Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 сьнежня ў каталікоў, уніятаў і пратэстантаў — пярэдадзень Божага Нараджэньня


Богаслужэньне на Раство. Архіўнае фота
Богаслужэньне на Раство. Архіўнае фота

Беларускія каталікі, уніяты і пратэстанты сустракаюць адно з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў — Нараджэньне Хрыстова. Напярэдадні Божага нараджэньня ў менскіх храмах пабывала Галіна Абакунчык.

24 сьнежня ад раніцы ў храмах — апошнія набажэнствы на завяршэньне Адвэнту, перадсьвяточнага радаснага посту. Таксама — раратныя малітвы, якія адбываюцца на золку ў пэрыяд чаканьня Божага Нараджэньня. У менскай парафіі Маці Божай Ружанцовай рараты распачаліся а 6:45 з удзелам ня толькі дарослых, але і дзяцей:

Карэспандэнтка: «Колькі табе гадоў?»

Дзяўчынка: «Дзесяць».

Карэспандэнтка: «Упершыню прыйшла на рараты?»

Дзяўчынка: «Не, не ўпершыню. Я яшчэ летась хадзіла і сёлета таксама».

Карэспандэнтка: «Ня цяжка гэтак рана ўставаць?»

Дзяўчынка: «Цяжка».

Карэспандэнтка: «Чаму тады ўстаеш?»

Дзяўчынка: «Бо тое, што ты ідзеш на рараты, — гэта ахвяра».

Карэспандэнтка: «А дзеля чаго патрэбная гэтая ахвяра?»

Дзяўчынка: «Яна патрэбная дзеля таго, што ты прысьвячаеш сваю душу Пану Богу. Ты даказваеш, што табе нічога не шкада дзеля Пана Бога. І яшчэ гэта Адвэнт — калі мы „сьціраем“ свае грахі. Гэта калі ты нечага моцна хочаш, але адмаўляесься ад гэтага дзеля Пана Бога».

Пярэдадзень Божага нараджэньня для людзей дарослых — традыцыйны час апошняй падрыхтоўкі да сьвята — духоўнай, маральнай і матэрыяльнай. Адметнасьць жа беларускіх Калядаў тая, што часта іх супольна сьвяткуюць і праваслаўныя, і каталікі. Размаўляю зь людзьмі:

Спадарыня: «Як заўжды: зьбіраемся сям’ёй, накрываем на стол — 12 страваў абавязкова, чакаем першай зоркі, молімся, а затым ідзем да касьцёла. Ну, а калі вяртаемся, то дзеці атрымоўваюць чаканыя падарункі».

Карэспандэнтка: «Вы ў сям’і з жонкай за кампанію сьвяткуеце ці самі шануеце гэтае сьвята?»

Рараты

— адмысловыя сьвятыя Імшы ў пэрыяд Адвэнту. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая сьпяваецца ў пэрыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі зьяўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае. Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касьцёле пагашана сьвятло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў сьвятыню, асьвятляючы змрок... (pijary.info)

Спадар: «Я праваслаўны быў, але цяпер у сям’і сьвяткую разам з жонкай і дзецьмі каталіцкія Каляды».

Карэспандэнтка: «Падарункі рыхтуеце?»

Спадар: «Так, ёсьць такое».

Карэспандэнтка: «А самі чаго чакаеце ў падарунак?»

Спадар: «Чакаю, каб дзеці былі паслухмянымі, і больш нічога мне ня трэба».

Напярэдадні сьвята Божага Нараджэньня вернікі ўсіх парафіяў разносяць па сваіх дамах Сьвятло Хрыстова — агонь, запалены ў базыліцы Нараджэньня Пана ў Бэтлееме — як сымбаль народжанага Хрыста. Па традыцыі яго дастаўляюць у Беларусь беларускія скаўты. Адна з валянтэрак — Наста Харкевіч:

«Бэтлеемскі агонь у Беларусь прыбывае чатырнаццаты раз, але я яго дастаўляю чацьвёрты год. І кожны раз — гэта новыя эмоцыі, новыя пачуцьці. Гэты год быў для мяне асаблівы таму, што я ня толькі ў Менску сустракала і прымала агонь, але і развозіла па іншых гарадах Беларусі. Учора мы былі ў Лідзе, у Наваградку, у Нясьвіжы і ў Баранавічах. Пасьля ў нунцыятуру адносілі агонь, у катэдру і ў Чырвоны касьцёл, а вось зараз — у сваю родную лошыцкую парафію. Гэта радасьць чаканьня сьвята, а таксама разуменьне, што ты дзелісься ня толькі Бэтлеемскім, але Божым агнём з многімі людзьмі».

Сьвята Божага нараджэньня — гэта яшчэ і падсумаваньне пражытага за мінулы год, які блізкі да завяршэньня. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч назваў яго годам двух пап і 400-гадовага юбілею ў Будславе. Таксама арцыбіскуп заклікаў людзей не забывацца на сутнасьць сьвята:

«Мы занятыя падрыхтоўкай да гэтага сьвята — падарункі, ялінкі, ясьлі і гэтак далей. Але сутнасьць нашага сьвята — у тым, каб Езус нарадзіўся сваёю ласкай у нашых сэрцах і нашых душах. І таму я жадаю вам, дарагія браты і сёстры, услухацца ў стук касьцёла — празь яго навучаньне — у дзьверы нашых сэрцаў. Каб не было так, як у Бэтлееме, калі Езусу не хапіла месца ў гатэлі. Каб мы адчынілі нашыя сэрцы, нашыя душы для яго, каб ён там нарадзіўся. Каб нашыя сэрцы сталіся Бэтлеемам нашага часу».

Бліжэй да поўначы ў касьцёлах распачынаюцца пастэркі, якімі і абвяшчаецца Нараджэньне Хрыста. Галоўная імша сёлета адбудзецца ў Чырвоным касьцёле Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG