Беларусь можа павялічыць пастаўкі харчаваньня ў Расею на 15–50% у залежнасьці ад віду прадукцыі.
Пра гэта пасьля сустрэчы зь віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы:
«Пастаўкі малочнай прадукцыі могуць быць павялічаныя на 40–50%, мясных паўфабрыкатаў — на 15–40%, гародніны — да 40%, бульбы — у два разы».
Паводле віцэ-прэм’ера, бакі пралічылі магчымыя крыніцы, дзе можна пераразьмеркаваць пастаўкі, і дамовіліся пра карэкціроўку балянсаў па шэрагу кірункаў. Пры гэтым аграрныя ведамствы дзьвюх краін маюць намер штотыдзень адсочваць сытуацыю па пастаўках і карэктаваць іх пры неабходнасьці.
Русы адзначыў, што Беларусь пры пастаўцы харчаваньня гатовая арыентавацца на канкрэтныя рэгіёны РФ — найперш на Маскву, Санкт-Пецярбург і Калінінградзкую вобласьць. Па выніках году экспарт беларускага харчаваньня можа скласьці $6,3–6,5 млрд.
На сустрэчы з Дварковічам абмеркаваныя таксама пытаньні рээкспарту. У сувязі з гэтым беларускі віцэ-прэм’ер адзначыў, што Беларусь мае намер строга кантраляваць транзытныя грузы, якія ідуць праз тэрыторыю краіны, перадае БелТА.