Віцебскія ўлады вырашылі збудаваць у раёне вуліцы Працы сем шматпавярховікаў, хоць у пляне забудовы гораду яшчэ ў 2012 годзе там быў аквапарк ды іншыя аб’екты адпачынку. Мясцовых жыхароў запрасілі на абмеркаваньне праекту будаўніцтва, але тут жа далі зразумець, што ад іхных меркаваньняў нічога не залежыць.
«Грамадзкае абмеркаваньне» — гэта ўсяго адна зь дзясятка ўмоваў, якія трэба выканаць, каб праект будаўніцтва жылых дамоў у раёне цяперашняй вуліцы Працы быў зацьверджаны. Пра гэта ад самага пачатку імпрэзы заявілі прадстаўнікі гарвыканкаму і галоўны архітэктар Віцебскай вобласьці Аркадзь Лапко.
Яны прэзэнтавалі плян будаўніцтва сямі жылых дамоў, у якіх жыхарам Віцебску будзе прапанавана пабудаваць 760 кватэр, інакш кажучы — 52,5 тысячы квадратных мэтраў «камэрцыйнага жыльля». Паводле архітэктурнага пляну, зацьверджанага ў 2003 годзе, у гэтым раёне меліся пабудаваць аквапарк ці палац водных відаў спорту, Дом паляўнічага і рыбалова, школу... Але цяпер перавагу аддалі жыльлёваму будаўніцтву — з разьлікам на тое, што кватэры непадалёк ад цэнтру будуць карыстацца попытам.
Гарадзкія ўлады гэтага нават не хаваюць, лічыць Віктар, які жыве побач з будучай будаўнічай пляцоўкай:
«Уражаньне такое, што ў аўтараў праекту адно жаданьне: пабудаваць дамы і прадаць кватэры. Пра нейкае захаваньне прыроднага ляндшафту, гістарычнага аблічча — і гаворкі няма. А гэта значыць, што ўся прастора навокал будзе застаўлена машынамі. Бо людзі, якія вырашаць будаваць там камэрцыйнае жытло, яўна ня бедныя, і ў кожнай сям’і будзе адна ці дзьве машыны».
Перагружаныя транспартам вуліцы, суцэльныя паркоўкі пад вокнамі замест зялёных дрэваў — гэта не адзіная праблема, якую бачаць мясцовыя жыхары. Вольгу, маладую маці, суседзі дэлегавалі на грамадзкае абмеркаваньне, каб даведацца пра разьвіцьцё інфраструктуры ў раёне новага будаўніцтва. Яна спытала, ці заплянаваны там дзіцячы садок, бо бліжэйшыя — і так перапоўненыя. Адказ быў адмоўны, кажа Вольга:
«Маё дзіця ходзіць у садок, дзе 29 дзетак у групе! А нарматыў — 20. Першы праект быў цудоўны — аквапарк, вялікі, з усім спартовым абсталяваньнем. Зараз кажуць — 760 кватэр. Цяпер на гэтым месцы пустэча, там усё пазносілі».
«Там за савецкім часам былі нейкія прамысловыя аб’екты, нейкія склады. Цяпер іх пазносілі — ужо падрыхтавалі пляцоўку», — абураецца Віктар, удзельнік абмеркаваньня.
Канструктыўнай размовы з чыноўнікамі, якія й ініцыявалі абмеркаваньне, ня выйшла: прадстаўнікі аддзелу архітэктуры адказ на кожнае пытаньне пачыналі са словаў: «вы не адмыслоўцы, таму нічога не разумееце». Апэлявалі да нейкіх нарматываў, паводле якіх колькасьць машын у дварах нібыта ня будзе задужа вялікай, і «коркі» ў час пік будуць толькі на працягу 40–50 хвілін. Пра будоўлю дзіцячага садка і новай школы сказалі катэгарычна: гэтае пытаньне мусіць ініцыяваць аддзел адукацыі.
Аднак грамадзянам прапанавалі запісаць свае прапановы ў адмысловы сшытак — каб даць на кожную пісьмовы адказ. Жыхары вуліцы Працы — прыватнага сэктару, які пойдзе пад знос, — ужо запісалі свае прэтэнзіі: у якасьці кампэнсацыі яны хочуць атрымаць новае жытло менавіта ў гэтым раёне, а не на ўскраіне. Яшчэ цэлая група тамтэйшых насельнікаў гатовая змагацца супраць будаўніцтва шматпавярховікаў, за добраўпарадкаваньне тэрыторыі і захаваньне зялёнай зоны, кажа Вольга:
«Там зараз пустка, якую трэба добраўпарадкаваць — стварыць парк, спартовыя пляцоўкі... Мы зразумелі, што трэба ўздымаць людзей. І нашы людзі гатовыя ўзьняцца — пісаць лісты, хадзіць на прыёмы да чыноўнікаў, выказваць пратэсты, адным словам».
Праўда, чыноўнікі адразу сказалі, што для іх прыватныя меркаваньні грамадзян — зусім не кіраўніцтва да дзеяньня. Грамадзкае абмеркаваньне зладзілі нават ня ў залі, а пад уваходнымі дзьвярыма, у калідоры ўправы капітальнага будаўніцтва. І адразу падкрэсьлілі, што яно — простая фармальнасьць, безь якой новую будоўлю не зацьвердзяць.
Мясцовыя жыхары ўжо ахрысьцілі яе «бэтонным гета» і маюць вялікія сумневы, што камэрцыйнае жытло ў ім будзе карыстацца вялікім попытам.