Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік дырэктара Белавескай пушчы: ЮНЭСКО памылілася не цяпер, а раней


У Белавескай пушчы
У Белавескай пушчы

Намесьнік дырэктара нацыянальнага парку «Белавеская пушча» па навуковай дзейнасьці Васіль Арнольбік тлумачыць, чаму тэрыторыю пад асаблівай аховай на беларускім баку пушчы скарацілі на 5 тысяч гектараў:

«Камітэт усясьветнай спадчыны памылкова ўключыў усе 87 тысяч гектараў. Туды трапілі тэрыторыі, якія ня маюць ніякай каштоўнасьці, на якіх гаспадараць лясгасы. У 2008 годзе прыехалі на нас экспэрты Міжнароднага зьвязу аховы прыроды, якія рыхтуюць інфармацыю для ЮНЭСКО. Яны правялі экспэртызу і выдалі нам рэкамэндацыю паўторна намінаваць аб’ект, каб выключыць памылкі», — апавядае Арнольбік.

«Яны параілі нам уключыць 75 тысяч гектараў старой пушчы зь іншымі крытэрамі. Першапачатковы крытэр быў такі: «выбітны лес эстэтычнай каштоўнасьці, фэномэн прыроды». Пасьля Міжнародны зьвяз аховы прыроды прапанаваў нам намінаваць Пушчу паводле новых крытэраў: «выключнае месца з пункту гледжаньня эвалюцыі прыроды ў натуральным выглядзе» і «ўнікальная тэрыторыя з пункту гледжаньня захаваньня біяразнастайнасьці жывёлаў і расьлінаў». У 2008 годзе экспэрты нам сказалі: «Рабіце намінацыі з улікам новых крытэраў, бо пушча заслугоўвае значна болей, чым проста быць фэномэнам прыроды і прыгожым лесам».

ЮНЭСКО зьмяніла тэрыторыю той часткі Белавескай пушчы, якая лічыцца ўсясьветнай спадчынай.

Зацьверджанае пашырэньне зьмяншае беларускую тэрыторыю на 5291 гектараў, а польская частка павялічваецца амаль да 60 тысяч гектараў.

Такім чынам, агульная тэрыторыя, якая мае статус усясьветнай спадчыны, складае амаль 142 тысячы гектараў.

Той факт, што зь беларускага боку тэрыторыя ад аховай зьменшаная амаль на 5 тысяч гектараў, Васіль Арнольбік называе выпраўленьнем памылкі мінулага.

Спадар Арнольбік адзначае, што ў цэлым тэрыторыя, якая мае ўсясьветнае значэньне, вырасла: «У аб’ект увайшла ўся старая пушча з удакладненымі межамі. Узрастае імідж і пазнавальнасьць тэрыторыі. Узрастаюць магчымасьці разьвіцьця турызму».

Польскія тэрыторыі Белавескай пушчы атрымалі статус усясьветнай спадчыны яшчэ ў 1979 годзе, а беларускія — у 1991 годзе.

Белавеская пушча
Белавеская пушча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG