Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядучы АНТ Іван Падрэз: Мяне вярнулі да беларускай мовы кнігі Караткевіча


Рэдкі для афіцыйнага тэлебачаньня беларускамоўны праект «Легенды.Live» зь вядучым Іванам Падрэзам стартуе на АНТ 1 верасьня. Праект музычны, і мэты ў яго — хутчэй адукацыйна-забаўляльныя, што і трэба для вячэрняга эфіру.

Распавядаць будуць гісторыі з жыцьця легендаў сусьветнай музыкі. «Рабілі стаўку больш на эмоцыі, чым на факты, — кажа Іван. — А нашы музыкі выканаюць свае вэрсіі знакамітых гітоў».

Здымкі адбываліся ў творчай прасторы «Цэх». Цікавасьць і сымпатыі да будучай праграмы падвышаныя і таму, што гаварыць у ёй будуць па-беларуску.

Іван — сам па-свойму легендарная тэлефігура, бо калісьці вёў папулярную ў беларускай моладзі праграму 5Х5, — у жыцьці расейскамоўны.

«Для мяне гэты праект — такі challenge (выклік — рэд.) — кажа Падрэз. — Я шмат працаваў з рэдактарам і на пляцоўцы, і падчас падрыхтоўкі».

Што замінае беларускаму тэлебачаньню гаварыць па-беларуску? Адказ далёка не відавочны. Галоснага ці негалоснага загаду гаварыць у эфіры па-расейску там няма дакладна — упэўнена сьцьвярджае Іван.

«Думаю, гэта не праблема адукацыі, а кожнага асобнага чалавека, — кажа ён. — Я лічу, што кожны сам адказны за сваю мову, за ўчынкі і за ўсё, што зь ім здараецца. Калі гэтая ўнутраная матывацыя ёсьць, то нават такі чалавек, як я, не беларускамоўны, загаворыць».

Праўда, як разьвіваць у кожным канкрэтным чалавеку матывацыю гаварыць па-беларуску і цікавіцца гісторыяй і культурай, Іван ня ведае. Але ахвотна тлумачыць, як гэта здарылася зь ім самім.

Я лічу, што кожны сам адказны за сваю мову, за ўчынкі і за ўсё, што зь ім здараецца. Калі гэтая ўнутраная матывацыя ёсьць, то нават такі чалавек, як я, не беларускамоўны, загаворыць

«У мяне матывацыя зьявілася з раманаў Караткевіча. І вельмі даўно. Я калі быў зусім малады, знаходзіўся ў беларускамоўным асяродзьдзі. Знаёмы зь Віктарам Жыбулем, паэтамі суполкі „Бум-бам-літ“, Вальжынай Морт. Пасьля неяк я ад гэтага адышоў, але гэта заўжды было. Была цікавасьць да беларускай мовы, культуры, сучаснай культуры і літаратуры таксама», — распавядае Іван.

«А пасьля неяк я стаў перачытваць раманы Караткевіча. Прачытаў усё, што было ім напісана. І зноў вярнуўся да мовы. Мне падалося, што яна настолькі прыгожая, цудоўная, што ў мяне зьявілася жаданьне штосьці зрабіць на ёй — у тэлепраектах ці на радыё. Ну вось так гэта ўсё і было», — сканчае сваю гісторыю вяртаньня да мовы Іван Падрэз.

Але сама праграма «Легенды.Live» — пра музыку. Каго ўзяць у легенды, думаць надта не давялося.

«Калі толькі называеш імя Элвіса Прэсьлі, Джона Ленана, Боба Марлі ці Курта Кабэйна, то адразу зразумела, што гэта легенда, — кажа Іван. — Зь беларускіх будуць толькі „Песьняры“. Але будуць расейскія гурты „Кино“, „Машина времени“. Зробім праграму пра „Аквариум“. На мой асабісты погляд, гэта самы ўплывовы расейскі гурт, а Барыс Грабеншчыкоў — постаць велізарная. Але пра іх зробім крышачку пазьней».

Каб перастварыць 60 сусьветных гітоў, спатрэбілася паўсотні беларускіх музыкаў. Паклікалі «Старога Ольсу», «У нескладовае», Akute, Navi ды іншых.

«Стары Ольса», — раскрывае Іван сакрэты, — зрабіў выдатны кавэр гіта «Мэталікі» One. А гурт «Ростані» пераўвасобіў культавую песьню «Нірваны» Smells Like Teen Spirit.

Іван кажа, што гэтая праграма — найперш для маладых.

«Мы імкнуліся распавесьці пакаленьню „хіпстэраў“ пра музыку, якая іх цікавіць, але няма сыстэмы ў ведах наконт гэтай музыкі, — кажа ён. — І спрабавалі, вядома, зрабіць гэта вельмі прыгожа па-рэжысэрску. Каб гэта было па-эстэцку, з густам».

Ці ня дзівіць яго ўвага да беларускай мовы? Дзівіць.

«Для мяне гэта таксама дзіўнавата. Я не разумею, чаму родная мова адразу робіцца сэнсацыяй. Я размаўляў па-расейску. Зараз у мяне будзе праект па-беларуску. Гэта добра, але нічога дзіўнага я ў гэтым ня бачу».

Я не разумею, чаму родная мова адразу робіцца сэнсацыяй. Я размаўляў па-расейску. Зараз у мяне будзе праект па-беларуску. Гэта добра, але нічога дзіўнага я ў гэтым ня бачу

Адмысловай мэты прыцягнуць увагу да мовы ў стваральнікаў праграмы тым больш не было.

«Мы спадзяёмся, што гэты праект, можа, і ня стане трэндам, але, можа, кагосьці падштурхне — ці да вывучэньня мовы, ці каб зрабіць нешта на мове. Гэта будзе добра. Таксама гэта будзе адна зь місіяў. Не асэнсаваная спачатку. Але калі гэта здарыцца, то будзе вельмі файна», — кажа Іван.

Маё перакананьне, і на тэлеканале яго падзяляюць, што праграмнага кантэнту на беларускай мове павінна быць болей, чым цяпер", — кажа Іван Падрэз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG