Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка спалохаўся бел-чырвона-белага сьцяга ў Кіеве


Колішні жыхар Жодзіна Зьміцер Гуніч апавёў Радыё Свабода, як беларусы на інаўгурацыі Пятра Парашэнкі ў Кіеве сустракалі Аляксандра Лукашэнку бел-чырвона-белымі сьцягамі.

«Мы прыйшлі са сьцягам і выбралі такую пазыцыю, дзе пад’яжджалі машыны ганаровых гасьцей. Сталі зь бел-чырвона-белым сьцягам і гадалі, прыедзе ён ці не, — кажа Зьміцер Гуніч. — Як толькі Лукашэнка зьявіўся, дзяўчаты пачалі крычаць „Жыве Беларусь!“, а потым „Ганьба!“

Усе кіраўнікі падыходзілі павітаць людзей, якія сабраліся на інаўгурацыю. Ён (Лукашэнка — Р.С.) таксама хацеў гэта зрабіць. Падымае вочы — а тут бел-чырвона-белы сьцяг! Ён засмуціўся, махнуў рукой і хуценька пакрочыў у Сафійскі сабор».

«Некаторыя прысутныя пачалі мякка казаць, што ня трэба гэтага рабіць. Але іншыя пярэчылі: гэта іх права, яны дома ня могуць», — узгадвае Гуніч рэакцыю публікі ля Сафійскага сабору ў Кіеве. — Я ім патлумачыў, што са сьцягам, які вы бачыце, вы і 5 хвілінаў па Менску ня пройдзеце, і што гэта з-за Лукашэнкі такая тыранія 20 гадоў у нас цягнецца. Пасьля такіх тлумачэньняў прыхільнікаў у нас станавілася болей».

На пытаньне, што ён сказаў бы Лукашэнку пры сустрэчы, спадар Зьміцер адказаў:

«Магчыма, не стрымаўся б і нагаварыў бы такіх словаў, якія, ну… не для друку».

Гуніч таксама зьвяртае ўвагу на тое, што «ні СБУ, ні міліцыянты не рабілі нам заўвагі, гэта краіна такая — крычы, што хочаш!»

Зьмітру Гунічу 50 гадоў. Ён страціў свой бізнэс у Жодзіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010-га. Апошнія некалькі гадоў жыве ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG