Басманны суд Масквы 10 ліпеня паўторна пакінуў пад хатнім арыштам былога гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнэра, які абвінавачваецца ва злоўжываньні паўнамоцтвамі.
Такое рашэньне суд прыняў па выніках разгляду справы, вернутай у ніжэйшую інстанцыю з Масгарсуда. Масгарсуд у мінулы панядзелак прызнаў незаконным падаўжэньне тэрміну хатняга арышту Баўмгертнэру і адправіў справу на новы разгляд у Басманны суд Масквы. Гарсуд матываваў сваё рашэньне парушэньнямі крымінальна-працэсуальнага кодэкса пры разглядзе справы, перадае Інтэрфакс.
Сьледчы камітэт Расеі хадайнічаў аб падаўжэньні тэрміну хатняга арышту да кастрычніка. Экс-гендырэктар «Уралкалія» быў арыштаваны ў Менску ў канцы жніўня 2013 году. Гэта адбылося прыкладна празь месяц пасьля таго, як «Уралкалій» абвясьціў аб спыненьні экспартных продажаў праз сумеснага зь «Беларуськаліем» трэйдэра «Беларуская калійная кампанія» (БКК).
У Беларусі яму былі прад’яўленыя абвінавачаньні ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Як сьцьвярджалі ў сьледчым камітэце Беларусі, Баўмгертнэр і яшчэ некалькі топ-мэнэджэраў «Уралкалія» і БКК ўступілі ў злачынную змову з мэтай абмежаваць доступ беларускага партнэра на рынак калійных угнаеньняў. Памер крадзяжу праваахоўныя органы Беларусі ацанілі ў $ 100 мільёнаў. Па гэтым абвінавачаньні Баўмгертнэру пагражала 10 гадоў пазбаўленьня волі.
У лістападзе 2013 году экс-кіраўнік «Уралкалія» быў экстрадаваны ў Расею і першы час утрымліваўся ў адным з маскоўскіх СІЗА. Пад хатні арышт яго зьмясьцілі 10 сьнежня 2013 году па хадайніцтву сьледзтва. Крымінальная справа Баўмгертнэра знаходзіцца ў вытворчасьці галоўнага сьледчага ўпраўленьня сьледчага камітэту Расеі.
Па вэрсіі расейскіх сьледчых, ён выкарыстаў свае паўнамоцтвы насуперак інтарэсам арганізацыі, у мэтах атрыманьня выгады «для сябе і іншых асобаў, што мела цяжкія наступствы». У пачатку красавіка 2014 году стала вядома, што Беларусь зьняла свой запыт у Інтэрпол на вышук Баўмгертнэра і былога акцыянэра «Ўралкалія» Сулеймана Керымава, які таксама праходзіў у «калійнай справе». Акцыі «Ўралкалія» (доля 27,76%) у структураў фонду Сулеймана Керымава ў сьнежні летась набыла кампанія «Онэксім» расейскага алігарха Міхаіла Прохарава.