Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчка за назву «Белсат»: другая сэрыя


Міхась Янчук пра новы суд
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:36 0:00

Прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Міхась Янчук пра новы суд

Прэзыдыюм Вярхоўнага суду адмяніў ранейшае рашэньне калегіі Вярхоўнага суду адносна назвы «Белсат», якое было на карысьць тэлеканалу, і адправіў справу на новы разгляд.

Амаль двухгадовая спрэчка за назву «Белсат» паміж уладальнікам тэлеканалу — Польскім тэлебачаньнем і прадпрымальнікам зь Беларусі Андрэем Беляковым, у якой, здавалася, на пачатку году была пастаўленая кропка, атрымала новы працяг. 24 чэрвеня прэзыдыюм Вярхоўнага суду Беларусі адмяніў рашэньне калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасьці гэтага ж суду ад 27 студзеня 2014 году, паводле якога пазоў Андрэя Белякова да «Белсату» быў адхілены, і адправіў справу на новы разгляд. Пратэст падаў першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Аляксандар Федарцоў, які сам і вёў паседжаньне прэзыдыюму. Як заявіў у судзе Андрэй Белякоў, падставай для пратэсту спадара Федарцова стала ягоная наглядная скарга, пра якую, аднак, прадстаўнікі «Белсату» да паседжаньня нічога ня ведалі.

Выказацца на паседжаньні прэзыдыюму далі абодвум бакам. Прадпрымальнік Андрэй Белякоў, які валодае правамі на таварны знак «Белсат» на тэрыторыі Беларусі і дамагаецца, каб яго не выкарыстоўваў польскі тэлеканал «Белсат», даводзіў, што калегія Вярхоўнага суду пры разглядзе пазову не ўлічыла ўсе ягоныя доказы. Просьбу прадпрымальніка Белякова аб адмене рашэньня калегіі ад 27 студзеня гэтага году падтрымаў і прадстаўнік пракуратуры.

Са свайго боку, прадстаўнікі «Белсату» даводзілі сябрам прэзыдыюму Вярхоўнага суду, што тэлеканал мае права выкарыстоўваць назву «Белсат», бо вяшчае не зь Беларусі, а з Польшчы, на тэрыторыі якой беларускія законы ня дзейнічаюць. Адпаведна, лічаць на «Белсаце», Андрэй Белякоў ня мае права на гэтую назву на тэрыторыі Польшчы і ягоныя прэтэнзіі варта прызнаць незаконнымі. 27 студзеня калегія Вярхоўнага суду гэтак і пастанавіла, але сёньня прэзыдыюм Вярхоўнага суду палічыў інакш. На вынясеньне адмоўнага рашэньня хапіла 10 хвілінаў. Прадстаўнікі «Белсату» заўважаюць, што судзьдзі пры разглядзе справы не задалі бакам ніводнага пытаньня.

Прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Міхась Янчук не выключае, што ў справу ўмяшаліся зьнешнія сілы:

Міхась Янчук
Міхась Янчук

«Вельмі дзіўна, што гэтая справа ўзьнікае празь некалькі месяцаў пасьля таго, як па справе ўжо быў вынесены канчатковы прысуд. Нагадаю, што была пададзеная скарга ў парадку нагляду, то бок гэта была апошняя магчымая інстанцыя, калі скаргу разглядае прэзыдыюм Вярхоўнага суду, найвышэйшы орган судовай улады ў Беларусі. Мне падаецца, што ўсё ж такі тут маглі быць задзейнічаныя нейкія зьнешнія сілы, якім нявыгадна, каб Беларусь мела добрую прэсу ў Эўропе і добрыя стасункі з Захадам.

Карэспандэнт: «Якім, на вашу думку, будзе вынік новага разгляду пазову спадара Белякова да „Белсату“?»

«Будзем спадзявацца, што калі-небудзь усё ж такі беларуская Тэміда павернецца тварам і да нас».

Праз 1,5 тыдня бакі атрымаюць пісьмовую пастанову прэзыдыюму Вярхоўнага суду, а ўжо пазьней будзе прызначаны дзень новага разгляду пазову да «Белсату» Андрэя Белякова. Сам прадпрымальнік ад камэнтару адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG