Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жальгірыс» — чэмпіён


Харугвы, «лёгкая татарская коньніца», Ягайла, Вітаўт... Кажуць, у базавым лягеры тэўтонаў, куды яны ў паніцы адступалі, перасьледваныя нашым аб’яднаным войскам, знайшлі шмат кайданоў і віна. У выніку кайданы надзелі на іх уладальнікаў, а ўсё нямецкае віно Вітаўт загадаў выліць на зямлю, і так чырвоную ад крыві.

Адным словам: Грунвальд. Якой дзівоснай музыкай гэта гучала ў канцы васьмідзясятых-пачатку дзевяностых!.. Гучыць і цяпер. Праўда, музыка гэтая больш для сябе — і мы чуем яе, толькі надзеўшы свае, беларускія, навушнікі. Імпартныя граюць трохі іншы матыў, і ўсе гісторыкі тут бясьсільныя. Тое, што большасьць удзельнікаў той перамогі паходзіла з этнічных беларускіх земляў, на суседзяў дзейнічае слаба: перамога была літоўска-польская, кажуць яны — і кропка. Якія яшчэ беларусы. Вас там не стаяла. Ці, дакладней, стаяла — але пад чужымі сьцягамі, бо да ўласных не дарасьлі яшчэ. Як той казаў, дзякуй за супрацоўніцтва.

Томас Венцлава піша, як некалі яму давялося пабываць у Вене і на свае вочы пабачыць крыжацкі музэй — сьціплы, зусім невялікі храм у аўстрыйскай сталіцы. Усё, што засталося ў гісторыі ад некалі магутнага рыцарскага ордэну. «Хаця гэта й сьмешна, я пачуваўся пераможцам, — піша Венцлава. — Бо ад Ордэну засталіся толькі маленькі храм з музэйчыкам, а мой край, які крыжакі хацелі заваяваць, усё там жа, дзе й быў...»

Венцлава — адзін зь нешматлікіх замежных інтэлектуалаў, якія ніколі не адмаўлялі беларусам у іхных заслугах і, што яшчэ важней, у іхным існаваньні. Цяжка дзяліць перамогу, асабліва вялікую, асабліва калі іх, вялікіх перамог, у гісторыі твайго народу было ня так ужо й шмат. Значна цяжэй, чым сабраць пад свае сьцягі народы з фактычна ўсёй Усходняй Эўропы — і пераканаць іх, што яна — іх агульны дом. І рэлігія тут не працуе. Трэба нешта іншае. Можа, адчуваньне свайго жыцьця на мяжы. Якое ня зьнікла ў гэтым Краі дагэтуль — нягледзячы на ўсе зьвязы, шэнгены і вуніі.

Бо 15 ліпеня 1410 году паміж Танэнбэргам, Грунфэльдам і Людзьвігсдорфам (амаль што паміж Стайкамі, Соснамі і Сокалам) хрысьціяне выйшлі на сьмяротны бой супраць хрысьціянаў. І білі адны адных з адным і тым самым імем Хрыста на вуснах. Вітаўт і Ягайла, якія на карціне Матэйкі моляцца за посьпех апэрацыі, кажуць прыкладна тое самае, што Вялікі магістар тэўтонаў, тое самае, што Валенрод і фон Ліхтэнштайн. Гэта была бітва не за веру, а за Эўропу — за тое, дзе ёй канчацца. Захад прайграў — і парадаксальным чынам пасунуў свае межы далёка на ўсход. Пасьля Грунвальду нас прызналі сілай, якую немагчыма ігнараваць. І хто ведае, дзе і на чым завяршалася б сёньня ідэя Эўропы і колькі квадратных мэтраў займаў бы музэйчык Беларусі, калі б ня тая перамога — дзяліць якую ня мела сэнсу тады, ня мае і цяпер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG