Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка будзе кіраваць, пакуль здароўе, альбо да рэвалюцыі». Апытаньне ў Магілёве


Апытаньне «Свабоды»: «Лукашэнка сёньня адзначае 20 гадоў пры ўладзе. Колькі ён яшчэ будзе кіраваць Беларусьсю?». Адказвалі жыхары Магілёва.

Наўпроставы лінк

Спадар: «Колькі зможа, столькі і будзе кіраваць. Пакуль здароўе дазволіць. Такі мэнталітэт у нашай дзяржавы. Ён яшчэ нас перажыве. Здароўя ў яго хапае. Да Брэжнева яму яшчэ далёка. У нас гэта ўсё засталося ад савецкіх часоў. Яшчэ гэта не перажылося».

Спадар: «Пакуль будзе здароўе — будзе кіраваць. У прынцыпе, бальшыню людзей ён задавальняе. Ёсьць людзі, якіх ён не задавальняе. Альтэрнатывы народ ня бачыць. Няма альтэрнатывы».

Спадар: «Я ня ведаю, ці ён кіруе, ці ўжо кіруе ім сытуацыя. Чыноўніцтва незадаволенае. На гэта варта зьвяртаць увагу, а не на простых людзей. Людзі ніколі сытуацыяй не кіравалі і, праўдападобна, ня будуць кіраваць».

Спадар: «Столькі, колькі яму дазволіць кіраваць наш народ. Не надышоў той час, калі прыйдзе другая кандыдатура. Няма пакуль такога ў народзе».

Маладая спадарыня: «Я так разумею, што ён будзе кіраваць, пакуль у нас не адбудзецца рэвалюцыя. Інакш ніяк. Карупцыя ў нас вялікая паўсюль. Пачынаючы ад дзіцячага садка і сканчаючы ўладай».

Юнак: «Для мяне заўжды быў Лукашэнка. Мне параўнаць няма з кім яго. Людзі будуць яго выбіраць, нягледзячы на тое, што ў яго ўзрост. Я не спрачаюся, што цякучка кадраў — гэта добра, але Лукашэнка — ад самага пачатку, мы да яго прывыклі. Іншых я папросту ня ведаю».

Юначка: «Мы нарадзіліся — ён ужо быў. Цяпер мне хутка васямнаццаць, а ён усё пры ўладзе. За ўвесь час ягонага кіраваньня ён, нягледзячы на свой узрост, падладжваецца пад зьмены ў сьвеце. І гэта прыкметна».

Малады спадар: «Колькі народ будзе выбіраць, столькі і будзе кіраваць. У нас жа не манархія».

Спадарыня сталага веку: «Дзесяць гадоў яшчэ, бо ў яго ж узрост. Мяне ён задавальняе. Я яго паважаю».

Юнак: «Напэўна, многа. Усе ж за яго галасуюць. Мы ня скардзімся на жыцьцё ў Беларусі. Горш ня будзе. Галоўнае, што ў нас няма вайны».

Спадар: «Альтэрнатывы пакуль не відаць. Але патрэбны сьвежы струмень. Тыя, хто відзён у друку цяпер, каго паказваюць па тэлебачаньні — яны яму не альтэрнатыва. У яго такая роля — бацюхны-цара. Калі нехта да яго трапляе непасрэдна, то пытаньні вырашаюцца».

Спадар: «Гадоў дзесяць яшчэ, можа. Сілы ў яго хапае. Энэргіі таксама. Трымае краіну ў парадку. У нас жа людзі такія — калі іх адпусьціць, то будзе тое ж самае, што ва Ўкраіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG