Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцу МЗС Нямеччыны заблюрылі на фота з новым кіраўніцтвам Сырыі


Скрыншот n-tv.de
Скрыншот n-tv.de

Зьвязаныя з групоўкай «Хаят Тахрыр аш-Шам» сеткавыя рэсурсы заблюрылі выявы міністаркі замежных спраў Нямэччыны Анналены Бэрбак на фатаздымках з сустрэчы ў Дамаску з фактычным лідэрам Сырыі Ахмэдам аш-Шараа.

«Як паказвае візыт Анналены Бэрбак у Дамаск, у новага сырыйскага кіраўніцтва, відавочна, ёсьць сур’ёзныя праблемы ў зносінах з уплывовымі замежнымі палітыкамі», — гаворыцца ў матэрыяле нямецкага тэлеканала N-tv.

Акрамя кіраўніцы МЗС, на фатаздымках заблюрылі яшчэ двух чалавек, як мяркуецца, перакладчыц.

У той жа час сырыйскае дзяржаўнае інфармагенцтва SANA, у адрозьненьне ад зьвязаных з «Хаят Тахрыр аш-Шам» каналаў, апублікавала фота Бэрбак бязь зьмен.

Раней увагу прыцягнуў эпізод з поціскам рукі. На кадрах сустрэчы відаць, што аш-Шараа паціснуў руку кіраўніку МЗС Францыі Жану-Ноэлю Баро, але ў выпадку з Бэрбак ён абмежаваўся жэстам, прыклаўшы руку да грудзей.

Каран не забараняе пацісканьні рукі паміж мужчынам і жанчынай, але строга рэлігійныя мусульмане, такія як чальцы «Хаят Тахрыр аш-Шам», лічаць, што такое вітаньне — першы крок да распусты, адзначае N-tv.

Ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» прызнана тэрарыстычнай у ЗША, Расеі і іншых краінах свету. Групоўка захапіла ўладу ў Сырыі 8 сьнежня. Зрынуты прэзыдэнт Башар Асад паляцеў у Расею, дзе яму далі палітычны прытулак. У МЗС Расеі 25 сьнежня заявілі, што Масква адкрыта да канструктыўнага дыялёгу з прадстаўнікамі ўсіх палітычных сіл у Сырыі.

Бэрбак і Баро — першыя міністры замежных спраў буйных заходніх краін, якіх прыняло ў Дамаску новае сырыйскае кіраўніцтва. Візіт абаіх палітыкаў праводзіўся ад імя ЭЗ.

Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

  • З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
  • 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
  • Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
  • На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
  • На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
  • У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
  • 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
  • На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
  • «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG