарэвіч сьпяваў у логаве Гітлера ў 1943-1944 гадах — вось гэта было б здрадай Радзіме.
Я не разумею, якім чынам, на якой падставе можна патрабаваць адабраньня ўсіх узнагародаў, званьняў і іншага ў Макарэвіча? Быў такі выпадак у СССР, калі акадэміка Сахарава хацелі пазбавіць усіх яго узнагарод. Патрабаваў, па-мойму, таварыш Суслаў. Прэзыдэнт Акадэміі навук Келдыш сказаў, што гэтага ў прынцыпе зрабіць немагчыма. Праўда, такі прэцэдэнт быў у сусьветнай гісторыі: Гітлер у свой час хацеў пазбавіць узнагародаў Эйнштэйна. На гэтым уся гэтая гісторыя скончылася.
— Як вы ставіцеся да той прапагандысцкай кампаніі, якая разгорнутая цяпер на цэнтральных расейскіх тэлеканалах? Калі ўспомніць савецкія часы, здаецца, і тады не было такой ідэалягічнай агрэсіі...
— За савецкім часам была суцэльная прапаганда, ад дзіцячых казак да кінафільмаў. Мы да гэтага прывыклі і лічылі звычайнай справай. Гэтак жа, як, дапусьцім, у якой-небудзь газавай камэры, у якой яшчэ можна дыхаць, людзі кажуць: «Ну, што ж... такое паветра наогул». Цяпер я, шчыра кажучы, вельмі мала гляджу тэлевізійныя перадачы, але часам даводзіцца. Уключаеш, а там — Салаўёў ці яшчэ нехта. І — набор людзей, які ўжо ў зубах навяз. Усе тыя ж самыя людзі, якія гавораць тыя ж самыя словы, за якія мне бывае проста сорамна. Чаму гэта адбываецца? Думаю, што слова «патрыятызм», якое часта цяпер гучыць, успрымаецца многімі няправільна, вельмі ўбога. Патрыётам я магу назваць чалавека, які любіць сваю Радзіму і робіць усё, што можа ў сваёй сытуацыі для таго, каб краіна была лепшай, прыгажэйшай, багацейшай і больш шчасьлівай. Адзін лічыць, што гэта трэба зрабіць так, іншы лічыць, што гэта трэба зрабіць інакш. Але ўсе гэтыя дзеяньні выкліканыя патрыятызмам, любоўю да сваёй краіны, да свайго народу. Называць тых, хто думае ня так, як ты, «пятай калёнай», называць іх «ворагамі», па-мойму, глупства.
— Вас не зьдзіўляе тая аднадушнасьць, зь якой расейцы падтрымліваюць палітычныя ініцыятывы Ўладзімера Пуціна? Яго рэйтынг — больш за 80%; увядзеньне прадуктовых санкцый супраць ЭЗ і ЗША падтрымліваюць нібыта 84% расейцаў і г. д... Як вы для сябе гэта тлумачыце?
— Па-першае, я ня вельмі веру ў гэтую лічбу «84%». Таму што я ежджу вельмі шмат, гутару з многімі людзьмі, і з размоваў зь імі ў мяне складваецца ўражаньне, што «84%» — гэта лічба значна завышаная. Але няхай. Дапусьцім, 84%. Чаму гэта адбываецца? Таму, што Расею доўга ўгаворвалі ў тым, што яна стаіць на каленях, і вось яна паднімецца. У кожным з нас моцныя патрыятычныя пачуцьці, пачуцьці патрыёта, пакрыўджанага нашым асяродзьдзем, нашымі суседзямі. І вось цяпер, калі мы, так бы мовіць, усталі з каленяў, як нам здаецца, і дэманструем усяму сьвету сваю сілу, гэта выклікае радасьць. Гэта ўсё ж такі нейкі дзіцячы погляд на жыцьцё!
Вось я слухаю размовы аб расейскай сельскай гаспадарцы, аб тым, што яна можа акрыяць, дзякуючы таму, што цяпер ня будзе ў Расею паступаць імпарт. Магчыма, яна і можа акрыяць, але для гэтага неабходныя пэўныя ўмовы — умовы, якія ў свой час Ягор Гайдар спрабаваў стварыць для расейскай харчовай прамысловасьці. Ён сказаў — я памятаю, гэта было прамоўлена ў маёй прысутнасьці і мела дачыненьне да вытворчасьці кураціны — што ніякай асаблівай дапамогі вытворцам аказваць ня трэба. Наадварот, ён заклікаў да канкурэнцыі з «заморскімі таварамі», таму што ў такім выпадку моцныя прадпрыемствы выжывуць, а слабыя нікому не патрэбныя. Навошта ім штучна дапамагаць, яны толькі адцягваюць грошы. Але калі мы пачнём дзейнічаць у сельскай гаспадарцы гэтак жа, як пры савецкай уладзе, то вядома, чым усё скончыцца: высокімі коштамі або нізкімі цэнамі і абсалютна пустымі паліцамі.
— У вас няма адчуваньня надыходу катастрофы ў краіне? Адчуваньня цёмнага гістарычнага тупіка, у якім апынуліся краіна і яе прэзыдэнт?
— Я думаю, пэўным сілам выгадна нагнятаць напружанасьць, казаць аб тым, што мы — у коле ворагаў, што неабходна зацягнуць паясы, што шмат чаго не хапае — і ўсё з-за вайны. Гэта вельмі выгадна шмат каму для таго, каб сьпісаць эканамічныя правалы. Мне здаецца, што ў гэтым, можа быць, ня ўся справа — але вельмі многае ад гэтага залежыць.
— Вам не паступаюць прапановы з таго ці іншага боку ўдзельнічаць у якіх-небудзь палітычных акцыях ці падпісваць якія-небудзь дэклярацыі?
— Не, мне ўжо амаль 80 гадоў, якія там акцыі! Але я, назіраючы за тым, што адбываецца, раблю высновы. Магчыма, яны і няправільныя. Але ў тым, што тычыцца, напрыклад, Макарэвіча, я маю цьвёрдую пазыцыю. Гэтае цкаваньне вялікага, прыгожага музыканта, паэта — ганьба.
— Што б вы хацелі сказаць прэзыдэнтам Украіны, Расеі, ЗША, эўрапейскіх краін, калі б мелі магчымасьць быць пачутым?
— Калі б селі ўсе разам, я б ім мог сказаць прыблізна наступнае: «Слухайце, браты! Як вам ня сорамна! Вы што, не разумееце, што гінуць людзі? І з таго, і зь іншага боку. Вы што, не разумееце, што льецца кроў, што дзяцей разьдзірае снарадамі, што паміраюць браты, сёстры, старыя! Ці вартая ваша амбітнасьць пралітай крыві? Спыніце гэта неадкладна. Плюньце на сваё самалюбства! Хопіць высьвятляць, хто пачаў, хто скончыў! Спыніце — і ўсё! Раз і назаўсёды. А ня тое дрэнна вам будзе. Улічыце!» Вось нешта накшталт гэтага я б хацеў ім прапанаваць.