Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы возяць у Беларусь малако і тварог, каб выжываць


На беларуска-ўкраінскай мяжы зацішша
На беларуска-ўкраінскай мяжы зацішша

Рэвалюцыйныя падзеі ва Ўкраіне адбіліся й на цывільных стасунках людзей на памежжы. Беларусы, якія звыклі езьдзіць на закупы ў суседні з Гомелем Чарнігаў, пакуль асьцерагаюцца гэта рабіць. Рэпартаж з памежнай вёскі Новая Гута Гомельскага раёну.

У зімовы час жыхары памежных раёнаў і без таго ня надта часта выпраўляюцца ва Ўкраіну, як, дарэчы, і ўкраінцы ў Беларусь. Аднак памежны пераход Новая Гута цяпер, па сутнасьці, пустуе. Рэдкія машыны і аўтафуры кіруюцца ва Ўкраіну. Гэтаксама і з Украіны ў Беларусь

Памежнікі без дазволу начальства ніяк не камэнтуюць пасажырскі паток.

У прыватнай размове, аднак, згадваюць, што і без таго слабы зімовы рух празь мяжу яшчэ больш замарудзіўся.

На памежным пераходзе цяпер часьцей убачыш пешахода ці чалавека на ровары, чымсьці аўтобус ці аўтамашыну.

Двое ўкраінцаў з валізамі толькі што пехатой перайшлі беларускую мяжу.

Абодва яны з Чарнігава. Кажуць, што кіруюцца ў Гомель па прыватных справах. Іх давезьлі да ўкраінскага пераходу «Новыя Ярылавічы». Украінскую і беларускую межы яны адолелі пешшу і цяпер кіруюцца на аўтобусны прыпынак «Новая Гута».

Украінец Валер: «У Чарнігаве зусім няма ніякіх праблемаў. Можна спакойна ехаць і нічога не баяцца. Учора ўночы хадзіў па горадзе — нікога ня бачыў. І ніхто ў нас не расказвае нават пра якіясьці банды ці ўзброеных людзей. Такога няма. Сытуацыя толькі ў Крыме напружаная, наколькі я ведаю».
У Чарнігаве зусім няма ніякіх праблемаў. Можна спакойна ехаць і нічога не баяцца

Суразмоўца кажа, што парадак у Чарнігаве забясьпечвае міліцыя, але яе цяпер значна менш на вуліцах. Іншыя службы, якія даўно здабылі сабе нядобрую славу хабарнікаў, цяпер наагул не відаць:

«Міліцыя працуе, але яе значна менш. Напрыклад, супрацоўнікаў ДАІ наагул ня бачна. І гэта добра! І вы ведаеце, чаму».

Падарожнікі заўважылі: на шашы Чарнігаў — Гомель дужа мала транспарту:

«Дужа мала машын. Трохі больш — аўтафураў. Легкавікоў вельмі мала. Відаць, баяцца. Але баяцца ня трэба. Асабліва да Чарнігава можна ехаць спакойна».

Спадарожнік Валера спадар Уладзімер дадае, што жыхары абедзьвюх краінаў глядзяць тэлевізар і многія робяць свае высновы:

«Глядзяць тэлевізар і мяркуюць, што ня трэба ехаць і нарывацца на нейкія непрыемнасьці. Лепей дома даражэй купіць ці зьезьдзіць потым — адкласьці паездку на год, паўгода ці месяц, а ня зараз, калі абвастрылася сытуацыя ва Ўкраіне. Апрача таго, цяпер не курортны сэзон. Тут справы такія яшчэ з валютай. Даляр вырас: учора ён каштаваў ужо 10 грыўняў 50 капеек. Але перамены будуць!»
Толькі з таго і жывём, што трымаем багата кароў і возім якое-кольвечы малако ды тварог у вёскі і на лецішчы ў Беларусь

Празь мяжу на ровары мужчына сталага веку вязе балён для звадкаванага газу. У супрацьлеглым напрамку, таксама на ровары, едзе жанчына з валізамі.

Украінка вязе на ровары ў беларускую Новую Гуту малако ды тварог. На продаж. Кажа, што рэвалюцыя рэвалюцыяй, а дзяцей карміць трэба сёньня, бо працы ў памежнай украінскай вёсцы як не было, так і цяпер няма:

«Толькі з таго і жывём, што трымаем багата кароў і возім якое-кольвечы малако ды тварог у вёскі і на лецішчы ў Беларусь. Працы ў нас няма — усё развалена».

Украінка пакуль у паняверцы: ці здолее новая ўлада забраць у вышэйшых чыноўнікаў нарабаванае ў народу дабро і перадаць у бюджэт? Ніхто яе не пераканаў, што гэта будзе зроблена абавязкова:

«Вось каб яны ўсё гэта забралі, прадалі ды ў бюджэт грошы вярнулі! Але ж гэтага, я думаю, ня будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG