Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка:Беларусь не адмовіцца ад імпартных далікатэсаў і купіць тавар, які трапіў пад расейскае эмбарга


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Беларусь не плянуе адмаўляцца ад закупаў імпартнага харчаваньня для ўнутранага рынку, аднак выканае свае абавязаньні пры транзыце тавараў праз сваю тэрыторыю ў Расею.

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам 11 жніўня прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Мясьніковіча, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

«Размаўляючы з прэзыдэнтам Расеі, мы вялі размову пра абарону, як ён сказаў, расейскага рынку. Гэта значыць, мы павінны выканаць свае абавязаньні па абароне саюзнага рынку (у нас адзіная мытня ў мытнай прасторы) у частцы транзыту грузаў з захаду празь Беларусь на расейскую тэрыторыю. Калі Расея закрыла свой рынак для пэўных тавараў, то мы гэтыя тавары транзытам празь Беларусь у Расею прапускаць не павінны», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь прытрымліваецца ў гэтым пытаньні дамоўленасьцяў, дасягнутых з прэзыдэнтам Пуціным падчас нядаўняй тэлефоннай размовы. Лукашэнка даў адпаведныя распараджэньні мытным органам. Пры гэтым ён адзначыў, што беларускі бок дзейнічае «разумна, у нармальным ключы».

Што да нашага ўнутранага рынку, мы асобна абгаварылі гэтае пытаньне. Гэта наша ўнутраная справа. Патрэбныя нам польскія яблыкі — мы купляем, але не для Расеі, а для ўнутранага рынку

Лукашэнка заявіў, што Беларусь не плянуе адмаўляцца ад закупаў імпартнага харчаваньня для ўнутранага рынку.

«Што да нашага ўнутранага рынку, мы асобна абгаварылі гэтае пытаньне. Гэта наша ўнутраная справа. Патрэбныя нам польскія яблыкі — мы купляем, але не для Расеі, а для ўнутранага рынку. Патрэбныя нейкія нямецкія далікатэсы — таксама набываем для ўнутранага спажываньня», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што краіна працягне закупляць па імпарце сыравіну для харчовай прамысловасьці, калі гэта будзе неабходна:

«Трэба нам нешта перапрацоўваць — мы купляем і перапрацоўваем. У сувязі з гэтым мы павінны быць сумленныя і, як абяцалі, вельмі прыстойна праводзіць палітыку ў дачыненьні да Расеі».

Таксама Лукашэнка даручыў па-людзку ставіцца да перавозчыкаў, якія «завязьлі» на мяжы з прычыны расейскага гандлёвага эмбарга, і ня выключыў, што Беларусь купіць забароненыя ў РФ заходнія прадукты для беларускіх патрэбаў або для перапрацоўкі на сваёй тэрыторыі:

Трэба нам нешта перапрацоўваць — мы купляем і перапрацоўваем. У сувязі з гэтым мы павінны быць сумленныя і, як абяцалі, вельмі прыстойна праводзіць палітыку ў дачыненьні да Расеі

«Рашэньне было ўведзена без папярэджаньня, нечакана. І на мяжы сабралася пэўная колькасьць аўтамашын, рэфрыжэратараў, у тым ліку з прадуктамі, якія хутка псуюцца. Ня трэба гэтых людзей крыўдзіць».

Лукашэнка зьвярнуў увагу Мясьніковіча на чэргі, якія ўтварыліся на мяжы, і папрасіў уважліва паставіцца да людзей, якія там цяпер знаходзяцца.

«Па-першае, гэта ж нашы і расейскія перавозчыкі — кіроўцы, экспэдытары. Па-другое, тавар аплочаны і закантрактаваны. Па-трэцяе, проста не па-людзку будзе, калі мы да гэтых людзей ненармальна паставімся. Дзейнічаць аж да таго, што калі пастаўшчык накіроўваў у Расею тавар і яго там сёньня не прымаюць, трэба прапанаваць яму прадаць на нашай тэрыторыі або забраць тавар для перапрацоўкі. Гэта значыць, тут трэба вельмі акуратна паступіць і ў дачыненьні да заходніх пастаўшчыкоў, каб мы па-людзку выйшлі з гэтай сытуацыі. Я думаю, гэта будзе не на шкоду Расеі. Гэта не супярэчыць абавязаньням, якія мы ўзгаднілі», — адзначыў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG