Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль паміж краінамі Мытнага саюзу ўпаў на 13%


За год аб’ём узаемнага гандлю паміж краінамі Мытнага саюзу (МС) Расеі, Казахстану і Беларусі скараціўся амаль на 13 працэнтаў.

Як паведамляе расейская газэта Коммерсантъ, у Эўразійскай эканамічнай камісіі гэта тлумачаць зьніжэньнем цэнаў на нафту, ростам энэргаэфэктыўнасьці і лякалізацыі машынабудаваньня ў Казахстане, чакаючы, што па выніках году «сытуацыя будзе іншай».

У першым квартале 2014 году аб’ём гандлю таварамі паміж краінамі Мытнага саюзу ў гадавым вымярэньні скараціўся на 12,6%. Без уліку паліўна-энэргетычных тавараў, на долю якіх прыпадае 32,9%, паказчык зьменшыўся на 9,2%. Узаемны гандаль паміж Расеяй, Казахстанам і Беларусьсю асеў прыкметна мацней, чым з вонкавым сьветам (—2,1%).

З моманту запуску ў ліпені 2011 году адзінай мытнай прасторы бурны рост таваразвароту паміж краінамі МС назіраўся толькі ў першым квартале 2012 году — на 21%, забясьпечыўшы 7,5% па выніках году. Але ён быў кампэнсаваны амаль двухгадовым падзеньнем: у параўнаньні зь першым кварталам 2011 году аб’ём узаемнага гандлю ў першым квартале 2014-га скараціўся на 0,03%.

Правал ва ўзаемных апэрацыях у першым квартале 2014-га можа часткова тлумачыцца агульным падзеньнем інвэстыцыйнага і спажывецкага попыту ў Расеі. Статыстыка дэманструе, што ў першым квартале расьлі толькі ўзаемныя пастаўкі паміж Беларусьсю і Казахстанам — на 12,8%, аднак іх доля ў агульным гандлі ўнутры МС складала ўсяго 1,5%. Гандаль жа паміж Казахстанам і РФ асеў на 13% (яго доля 30,8%), а РФ і Беларусі — на 7,3% (доля 67,7%).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG