Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба, каб Беларусь была для беларусаў не варожай» — Мацкевіч


Тамара Мацкевіч
Тамара Мацкевіч

У гэтым годзе ў Беларусі былі зачыненыя 87 малакамплектных школ, у якіх навучаліся ад 10 да 30–40 вучняў. Пра гэта паведаміў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч на прэсавай канфэрэнцыі 14 жніўня.

«Яны неэфэктыўныя. Неабходна ствараць лепшыя ўмовы для навучаньня, і, безумоўна, лепшыя ўмовы будуць у новых школах, у якія пойдуць вучыцца дзеці з закрытых школ».

Пры гэтым міністар канстатаваў, што ў большасьці закрытых школ навучаньне вялося на беларускай мове.

Паводле Маскевіча, да пачатку навучальнага году ў Беларусі адкрыюцца чатыры новыя школы агулам на 3 тысячы навучальных месцаў: дзьве ў Менску і па адной — у Гародні і Берасьці.

«Гэта самыя сучасныя школы, дзе навучаньне будзе весьціся на беларускай і расейскай мовах, у адпаведнасьці з нарматыўнай базай, якая існуе сёньня, у адпаведнасьці з пажаданьнямі бацькоў», — паабяцаў Маскевіч.

Як заявіў міністар, у ведамстве ня бачаць праблемы ў выбары мовы навучаньня школьнікаў:

«Ёсьць магчымасьць навучацца або на беларускай, або на расейскай мове — я маю на ўвазе вывучэньне на гэтых мовах агульных прадметаў. Але мы сёньня ставім галоўную задачу: каб, пачынаючы з дашкольных навучальных устаноў і пачатковай школы асабліва, дзеці пасьпяхова валодалі і беларускай, і расейскай мовамі. Важна, каб дзеці маглі выкарыстоўваць, любілі і беларускую, і расейскую мову. Мы павінны ісьці такім шляхам, мне здаецца, каб і тое, і другое было нашым родным».

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды так пракамэнтавала гэтую сытуацыю:

Мацкевіч: «Тэндэнцыя закрыцьця беларускамоўных школ назіраецца штогод. У мінулым годзе больш за сто было. А цяпер, відаць, будзе зьмяншацца. бо ўжо няма чаго закрываць. Зразумела, што колькасьць беларускамоўных школаў зьмяншаецца, кожны год адно і тое ж. Тут няма нічога новага: вясковыя беларускамоўныя школы зачыняюцца. Вёскі гінуць».

Карэспандэнт: «Гэта зьвязана з тым, што вёскі гінуць, ці тут дзяржаўная палітыка такая?»

Мацкевіч: «І тое, і другое. Першае — што ўлады насамрэч разбурылі беларускую традыцыйную вёску, бо гэтыя аграгарадкі сябе не апраўдалі. Працоўных месцаў няма, моладзі на вёсцы няма, і школы, што называецца, „аптымізуюцца“. Яны звозяць дзяцей у буйнейшыя школы, які пераважна расейскамоўныя. З аднаго боку, гэта такі аб’ектыўны працэс. Зь іншага боку, беларуская мова не падтрымліваецца, і дзяржава, магчыма, і задаволеная, бо падручнікі не выпускаюцца. Нават фармальна беларускія школы ў такіх умовах, што яны фактычна расейскамоўныя».

Карэспандэнт: «Міністар кажа, што адчыняюцца новыя школы, дзе можна навучацца на беларускай і расейскай мовах...»

Мацкевіч: " Пабачым. Мне, шчыра кажучы, слаба верыцца ў гэта. Ён можа сказаць што заўгодна. Наш міністар толькі для прыгажосьці, ён мае мала паўнамоцтваў, каб нешта вырашыць у сфэры адукацыі. Можа, ён і хоча, каб так было. Пабачым, што атрымаецца".

Карэспандэнт:"Што павінна рабіць дзяржава дзеля беларускамоўнай школы?«

Мацкевіч: «Па-першае, трэба не перашкаджаць. Дзяржава ня тое што не падтрымлівае беларускамоўнае навучаньне, яна яго зьнішчае. Няма ніводнай ВНУ на беларускай мове, няма пэрспэктывы. Ёсьць такое сацыяльнае прыцясьненьне беларускамоўных, мова выцесьнена з усіх сфэраў жыцьця — палітычнай, эканамічнай. Законы ня пішуцца на беларускай мове. Яе штучна дзяржава сама маргіналізуе дзякуючы дзяржпалітыцы. Каб не перашкаджалі, то людзі б вучылі сваіх дзяцей па-беларуску, нягледзячы нават на гэта. Але няма падручнікаў, сутыкаюцца зь вельмі вялікімі праблемамі, настаўнікі кажуць, што ня могуць выкладаць па-беларуску. Фактычна няма працоўных сшыткаў па-беларуску. Нават у тых школах, дзе большасьць бацькоў напісала, каб гісторыю выкладалі па-беларуску, усё роўна выкладаюць па-расейску, бо, маўляў, няма падручнікаў. Такая атмасфэра зьнішчэньня ўсяго беларускага працягваецца на ўсіх узроўнях. Што тут трэба рабіць? Трэба, каб Беларусь была для беларусаў не варожай, не варожай да карэннай нацыі. А пакуль наша краіна варожая для нас. Таму зьнішчаецца культура, мова і навучаньне».

Карэспандэнт: «Ці зьвяртаюцца ў ТБШ людзі па дапамогу?»

Мацкевіч: «Штогод зьвяртаюцца людзі, якія б хацелі вучыць сваіх дзяцей па-беларуску. Але яны ведаюць, што паўнамоцтваў у ТБШ няма, мы недзяржаўная арганізацыя і ніяк ня можам паўплываць на дзяржаву. Адзінае, што мы робім, — мы дапамагаем настаўнікам, дзецям і бацькам, якія ўсё ж вучаць сваіх дзяцей па-беларуску. Ёсьць у нас і альтэрнатыўныя падручнікі, і іншыя навучальныя сродкі. Мы ўсе, бацькі, настаўнікі, гуртуемся, каб нешта ў нас яшчэ атрымлівалася, каб падтрымлівалася беларускамоўнае навучаньне, пашыралася для дзетак беларускамоўная прастора, каб мульцікі, гульні, падручнікі, кнігі, дыскі былі. Гэта мы ствараем, каб дзеці, калі нават ходзяць у расейскую школу, мелі сродкі і магчымасьць не забыцца на сваю мову і ведаць свае карані».

РС

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG