Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь стане Швэцыяй


Расея адмаўляецца ад імпарту харчаваньня з краінаў, якія ўвялі супраць яе санкцыі з-за палітыкі ва Ўкраіне. Беларуская палітычная кляса і беларускія прадпрымальнікі разьлічваюць атрымаць сваю выгаду з гэтай сытуацыі. Ці ёсьць адваротны бок гэтага мэдаля для Беларусі?

Прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў пастанову ўраду аб увядзеньні эмбарга на пастаўкі асобных катэгорый прадуктаў харчаваньня з краінаў, якія ўвялі супраць Расеі санкцыі з-за яе дзеяньняў у дачыненьні да Ўкраіны.

З пачатку 2000-х гадоў, паводле дадзеных Інстытута комплексных стратэгічных дасьледаваньняў, імпарт харчовых тавараў і сельгаспрадукцыі вырас у шэсьць разоў — да 43 мільярдаў даляраў у 2013 годзе, а на долю імпартнай прадукцыі прыпадае каля 40% выдаткаў насельніцтва на прадукты харчаваньня. Пры гэтым за апошнія гады ў структуры паставак імпартнага харчаваньня адзначаецца значнае павелічэньне па асобных катэгорыях тавараў. Зараз Расея найбольш залежыць ад імпарту садавіны і арэхаў, сухога малака, асобных відаў гародніны, сыру і ялавічыны. Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін у сваім указе прапаноўвае ўраду прыняць меры па замяшчэньні гэтых тавараў — як за кошт пастаўшчыкоў зь іншых краінаў, так і за кошт павелічэньня ўнутранай вытворчасьці.

Абвяшчаючы пра рашэньне ўраду, прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў сказаў, што Расея «да апошняга спадзявалася, што нашы замежныя калегі зразумеюць, што санкцыі — гэта тупіковы шлях, яны нікому не патрэбныя. Але яны не зразумелі. І сытуацыя склалася так, што мы вымушаныя пайсьці на меры ў адказ».

Але які з бакоў у гэтай сытуацыі пацерпіць у большай ступені — замежныя пастаўшчыкі харчаваньня або яго расейскія спажыўцы? Вось меркаваньне прафэсара факультэту сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Аляксея Партанскага:

— Даволі цяжка параўноўваць, асабліва ўлічваючы, што насельніцтва, грамадзяне тых краінаў, якія падпадаюць зараз пад нашы санкцыі (Эўразьвязу, ЗША), яны ў палітычным і сацыяльным сэнсе больш актыўныя. Таму, скажам, эўрапейскія фэрмэры могуць больш актыўна пратэставаць супраць сваіх урадаў, патрабуючы ўрэгуляваць гандлёвыя адносіны з Расеяй, чым у нас. Рэальна супаставіць шкоду даволі складана. Калі нам давядзецца зацягнуць паясы, то нам жа гэта не ўпершыню гістарычна, мы гэта неаднаразова праходзілі. Таму цяжка будзе канчаткова зрабіць выснову, наколькі гэта пашкодзіла нам. Тут пытаньне паўстае аб нашай адчувальнасьці. Мы гэта адчуем? Мы будзем выказваць сваю незадаволенасьць тым, што ў нас зьнік францускі сыр? Ці нам будзе абсалютна ўсё адно? Таму супастаўленьне тут само па сабе — гэта дастаткова складаная рэч.

РС: Прэзыдэнт і ўрад, тым ня менш, пакуль досыць аптымістычныя...

Наўрад ці Расея зможа скарыстацца такімі рычагамі, якімі пасьпяхова карыстаецца Аляксандар Лукашэнка

Партанскі: Трэба глядзець, наколькі мы будзем здольныя зрабіць замяшчэньне тых прадуктаў, якія зьнікнуць. Пры замяшчэньні, трэба сказаць, усё ж такі рост цэнаў непазьбежны. Зразумела, што тыя пастаўшчыкі, якія прыйдуць наўзамен эўрапейскіх або амэрыканскіх, у большасьці выпадкаў прапануюць больш высокія кошты: сяброўства сяброўствам, а бізнэс бізнэсам. Яны скарыстаюцца сытуацыяй. Гэта ўжо нэгатыўна адаб’ецца на спажыўцах, гэта значыць на нас. Гэта падштурхне інфляцыю, таму нэгатыў тут непазьбежны. А па некаторых прадуктах, можа быць, замяшчэньне наогул адбудзецца ня так хутка. Нешта такое часова зьнікне з паліцаў крамаў або будзе дастаткова дарагім. У выніку мне ўяўляецца, што спажывец гэта адчуе, хоць зразумела, што кіраўніцтва, урад Расеі будзе рабіць максымум магчымага, каб спажывец не пацярпеў. Але зрабіць гэта будзе вельмі цяжка.

РС: Вы сказалі, што кошты абавязкова павысяцца. Але Ўладзімер Пуцін даручыў ураду не дапусьціць падвышэньня коштаў. З пункту гледжаньня рынкавай эканомікі ці магчыма гэта зараз зрабіць у Расеі?

Партанскі: З пункту гледжаньня рынкавай эканомікі зрабіць гэта вельмі складана. Даручэньне ўраду — гэта арыенцір, маючы яго перад сабой урад павінен працаваць. Але не дапусьціць росту цэнаў у гэтых умовах, ва ўмовах рынкавай эканомікі, вельмі складана. Гэта магчыма хіба ў Беларусі, дзе спадар Лукашэнка неяк гэта ўмее рабіць. Але там не зусім рынкавая эканоміка. Наўрад ці мы зможам скарыстацца такімі рычагамі, якімі пасьпяхова карыстаецца Аляксандар Лукашэнка.

РС: Беларусь і Казахстан уваходзяць у мытны саюз, і яны не ўжывалі санкцыяў у дачыненьні да заходніх краінаў. Ці ня можа атрымацца так, што гэта імпартнае харчаваньне, забароненае да ўвозу ў Расею, нейкімі «шэрымі» схемамі пойдзе празь Беларусь і Казахстан?

Партанскі: Зразумела, ёсьць такая верагоднасьць, прыклады мы ўжо ведаем. Мы забаранялі пасьля 2006 году віно, напоі і фруктовыя кансэрвы з Грузіі і Малдовы, але да нас «Баржомі» празь Беларусь паступала. Гэта вядомы факт. Таму па «шэрых» схемах праз тую ж Беларусь да нас цалкам можа і ў далейшым паступаць нейкая прадукцыя. Але зноў жа, яна будзе даражэй, яна абавязкова будзе даражэй.

РС: А калі Расея пачне з гэтым змагацца, напрыклад, з дапамогай нейкіх кардонаў. Гэта што — канец Мытнаму саюзу?

Якраз цяпер пасты мытнага кантролю вельмі і вельмі б спатрэбіліся

Партанскі: Я ўжо неаднаразова гаварыў, што мы ўжо з будаўніцтвам мытнага саюзу крыху пасьпяшаліся. Калі пасьля 9 чэрвеня 2009 году мы абвясьцілі аб паскарэньні будаўніцтва мытнага саюзу, мы ўжо праз год, адначасова з увядзеньнем адзінага тарыфу, скасавалі мытны кантроль унутры мытнага саюзу. Вось гэтага якраз рабіць было ня трэба. У ЭЗ на скасаваньне мытнага кантролю ўнутры зьвязу спатрэбілася 35 гадоў. А мы адразу гэта зрабілі. Вось цяпер мы бачым, што мы пасьпяшаліся, але, вядома, ва ўрадзе ніхто гэтага не прызнае. Якраз цяпер пасты мытнага кантролю вельмі і вельмі б спатрэбіліся. Яны і без гэтага спатрэбіліся для барацьбы з кантрабандай, але зараз яны спатрэбіліся б асабліва. Ня ведаю, ці будуць іх аднаўляць. Нейкім чынам давядзецца і ў гэтых умовах змагацца. Для мытнага саюзу гэта, безумоўна, дрэнна.

РС: Як суадносяцца санкцыі і нормы Сусьветнай гандлёвай арганізацыі? СГА зараз можа рэальна нешта зрабіць, неяк паўплываць на Расею, на іншыя краіны?

Партанскі: Мы да апошняга часу казалі, што мы будзем скардзіцца ў сувязі з санкцыямі Захаду. А цяпер, калі абвясьцілі пра ўказ Пуціна, ужо прадстаўнік ЭЗ сказаў, што, як толькі зьявіцца сьпіс забароненых прадуктаў, яны яго вывучаць і будуць рыхтаваць скаргі і пазовы да Расеі ў сувязі з гэтымі забаронамі. Я мяркую, што ў гэтым выпадку, можа быць, у нашых партнэраў, у прыватнасьці, у Эўразьвязу, будзе больш шанцаў перамагчы ў спрэчцы, чым у нас, паколькі тое, што мы ўводзім — гэта больш відавочныя забароны ў гандлі таварамі. То бок, гэта больш відавочныя прамыя бар’еры ў гандлі, чым тыя санкцыі, якія ўвялі ЗША і ЭЗ. Фармальна ніхто не адмяняў правілаў СГА. Напэўна, абодва бакі будуць рыхтаваць свае пазовы, рыхтаваць абарону. Гэта пагражае нейкім абвальным паступленьнем пазоваў з абодвух бакоў. Такога СГА яшчэ ня ведала.

У чацьвер Уладзімер Пуцін паразмаўляў па тэлефоне з прэзыдэнтамі Беларусі і Казахстану Аляксандрам Лукашэнкам і Нурсултанам Назарбаевым аб каардынацыі дзеяньняў пасьля ўступленьня ў сілу забароны на ўвоз у Расею імпартнай сельгаспрадукцыі. У Менску лічаць, што новая сытуацыя адкрывае для мясцовай бізнэс-эліты выдатныя магчымасьці атрыманьня дадатковых даходаў ад рээкспарту замежнай прадукцыі ў Расію. Суразмоўца Радыё Свабода — беларускі інвэстыцыйны аналітык кампаніі Thompson Reuters Сьцяпан Сьвідзерскі:

У Беларусі спадзяюцца на звышпрыбыткі за кошт перапродажу ў Расею эўрапейскага харчаваньня як беларускага.

— Эўрапейскія тавары празь Беларусь даўно ішлі ў Расею пад маркай беларускіх. Справа ў тым, што сёньняшняя сытуацыя з санкцыямі прынцыпова ня новая, паколькі Расея час ад часу ўводзіла абмежаваньні на пастаўкі той ці іншай прадукцыі з краінаў блізкага альбо далёкага замежжа. І заўжды знаходзіліся «шэрыя» схемы, па якіх, напрыклад, беларускае мяса магло паехаць у Расею як украінскае, украінскае — як беларускае, а польскае мяса магло паехаць у Расею на польскіх грузавіках, толькі па дакумэнтах як беларускае. Сёньня сытуацыя нашмат больш маштабная, чым усе папярэднія гандлёвыя войны, але прынцыпова яна ня новая. Для атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, як ужо сказаў адзін зь беларускіх чыноўнікаў, гэта — Кландайк. Яны спадзяюцца на звышпрыбыткі за кошт перапродажу ў Расею эўрапейскага харчаваньня як беларускага.

РС: У якой ступені гэтыя надзеі апраўданыя?

Сьвідзерскі: На мой погляд, у вялікай, калі, вядома, расейскі ўрад ня вырашыць адкруціць сытуацыю з санкцыямі назад. На складах расейскіх гандлёвых сетак, а таксама ў расейскіх аптавікоў ёсьць дастатковая колькасьць харчаваньня з краінаў ЭЗ і ЗША. Гэтымі прадуктамі можна некалькі месяцаў напаўняць паліцы расейскіх крамаў. А пасьля гэтага, калі Расея даможацца некаторых саступак ад Захаду, ці, наадварот, пойдзе ў сваёй палітыцы назад, маштабнае эмбарга можа быць перагледжанае ў бок менш маштабнага.

РС: Вы дапускаеце, што пад беларускай маркай ў Расеі могуць зьявіцца экзатычныя для эканомікі Беларусі тавары: якія-небудзь мідыі, гішпанская вяндліна або што-небудзь падобнае? Ці такія камічныя выпадкі выключаныя?

Сьвідзерскі: Тэарэтычна гэта магчыма, але ўсё ж такі, думаю, што для паставак мідыяў знойдзецца якая-небудзь Новая Зэляндыя.

РС: А беларускія тавары (малочныя прадукты, мяса) ня хлынуць больш шырокім патокам на расейскі рынак?

Сьвідзерскі: Беларускія прадпрыемствы малочнай і мясной прамысловасьці актыўныя на расейскім рынку з сярэдзіны 2000-х гадоў, але іх вытворчыя магчымасьці досыць абмежаваныя. Па вялікім рахунку, Беларусь ня можа замяніць сабой такія велізарныя краіны, як ЭЗ і ЗША з Канадай. Вядома, некаторыя прыбыткі і некаторыя плюсы ў гэтай сытуацыі беларускія вытворцы могуць атрымаць. Але ўсё ж такі, на мой погляд, больш за ўсё радыя сытуацыі беларускія перакупшчыкі эўрапейскіх прадуктаў.

Галоўны мінус для Беларусі будзе ў сур’ёзным росьце цэнаў і падзеньні якасьці прадуктаў харчаваньня на ўнутраным рынку Беларусі.

РС: Украіна, галоўны экспарцёр сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею, раней таксама трапіла ў чорны сьпіс Масквы. Ці магчымы маштабны рээкспарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі празь Беларусь?

Сьвідзерскі: Натуральна. Думаю, што расейскія спажыўцы, эўрапейскія, украінскія, часткова амэрыканскія экспарцёры харчаваньня будуць шукаць таксама іншыя дзяржавы, якія маглі б стаць харчовым афшорам для рээкспарту ў Расею. Напрыклад, украінцы могуць зьвярнуць увагу на казахскіх, туркмэнскіх, турэцкіх патэнцыйных партнэраў. Рээкспарт будзе, і цяпер вельмі многія людзі задумаліся, як бы яго аптымальна арганізаваць.

РС: Беларуская палітычная кляса і беларускія прадпрымальнікі разьлічваюць, папросту кажучы, «наварыць» на гэтай сытуацыі. Ці ёсьць нейкі адваротны бок гэтага мэдаля, нейкія мінусы для Беларусі?

Сьвідзерскі: Галоўны мінус для Беларусі будзе ў сур’ёзным росьце цэнаў і падзеньні якасьці прадуктаў харчаваньня на ўнутраным рынку Беларусі. Не сакрэт, што расейскі спажывец гатовы плаціць за тавары больш, чым беларускі. Натуральна, для беларускага вытворцы, а таксама для імпарцёраў харчаваньня ў Беларусь, цікавей прадаваць свой тавар расейскаму спажыўцу.

РС: Ёсьць яшчэ і палітычны бок гэтага пытаньня. Расея, мяркуючы па ўсім, прымае рашэньні, ня надта кансультуючыся папярэдне са сваімі партнэрамі па мытным саюзе. Ці можа Аляксандар Лукашэнка адчуць палітычную крыўду, зьвязаную з тым, што пытаньне вырашылі безь яго?

Сьвідзерскі: На мой погляд, Аляксандар Рыгоравіч досыць цьвяроза ацэньвае сваё становішча і сваю значнасьць як у мытным саюзе, гэтак і ў сьвеце. Таму нэгатыўных эмоцый з гэтай нагоды ён не адчуе. Беларусь сёньня можа стаць як Швэцыя ў гады Другой сусьветнай вайны — перавалачнай базай паміж двума супрацьлеглымі геапалітычнымі блёкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG