Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея просіць беларускага сыру


Кіраўнік Россельхознадзора Сяргей Данкверт падчас візыту ў Менск 12 жніўня заявіў, што ў Беларусі «ёсьць выключны шанец» пастаўляць Расеі 200 тысяч тон сыру замест 100 тысяч, але беларускім вытворцам давядзецца «павялічыць зьменнасьць працы заводаў».

Сяргей Данкверт правёў перамовы зь міністрам сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанідам Зайцам.

Данкверт адзначыў, што ў Мытным саюзе няма ніякіх перашкодаў для павелічэньня аб’ёмаў паставак, апроч тых балянсаў, якія ўзгадняюць міністры. Паводле Данкверта, ужо час бакам адыходзіць ад гэтага.

Леанід Заяц зноў выказаў гатоўнасьць істотна павялічыць пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Расею. Ён паабяцаў ужо ў жніўні максымальна загрузіць заводы ў Беларусі, каб павялічыць пастаўкі сыру. Паводле міністра, уся беларуская прадукцыя адпавядае патрабаваньням высокай якасьці і бясьпекі, паведамляе БелТА.

Паводле РИА Новости, Сяргей Данкверт у Менску меўся абмеркаваць зь Леанідам Зайцам пытаньні недапушчэньня рээкспарту ў Расею з тэрыторыі Беларусі прадукцыі краін, якія падпалі пад эмбарга.

Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін сваім загадам забараніў на год пастаўкі харчаваньня з краін, якія падтрымалі санкцыі супраць Расеі. Эмбарга ўведзена на пастаўкі ялавічыны, сьвініны, птушкі, рыбы, сыроў, малака, садавіны і гародніны з Аўстраліі, Канады, ЭЗ, ЗША і Нарвэгіі.

Беларусь, у сваю чаргу, выказала гатоўнасьць павялічыць пастаўкі харчаваньня ў Расею.

Гэтае пытаньне беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Міхаілам Русым больш прадметна абмяркуе 13 жніўня ў Маскве зь віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам.

Міністар сельскай гаспадаркі РФ Мікалай Фёдараў заявіў журналістам, што дзясяткі краін сталі ў чаргу з прапановамі павялічыць імпарт сельгаспрадукцыі ў Расею. Сярод гэтых краін ён назваў Турэччыну, Іран, Ізраіль, Марока, Аргентыну, Эквадор, Пэру, Бразылію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG