Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З бэрлінскім радыё ў вушах


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Як на мяне, паміж Пуціным і Гітлерам нічога агульнага. І брытанскі прынц, якому перамылі косткі, меў на ўвазе зусім не партрэтнае падабенства, а дзеяньні двух правадыроў. Хоць кожнае гістарычнае параўнаньне ня можа быць дакладным, але лёгіка ўчынкаў – вельмі падобная.

Цяпер я чытаю кнігу Мілены Ясенскай, якую кахаў Франц Кафка (шырока вядомыя яго «Лісты да Мілены»). Яна была вядомай журналісткай і пакінула надзвычай падрабязную газэтную хроніку здачы Чэхаславаччыны Гітлеру. Сама загінула пазьней у Равэнсбруку, а тэксты былі сабраныя нядаўна пад адной вокладкай з назвай «Вышэй за нашы сілы».

Дык вось сьведчаньне зь першых рук ад Мілены Ясенскай. Праз паўгода пасьля прыходу Гітлера да ўлады з другога боку мяжы была створаная партыя судэцкіх немцаў, якую ўзначаліў 35-гадовы Конрад Генлейн. Неўзабаве ў школах моладзь сьпявала гітлераўскія гімны і на кожным кроку салютавала «хайль!» Калі ўлада паспрабавала забараніць нямецкія нацыяналістычныя арганізацыі, паплечнікі Генлейна цалкам засяродзіліся на працы з моладзьдзю, яе вучылі ненавідзець чэхаў і тых немцаў, хто ўцякае ад Гітлера. Вучылі, што ўсе немцы абавязаныя любіць толькі аднаго дзяржаўнага мужа, які «вызваліць судэцкую зямлю: без вайны, бяз гвалту, папросту прыйдзе, а яны павітаюць яго выцягнутай правай рукой», і аддадуць яму ў дарунку ўсю гэтую «прыгожую краіну».

У 1938-м шапталіся, што прыйдзе «вызваліцель» у сакавіку, затым – што ў наступным месяцы, але ўрэшце было вырашана перанесьці дату аншлюсу на 30 траўня. Актывісты Генлейна гаварылі: нам бы толькі пару забітых, каб пралілася кроў, і ўсё пойдзе як па масьле! І тады Прага ўвяла ў Судэты армію, каб запабегчы мецяжу, які генлейнаўцы рыхтавалі, каб падтрымаць вэрмахт. Мілена Ясенская пісала, што гэта ацьверазіла насельніцтва, на вуліцах адразу перасталі вітацца на гітлераўскі капыл і дэманстраваць сваю нямецкасьць, у тым ліку ў адзеньні.

Аднак Судэты апошнія гады жылі ў атмасфэры страху і маральнага тэрору: немцы, якія мелі антыфашысцкія погляды, былі ў чорных сьпісах у генлейнаўцаў. Іх выганялі з працы, не хацелі прадаваць прадукты і лекі, за імі сачылі. Дзеля гэтага шырока выкарыстоўваліся школьнікі. Яны дзяжурылі ад адкрыцьця да закрыцьця каля крамаў, цырульняў, аптэк, і каля дамоў — занатоўвалі, хто каго наведвае. Школьнікі абавязаныя былі таксама даносіць настаўнікам на сваіх бацькоў, якія не вылучаліся прафашысцкімі поглядамі: аб чым яны гавораць дома, якую прэсу чытаюць? Выпісваць нефашысцкія газэты было небясьпечна. Хаця школы зьяўляліся дзяржаўнымі, усе настаўнікі ўдзельнічалі ў генлейнаўскіх маршах. Вярнуўшыся з заняткаў, дзеці заяўлялі бацькам: «Мама, ты ня немка! А бацька – вораг народу!», аб гэтым журналістка пісала 1 чэрвеня 1938-га. «Таямніцы ўсіх дамоў ляжаць перад настаўнікам як на далоні. І бацькі. Апроч сваіх працадаўцаў, суседзяў і крэўных, баяцца ўласных дзяцей», канстатавала яна.

Насельніцтва пастаянна слухала бэрлінскае радыё, выступы Гітлера і Гэбэльса. Чэхаславацкі ўрад у адказ стварыў паўгадзінную перадачу на нямецкай мове, але «нудную і нястраўную», пісала Ясенская. Пазьней у Празе пачала працаваць радыёстанцыя на нямецкай мове, але ў судэцкай прэсе аб ёй нават не ўспаміналі.

Чэхаславацкі ўрад дадумаўся забараніць увоз прэсы зь Нямеччыны. Але, зазначала Мілена Ясенская, гэта ня мела значэньня, паколькі «ў Чэхаславаччыне выходзіць столькі нацысцкіх газэт, што памежжа імі запоўненае». У іх абавязкова, як мясцовы фюрэр, Генлейн, на здымках лес рук у фашыстоўскім павітаньні, гітлераўскія сьцягі.

Вельмі цяжка стала ў Судэтах таксама чэхам і габрэям, пісала журналістка, прыводзячы мноства прыкладаў цкаваньня з боку прафашысцкай нямецкай большасьці, якая панавала. У крамы да іх не заходзілі, да дактароў не зьвярталіся пацыенты. Судэты напаткала нацыянальная нянавісьць, зазначала праская журналістка. Нямецкія дзеці па дарозе ў школу крычалі сваім равесьнікам «чэскія сабакі!» Цэлая вобласьць, будучы часткай Чэхаславаччыны, ненавідзела сваю краіну, чэхаў і іхную мову. Гэтая вобласьць жыла ў атмасфэры «арганізаванага страху», «у стане псыхапатычнай апантанасьці», пісала Ясенская.

Канечне, у Крыме адбывалася інакш і – хутчэй – папросту маланкава. Абапіраючыся на настроі «крымскіх землякоў», якія раптам агучылі маскоўскія рупары, на іхную «настальгію па радзіме», Пуцін прыняў рашэньне аднаасобна, не адкладаючы «ў доўгі яшчык». Хуценька толькі правялі незаконны і сумнеўны рэфэрэндум аб далучэньні чужой тэрыторыі да сваёй.

Гітлеру давялося некалькі месяцаў ціснуць на заходнія краіны, каб не перашкаджалі яму забраць Судэты і сьледам скасаваць Чэхаславаччыну. Як вядома, пасьля анэксіі Крыму пачалася актыўная дэстабілізацыя на паўднёва-ўсходніх абшарах Украіны. Так што: адрознасьць паміж Судэтамі і Крымам, безумоўна, існуе, ня можа не існаваць.

І яшчэ адно цікавае параўнаньне: у Крыме колькасьць адпачыньнікаў катастрафічна ўпала. А вось што пісала Мілена Ясенская наконт Карлавых Вараў. Пасьля прафашысцкага выступу Генлейна ў гэтым курортным месцы ўвесну 1938-га, быў сарваны аздараўленчы сэзон. Журналістка паведамляла ў чэрвені чытачам, што на шаснаццаць дамоў адпачынку толькі дзевяць пастаяльцаў. У вялікім нямецкім гатэлі на шэсьцьдзесят нумароў занятыя толькі тры. Заўсёды запоўненыя ў сэзон рэстарацыі цяпер пустыя, у крамах няма пакупнікоў. У Карлавых Варах і ваколіцах наступіла істотнае беспрацоўе: паслугі кельнэраў, пакаёвак, парцье, садоўнікаў, прыбіральшчыц больш непатрэбныя.

Мілена Ясенская пакінула сьціслы, але надзвычай запамінальны дзёньнік за верасень 1938 году, калі вырашаўся лёс Чэхаславаччыны. Па-першае: яна апісала, што рабілася на вуліцах Прагі, настроі, паводзіны людзей, якім спачатку далі зразумець, што краіна падначаліцца Гітлеру, ягоным жаданьням, затым – што ўсё ж абвяшчаецца мабілізацыя, 23 верасьня а 21-й гадзіне. Па-другое: журналістка вельмі коратка занатавала сэнс новых паведамленьняў, якія прыходзілі то з Бэрліну, то зь Лёндану і Парыжу. Напрыклад, гэта: «4 верасьня. Бэрлін: Чэхаславаччына, суседняя дзяржава, зьяўляецца пробным прыкладам «мірнай эўрапейскай рэвізіі». Наступная: Чэхаславаччыне прапануецца «пазбыцца памежных тэрыторый, населеных людзьмі іншай нацыянальнасьці», каб яна стала больш «аднароднай» краінай.

Чэскі амбасадар у Парыжы выказаўся зусім у стылі «Працэсу» Кафкі: «Маю айчыну паставілі перад судом і асудзілі, хоць яна нават не была выкліканая ў суд. Адзін з нашых суседзяў паехаў да Гітлера, каб спытаць пра ягоны погляд, але нас пра наш погляд не спытаў ніхто». Францыя трымалася адносна Чэхаславаччыны больш пачціва, Англія – інакш, але вынік быў прадвызначаны. «New York Post» тады напісала, што здача Чэхаславаччыны Гітлеру на ахвяру «нават з адлегласьці трох тысяч міляў выглядае найбольшай здрадай, якую толькі бачыў сьвет».

Урокі гісторыі, канечне, навучыць ня могуць, але вяртацца да іх варта, бо яны відавочныя, яны на паверхні. Як у Судэтах выкарыстоўваліся чужыя дзяржаўныя сьцягі і сымболіка, так здарылася ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны. Ролю бэрлінскага радыё ў сёньняшніх умовах выконвае маскоўскае тэлебачаньне. Без агрэсіўнай прапаганды і асабістай волі правадыроў не было б анэксіі Судэтаў і наступнай Другой сусьветнай вайны, а ў нашы дні – анэксіі Крыму і цяперашняй вайны ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG