Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 75 тысяч на Акрэсьціна даюць хлебную катлету і пяць лыжак аўсянкі


Алесь Курэц
Алесь Курэц
Актывіст кампаніі «Ежа замест бомбаў» Алесь Курэц (Бэтмэн), асуджаны на 15 сутак арышту падчас Чэмпіянату сьвету па хакеі, зьбіраецца пісаць скаргу на ўмовы ўтрыманьня ў турме на Акрэсьціна. За 12 сутак арышту ад яго патрабуюць заплаціць 900 тысяч рублёў. Алесь кажа, што яму не давалі пітной вады, толькі тры разы выводзілі на шпацыр, не аддавалі пошту і незаконна забралі сшытак з запісамі. Хлопец, які сам вельмі любіць гатаваць, падзяліўся з Радыё Свабода адметнасьцямі акрэсьцінскага мэню.

Сьняданак

Аўсянка ці сечка. Гарбата. Чорны і белы хлеб.

Гэтая ранішняя гарбата — адзіная вадкасьць, якая выдаецца ўдзень. Пры гэтым ёсьць у правілах унутранага распарадку, што павінны разносіць ваду пітную. Але нікому гэтыя правілы не даюць чытаць і ніхто гэтага ня ведае.

Паміж сьняданкам і абедам праходзіць 5–6 гадзін, і з гэтымі 4–5 лыжкамі аўсянкі дацягнуць да абеду вельмі цяжка, калі няма перадачак.

Абед

Першае: суп розны, але адрозьніваецца насамрэч толькі колерам і колькасьцю капусты.

Другое: аўсянка, бульбянае пюрэ, груца і катлета. Катлетаў было тры віды: рыбная, нейкая маркоўная і тая, што мы называлі «фірмовая» — яна проста з хлеба.

На абед могуць даць салёны гурок. Але, як кажа мой трэнэр, ад гурка мог здарыцца «канфуз».

Паводле правілаў мусяць даваць макароны, рыбу, але гэтага не было.

Вячэра:

Рыс ці груца. Часам дадаюць сырую сасіску. Вось проста ніяк не апрацаваную, пачысьцілі — і закінулі ў талерку.

За 75 тысяч, якія мне трэба за кожны дзень заплаціць, я сабе тут нармальнае чатырохразовае харчаваньне магу забясьпечыць, — кажа Алесь Курэц.

Сярод іншага Алесь у скарзе зьбіраецца адзначыць, што за 15 дзён яго выводзілі на шпацыр тройчы. Прычым працягласьць шпацыраў — ад 15 хвілін да паўгадзіны.

Падчас апошняга «шмону» ў хлопца зьнік сшытак, у якім ён рабіў прыватныя запісы:

«Вершы, песьні пісаў, нейкія свае думкі. Яны (супрацоўнікі турмы. — Рэд.) прыходзілі менавіта па яго, бо ў кожнай камэры ёсьць „камэра“ — „вочка“, і яны могуць бачыць, што адбываецца. І яны ведалі, дзе сшытак знаходзіцца, бо не было пасьля ніякага беспарадку — усе рэчы мае ахайна ляжалі. А я заўважыў, што сшытак зьнік, толькі калі вярнуўся дадому і хацеў сябрам распавесьці прыколаў розных, якія запісаныя там былі, але сшытка не знайшоў».


17 траўня Аляксандра Курца затрымалі празь некалькі гадзін пасьля акцыі па раздачы ежы бяздомным. Канфіскавалі майкі, календары і ўлёткі «антыўрадавага зьместу». І прысудзілі 15 сутак арышту.

Алесю 27 гадоў. Ён прыватны прадпрымальнік. Усталёўвае плястыкавыя вокны і вітражы. Актывіст кампаніі «Ежа замест бомбаў», удзельнік Моладзевага праваабарончага руху і руху «Моладзь супраць расізму і нецярпімасьці», займаецца назіраньнем за масавымі мерапрыемствамі.

«Я займаюся паўэрліфтынгам. Пішу песьні, вершы, асьветай займаюся па тэме антыфашызму. Кніжак шмат чытаю, вельмі люблю гатаваць, люблю, калі да мяне сябры прыходзяць у госьці, іх частаваць. Але цяпер часу мала», — дадае пра сябе Алесь.

Ён кажа, што затрымалі яго менавіта за ўдзел у акцыі «Ежа супраць бомбаў». А вось 15 сутак атрымаў за тое, што пры асабістым аглядзе ў РУУС у яго ў заплечніку знайшлі майкі, каляндарыкі і налепкі з выявамі палітвязьняў.

«На мяне адразу аформілі пратакол паводле артыкула 17.1 „Хуліганства“. Кшталту — я лаяўся матам», — кажа Алесь.

На судзе адвакат выявіла ў справе Курца шматлікія недакладнасьці, але гэта не перашкодзіла адправіць хлопца на 15 сутак.
У судзе толькі высьвятляецца, на колькі ты заедзеш на ЦІП. Наколькі моцна ты стаіш косткай у дзяржавы ў горле — на 10, на 15 ці на 25 сутак


«Суд — гэта цырк. Я да гэтага хадзіў на паседжаньні, каб падтрымаць людзей. Бачна, што сьведкі нясуць лухту, якая дрэнна завучаная, і часта памыляюцца. Дакумэнты, што падшываюцца ў справы, складзеныя з памылкамі. У мяне была позва ў суд на 23 жніўня 2013 году. Я, вядома, адмовіўся яе падпісваць, але там усе паперы былі такія, — распавядае Алесь. — У судзе толькі высьвятляецца, на колькі ты заедзеш на ЦІП. Наколькі моцна ты стаіш косткай у дзяржавы ў горле — на 10, на 15 ці на 25 сутак».

На Акрэсьціна, — распавядае Курэц, — не сустракаў ніводнага «палітычнага», якому б далі менш за 10 сутак.

«А вось «сапраўдныя» людзі, якія бухаюць ці яшчэ што такое, ужо на 3—4—5 сутак заяжджаюць. Калі кажаш, што табе 15, то ўжо адразу зразумелі — «палітычны».

Алесь Курэц 10 сутак адседзеў у «паўлюксе» на два месцы зь вядомай ужо медыяпэрсонай — «Патрыкам з Конга», які чакае дэпартацыі на радзіму. Паводле інфармацыі хлопца, Патрыка, які правёў на Акрэсьціна каля 11 месяцаў, адправілі ў Навінкі.

«Цемнаскуры хлопец ці дзядзька. Але мы зь ім ніяк не кантактавалі. Ён ужо закрыўся, ні з кім не размаўляў, нічога не рабіў. Ці ляжаў, ці сядзеў на ложку. Ад лазьні і прагулак адмаўляўся. Часам і ад ежы. Ніяк не ішоў на кантакт. Па ім было бачна, што ён на мяжы. У вачах такая апатыя была — чалавек ня ведаў, што зь ім будзе».

Апошнія пяць сутак Алесь правёў у камэры на пяць месцаў з «алькаголікамі» і «наркаманамі».

«Адзін хлопец з маёй камэры, яго вазілі ставіць на ўлік у ЛТП на Гастэлы, 1, распавядаў, што туды людзей пачкамі возяць. Толькі з Маскоўскага раёну туды прывезьлі 20 чалавек у адзін дзень. Цяпер зьмяніліся правілы: два папярэджаньні — і адпраўляюць у ЛТП без заявы родных».

Апроч кандыдатаў у ЛТП, кажа Алесь, было шмат замежнікаў, якіх рыхтавалі на дэпартацыю.

«Дастаткова было так званых „палітычных“, каго вязалі перад чэмпіянатам сьвету і падчас яго. Было шмат прастытутак, бо калі я „заяжджаў“, стаяў іх абутак са шпількамі ў калідоры. І было ўсё ж такі шмат замежнікаў.

Апошнія дні, як я сядзеў, шмат заводзілі людзей ужо зусім экзатычнай зьнешнасьці. Я сам бачыў людзей, падобных да індусаў, пакістанцаў... Апошнія два дні на нашым паверсе мы чулі, як тры разы на дзень зь нейкай камэры нехта чытае намаз», — распавядае Алесь.

Разам з адвакатам Курэц напісаў касацыйную скаргу на рашэньне судзьдзі. Ён перакананы, што затрымаць падчас чэмпіянату хацелі менавіта яго. Увага да актывістаў кампаніі «Ежа замест бомбаў» з боку міліцыі і спэцслужбаў ёсьць заўжды. Што так не падабаецца ўладзе ў тым, што маладыя людзі раздаюць ежу бяздомным, Алесь тлумачыць так:

«Самі яны патлумачыць ня могуць. Тыя, хто разганяе, кажуць, што гэта непрыгожа. Маё меркаваньне: улада баіцца любых нізавых ініцыятываў, якія могуць існаваць без герархіі і працяглы час, нікому не падпарадкоўвацца. І рабіць тую справу, якую мусіць рабіць дзяржава. Гэта як бы бунт на караблі».

«Ежа замест бомбаў» — кампанія, арганізаваная незалежнымі моладзевымі групамі, якія выступаюць супраць мілітарызму і беднасьці. Маладыя людзі раздаюць ежу бяздомным. Першая такая акцыя ў Менску прайшла ў 2005 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG