Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіёны страйкавалі, Менск працаваў


У сераду бальшыня прадпрымальнікаў, якія абвясьцілі страйк 1 ліпеня, зноў ня выйшлі на працу. Павільёны і палаткі на рэчавых рынках Горадні, Віцебску, Воршы, Горадні зачыненыя.

У Магілёве прадаўцоў на рынках крыху паболела ў параўнаньні з аўторкам. Менскія прадпрымальнікі не страйкуюць, усе сталічныя рынкі працуюць. Чаму няма еднасьці, салідарнасьці ў дробных прадпрымальнікаў і куды ім рухацца далей.

Прадпрымальнік з Горадні Юры Жыватоўскі другі дзень на працу не выходзіць. Кажа, што два дні ўжо бальшыня гандлёвых кропак на рэчавых рынках зачынена. Што будзе далей? Тое самае, што і ў мінулым годзе, выказаў меркаваньне Юры Жыватоўскі:

«Рэгіёны выйшлі з пратэстам, Менск працаваў, за выключэньнем двух рынкаў. Але праз тыдзень усе выйшлі на працу, пасварыўшыся між сабой. Тое самае будзе і зараз. Еднасьці няма. І не таму, што людзі кепскія. А таму, што лідэры ня могуць паміж сабой дамовіцца. А гэта дрэнна ў дачыненьні да людзей. Многія не разумеюць, што адбываецца. Людзям патрэбныя лідэры, якія б іх вялі кудысьці. Хоць у лідэраў, магчыма, свая тактыка і стратэгія: мы як бы ні да чога не заклікаем».

Старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» запэўніваў учора Радыё Свабода, што гэты страйк стыхійны, яго ніхто не арганізоўвае — маўляў, некаторыя прадпрымальнікі самі вырашылі не працаваць.

Другі лідэр, кіраўнік Менскай асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, ня лічыць, што страйк штосьці зьменіць:

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

«Па-першае, гэта вялікая чалавечая трагедыя. Людзі працуюць шмат гадоў, а ўмовы дзейнасьці карэнным чынам зьмяняюцца, і іх дзейнасьць становіцца немагчымай.

Ці дапаможа страйк прадпрымальнікам? Не, не дапаможа. Па-першае, у дробных прадпрымальнікаў, рынкавых гандляроў няма салідарнасьці: хтосьці страйкуе, хтосьці не. Па-другое, страйк можа нанесьці шкоду толькі самому прадпрымальніку — ён не атрымае прыбытку».

Зараз самі прадпрымальнікі вырашаюць, куды ісьці далей. Адна зь лідэраў віцебскіх дробных гандляроў Ірына Яскевіч распавяла, што 3 ліпеня яны будуць вырашаць на сходзе, што рабіць далей.

Гарадзенскі прадпрымальнік Юры Жыватоўскі кажа:

«На форуме я прапаноўваў: больш выйгрышна, стратэгічна слушна было б сказаць, што мы пакуль працуем, але патрабуем стварэньня працоўнай групы з урадам і адміністрацыяй прэзыдэнта. І працаваць разам па заканадаўстве і выпраўленьні, скажам так, тых „касякоў“, якія могуць прывесьці ў будучым да агульнага страйку ўжо па ўсёй краіне».

Сяргей Балыкін кажа, што дамову Мытнага Зьвязу ніхто адмяняць ня будзе. Што ж да такіх стыхійных неарганізаваных пратэстаў, то ўлада да іх ужо прызвычаілася:

«Больш за тое, яна імкнецца ліквідаваць дробных гандляроў на карысьць буйных. Буйныя гандляры ў найбольш выйгрышным становішчы, бо яны могуць гандляваць вялікімі партыямі тавараў, могуць зьніжаць цэны. У іх будзе і таньней, і якасьней. Натуральная ніша для дробнага бізнэсу — паслугі, установы грамадзкага харчаваньня, нейкія іншыя рэчы, якія не цікавыя буйным гульцам на рынку».

Зрэшты, сам Сяргей Балыкін лічыць, што такія парады наконт натуральных нішаў можна даваць прадпрымальнікам у краінах з разьвітой рынкавай эканомікай, да якіх Беларусь не адносіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG