ПАДЗЕІ ДНЯ
Сямейны этнаграфічны летнік для маладых бацькоў зь дзецьмі пад Ракавам на хутары Алеся Лася, музыканта і этнографа. Працягнецца да 20 ліпеня. Мова летніка – беларуская.
Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» пачынаюць акцыю «Талака-2014». У кожны аўторак з 18.00 да 20.00 запрашаюцца ўсе неабыякавыя людзі для ўдзелу ў добраўпарадкаваньні ўрочышча.
У рамках кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў на «Барысаў-Арэне» пройдзе футбольны матч паміж БАТЭ (Барысаў) і альбанскім «Скендэрбеў». Пачатак а 20.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1410 – аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы атрымала перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэну ў бітве пад Грунвальдам. Грунвальдзкая бітва была адной з найбуйнейшых бітваў сярэднявечнай Эўропы і разглядаецца як найважнейшая перамога ў гісторыі Польшчы і Літвы. Паводле ацэнкі польскага гісторыка Стэфана Кучынскага, у бітве ўзялі ўдзел 39 000 польска-літоўскіх і 21 000 тэўтонскіх ваяроў.
У гэты дзень нарадзіліся:
1876 – Алаіза Пашкевіч (Цётка), беларуская паэтка.
Дзевятнасьце сотняў,
Як Езус радзіўся,
I за гэту пору
Мужык не зьмяніўся.
Пайшлі горы долам,
А далы гарамі,
Перасохлі моры
I сталі палямі.
А на гэтых полях
Камень пакрышыўся.
I за гэту пору
Мужык не зьмяніўся.
Цётка, фрагмэнт верша «Мужык не зьмяніўся»
1900 – Уладзімер Дубоўка, беларускі паэт.
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі, −
Ты самацьветаў яскравая нізка.
Кожны зь іх барвы дзівосныя мае,
Вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
Дзе б і якой не хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
Чую ў табе і раскат навальніцы,
Чую павевы зялёнага бору,
Водгульле працы ў родным прасторы.
Уладзімер Дубоўка, фрагмэнт верша «Родная мова...»
1930 – Жак Дэрыда, францускі філёзаф.