Прадпрымальнікі не чакаюць зьменаў у пазыцыі ўлады, якая ўвяла на тавары лёгкай прамысловасьці абавязковую сэртыфікацыю. Лёс дробнага прадпрымальніцтва, паводле іх, незайздросны. Бальшыня не хавае, што гатовая згарнуць бізнэс, распрадаўшы рэшту прывезенага з Расеі тавару. Пакупнікі тым часам кажуць, што не гатовыя абыходзіцца бяз рэчавых рынкаў.
Найбольш пратэстны ўчора Віленскі рынак сёньня застаўлены гандлёвымі намётамі напалову. Гандляры негаваркія. На большасьці намётаў вывешаныя таблічкі з надпісам «Распродаж». Пакупнікоў няшмат. Меркаваньні прадпрымальнікаў пра пэрспэктывы сваёй працы пэсымістычныя:
«На дадзены момант нічога скасоўваць ня будуць. Гэта выгадна, відаць, некаму зь дзяржавы, — выказваецца адзін з гандляроў. — Зноў пачнецца чорны бізнэс. Мы вяртаемся ў пачатак дзевяностых. Разьвівацца бізнэсу не даюць. У чым прычына, я сказаць не магу. Што да акцыі пратэсту, то яе не было. Проста людзі ня ведалі, як працаваць. Напалоханыя былі магчымымі праверкамі. Мы не патрэбныя. Нас хочуць сьпісаць. На дадзены момант усё змрочна».
Яшчэ адзін прадпрымальнік заяўляе, што гандляры рэчавых рынкаў — ахвяры вялікіх гандлёвых цэнтраў, змагацца зь якімі ў іх няма сілы: «Напэўна, нас чакае беспрацоўе. Усё ідзе да таго, што вялікі бізнэс паглынае малы. Гэта палітыка — вось і ўсё».
Сустракаюцца ў бізнэсоўцаў і спадзяваньні, што ўлада зьверне ўвагу на пустыя рынкі і зьменіць пазыцыю:
«Прынамсі, разьлічваем, што нас пачуюць улады і нейкія папраўкі, зьмены ўнясуць у цяперашнія патрабаваньні, — спадзяецца адзін з прадпрымальнікаў Віленскага рынку. — Калі ж нічога ня зьменяць, то, вядома, мы працаваць пры такіх умовах ня зможам і ня будзем. Прынамсі, настрой у людзей такі. Паўтаруся: мы спадзяёмся, што нас пачуюць і зразумеюць».
На яшчэ адным буйным рынку, Грабянёўскім, прыкладна траціна павільёнаў на замку. Тут таксама пакупнікоў няшмат. Гандляры кажуць, што ў людзей няма грошай, каб ісьці да іх на закупы.
Без сэртыфікатаў улады дазволілі распрадаваць толькі рэшту тавару, які застаўся непрададзены на 1 ліпеня. Новы ж тавар без дакумэнтаў прадаваць нельга. Абяцаньні чыноўнікаў, што будуць створаныя гуртавыя склады, дзе гандляры змогуць набываць тавар на продаж ураздроб, заяўляюць бізнэсоўцы, ня выкананыя. На тых, якія ёсьць, выбар малы, а цэны завысокія.
Пакупнікі ж прызнаюцца, што калі зьнікнуць павільёны з прывазнымі таварамі лёгкай прамысловасьці — давядзецца шукаць іншыя месцы, каб яго купіць.
Людзі не гатовыя да жыцьця бяз рэчавых рынкаў. — Выбару будзе менш
«Людзі не гатовыя да жыцьця бяз рэчавых рынкаў, — зазначае адна з пакупніц. — Выбару будзе менш. Людзям павінны даць магчымасьць выбіраць».
Пра выгады рынкавага гандлю кажа і яшчэ пакупніца. Яна разважае зь веданьнем справы: «На рынках нізкая арэнда і, адпаведна, у разы ніжэйшыя цэны, чым у павільёнах з высокай арэндай. Зразумела, ніжэйшыя і цэны на прадукцыю».
На думку наведніцы Грабянёўскага рынку, беларускае ня зможа замяніць прывазное:
«Найперш, у беларускім адсутнічае выбар у фасонах, ды яно і не такое таннае».
Тое, што частка павільёнаў зачыненыя, пакупнікоў дзівіць. Бальшыня зь іх ня ведае, чаму так адбываецца. Даведаўшыся, у чым прычына, да пазыцыі прадпрымальнікаў ставяцца, як правіла, з разуменьнем.