Сёньня ў Беларусі адзначаецца Дзень дэсантнікаў і сіл спэцыяльных апэрацыяў. Сьвяткуюць яго з размахам. Для падтрыманьня грамадзкага парадку мабілізуецца міліцыя, бо гарады навадняюць п’яныя былыя дэсантнікі. Выпіўка ў грамадзкіх месцах, акунаньне ў фантаны, бойкі — нязьменныя атрыбуты такога сьвяткаваньня. Як адзначылі былыя дэсантнікі свой дзень у Магілёве?
Адзначаць свой дзень былыя дэсантнікі пачынаюць зранку невялікімі групамі. У Магілёве адно з улюблёных месцаў іхнага гуртаваньня — парк на замчышчы. Сёньня тут сабралася няшмат хлопцаў у цяльняшках. Усе яны служылі ўжо ў беларускім дэсанце. На пытаньне, у чым ягоная адметнасьць ад, напрыклад, расейскага, хлопцы адказваюць:
«Беларускі дэсант ёсьць, але мы проста яго не адрозьніваем ад савецкага. Гэта адзін і той жа дэсант. Мы ў Расеі не служылі. Мы прысягалі сваёй роднай Рэспубліцы Беларусь. Нас усіх аб’ядноўвае блакітнае неба над галавой. У Расеі гэтак жа адзначаюць дзень дэсантніка 2 жніўня. І ва Ўкраіне той жа, праўда ня ведаем, як будзе цяпер».
На прапанову працягнуць гутарку пра падзеі ва Ўкраіне хлопцы не пагадзіліся. Заявілі, што ў сьвяточны для іх дзень гэтая тэма непажаданая. Калі б такі канфлікт як ва Ўкраіне адбыўся б у Беларусі, то, як сьцьвярджаюць суразмоўцы, яны б баранілі сваю краіну.
«Калі б на наш дом напалі, то кожны б бараніў яго, бараніў бы сваю сям’ю — аднолькава. З тым канфліктам ва Ўкраіне, што мы можам цяпер парабіць? Так мы братэрскія людзі — усе мы славяне. У нас ёсьць спагада да іх. Гэта ўсё палітыка. Там унутраны канфлікт. Нам туды няма чаго лезьці».
Былыя вайскоўцы прызнаюцца, што іншым разам перабіраюць з актыўнасьцю сьвяткаваньня, але тут жа заяўляюць, што 2 жніўня для іх сьвята душы, таму ня грэх і выпіць і павесяліцца.
З надыходам дзённай сьпякоты былыя дэсантнікі зьмяняюць месцы ранішняй сваёй дысьлякацыі бліжэй да фантанаў. Некаторыя ўжо на ладным падпітку без асаблівых роздумаў кідаюцца ў ваду. Навошта яны гэта робяць?
«Традыцыя ў гэтым ёсьць, але яна сыходзіць у глыбокія карані, якія нам, выбачайце, невядомыя, — адказвае адзін з тых хто пабываў фантане. — Мы спрабавалі знайсьці адказ на гэтае пытаньне, але нам гэтага не ўдалося».
Купаньне былых дэсантнікаў у фантанах мінакі успрымаюць па-рознаму — хто з ўсьмешкай, хто абыякава, а хто незадаволена. Некаторыя фатаграфуюць.
Адна з жанчын з усьмешкай адзначыла, што будзе пасьля купаньня былых дэсантнікаў у фантанах: «Пад вечар будзе невялікая бойка зь біцьцём твараў».
На заўвагу жанчыны адзін з былых дэсантнікаў адказаў: «Чаму, калі вялікая сьпёка і людзі купаюцца, то гэта нармальна, а калі дэсантнікі лезуць у фантаны, то для людзей гэта дзіка? Чаму гэта так? Для мяне гэта нармальна».
Мінакі прызнаюцца, што на Дзень дэсантніка не хацелі б сустракацца з тымі, хто яго сьвяткуе.
«Яны з такім разгулам сьвяткуюць, што лепей іх абысьці бокам, — зазначае жанчына, пабачыўшы, як дэсантнікі купаюцца. — У іх гэтак павялося, і ўсе пра гэта ведаюць: калі Дзень дэсантнікаў, то ўвесь горад шуміць».
Пра тое ж кажа яшчэ адна суразмоўніца: «Сярод іх ёсьць адэкватныя, што паглядзець прыемна, а ёсьць такія, што на ладным падпітку, дык тады жаданьне абысьці».
Ці скончыцца сёлетні Дзень дэсантніка бойкамі, стане вядома зь міліцэйскіх зводак. Пакуль рыхтаваўся гэты сюжэт іх не было. Міліцыя паблажліва ставілася да кампаніяў хлопцаў у цяльняшках з бутэлькамі алькаголю.