Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казіно, дзе адмываюцца грошы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейская Дзярждума дазволіла стварэньне гульнявых зонаў у Крыме і Сочы. Як гэта рашэньне адаб’ецца на наведваньні расейцамі казіно ды іншых падобных месцаў у Беларусі?

Гульнявы бізнэс стаў своеасаблівай фішкай для Беларусі пасьля таго, як у 2009 годзе ў Расеі забаранілі казіно па-за межамі чатырох спэцыяльных зонаў, — адзначае кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«І тое, што цяпер расейцы ствараюць новыя месцы для гульцоў, гэта, безумоўна, стане канкурэнцыяй для падобных установаў у Беларусі. Але не адразу. І Крым, і Сочы пакуль лічацца ня вельмі бясьпечнымі рэгіёнамі. І, я думаю, павінна прайсьці два-тры гады, пакуль адбудзецца пераарыентацыя. А пакуль расейцы, якія езьдзяць у Беларусь пагуляць у казіно альбо зь нейкімі іншымі мэтамі, з большым імпэтам будуць наведваць нашу краіну. Можа, Сочы і крыху раней асвояць, а вось што будзе з Крымам — тут шмат невядомага».

Карэспандэнт: «У 2009 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Пры граматным падыходзе гульнявы бізнэс можа і павінен стаць дадатковай крыніцай папаўненьня бюджэту за кошт падаткаў, спрыяць стварэньню новых працоўных месцаў, прыцягненьню турыстаў і інвэстыцыяў у нашу краіну». Але лічбы кажуць пра адваротнае. Так, па выніках 2012 году юрыдычныя асобы, якія дзейнічалі ў сфэры гульнявога бізнэсу, заплацілі ў бюджэт краіны падаткі ў памеры 238 мільярдаў рублёў. Гэта толькі 0,2% ад агульнай сумы падаткаў.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«О-о-о, гэта ня тыя лічбы. Гульнявы бізнэс — вельмі непразрысты. Так склалася паўсюль, па ўсім сьвеце. І тут, магчыма, можна гаварыць пра мільярды даляраў. Праз казіно адмываюцца велізарныя грошы. І гэты бізнэс немагчыма рабіць безь сілавых структураў і стратэгічнага даху».

Дакладнай лічбы гульнявых установаў у Беларусі няма, бо нейкія зь іх зачыняюцца — а час ад часу, наадварот, адчыняюцца новыя. Але лічбы для параўнаньня існуюць. Так, у 1992 годзе было толькі адно казіно, цяпер іх каля 35. Дзейнічаюць каля 300 заляў гульнявых аўтаматаў, больш за 150 букмэкерскіх кантораў.

Менск часам нават называюць расейскім Лас-Вэгасам. Гульнявы бізнэс стала пастаўляе інфармацыю для крымінальнай хронікі. Найгучнейшыя скандалы, у прыватнасьці, былі зьвязаныя з «Данькоў-клюбам» і казіно «Шангры Ла».

А 26 кастрычніка 2009 году пры пасадцы ў Нацыянальным аэрапорце Менску разьбіўся прыватны самалёт «Hawker 125-800». На ім прэзыдэнт расейскай авіякампаніі «С-Эйр» Марат Рамашкін ляцеў у Беларусь, каб пагуляць у казіно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG