Пастанова аб падаўжэньні арышту адмененая, матэрыялы накіраваныя ў Басманны суд Масквы на новы разгляд, паколькі на пасяджэньні ў раённым судзе былі дапушчаныя парушэньні некаторых нормаў крымінальна-працэсуальнага кодэксу, – паведамілі ў прэсавай службе Масгарсуду.
У красавіку Басманны суд Масквы падоўжыў арышт Баўмгернэра да 14 ліпеня.
Экс-гендырэктар «Уралкалія» быў арыштаваны ў Менску ў канцы жніўня 2013 году. Гэта адбылося прыкладна празь месяц пасьля таго, як «Уралкалій» абвясьціў аб спыненьні экспартных продажаў праз сумеснага зь «Беларуськаліем» трэйдэра «Беларуская калійная кампанія» (БКК).
У Беларусі яму былі прад'яўленыя абвінавачаньні ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Як сьцьвярджалі ў сьледчым камітэце Беларусі, Баўмгертнэр і яшчэ некалькі топ-мэнэджэраў «Уралкалія» і БКК ўступілі ў злачынную змову з мэтай абмежаваць доступ беларускага партнэра на рынак калійных угнаеньняў. Памер крадзяжу праваахоўныя органы Беларусі ацанілі ў $ 100 мільёнаў. Па гэтым абвінавачаньні Баўмгертнэру пагражала 10 гадоў пазбаўленьня волі.
У лістападзе 2013 году экс-кіраўнік «Уралкалія» быў экстрадаваны ў Расею і першы час утрымліваўся ў адным з маскоўскіх СІЗА. Пад хатні арышт яго зьмясьцілі 10 сьнежня 2013 году па хадайніцтву сьледзтва.
Крымінальная справа Баўмгертнэра знаходзіцца ў вытворчасьці галоўнага сьледчага ўпраўленьня сьледчага камітэту Расеі. Па вэрсіі расейскіх сьледчых, ён выкарыстаў свае паўнамоцтвы насуперак інтарэсам арганізацыі, у мэтах атрыманьня выгады «для сябе і іншых асобаў, што мела цяжкія наступствы».
У пачатку красавіка 2014 году стала вядома, што Беларусь зьняла свой запыт у Інтэрпол на вышук Баўмгертнэра і былога акцыянэра «Ўралкалія» Сулеймана Керымава, які таксама праходзіў у «калійнай справе».
Акцыі «Ўралкалія» (доля 27,76%) у структураў фонду Сулеймана Керымава ў сьнежні летась набыла кампанія «Онэксім» расейскага алігарха Міхаіла Прохарава.